Мітынг-рэквіем «Дзяды» 30 кастрычніка 1988 года

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мітынг-рэквіем «Дзяды»
Дата 30 кастрычніка 1988
Месца Мінск, Беларусь

Мітынг-рэквіем «Дзяды» адбыўся 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску, быў разагнаны міліцыяй.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ініцыятарамі правядзення мітынгу выступілі арганізацыі, якія на той час называлі «нефармаламі». На хвалі «перабудовы» яны займаліся пытаннямі рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, літаратуры, а таксама абароны навакольнага асяроддзя, паступова, аднак, пераходзячы да палітычных пытанняў.

Першая значная акцыя па адзначэнні Дзядоў у Беларусі адбылася ў 1987 годзе ў Мінску ў парку імя Янкі Купалы, ладзілі яе моладзевыя суполкі — «Тутэйшыя», «Талака». 29 кастрычніка 1987 споўнілася 50 гадоў з часу расстрэлу вялікай групы беларускай інтэлігенцыі. Таму разам з аднаўленнем народнай традыцыі арганізатары мелі на ўвазе і антысталінскі (і нават антысавецкі) падтэкст[1].

Арганізацыю мітынгу-рэквіему ў 1988 годзе ўзяло на сябе Таварыства маладых літаратараў пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі «Тутэйшыя» на чале з Алесем Бяляцкім. 14-17 кастрычніка 1988 года Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс звярнуліся ў выканаўчыя камітэты раённых Саветаў народных дэпутатаў і ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, каб атрымаць дазвол на правядзенне шэсця і гістарычна-літаратурнага беларускага свята-мітынгу «Дзяды», на якім меліся ўшанаваюць памяць продкаў.

Арганізацыяй мітынгу заняліся таксама новаствораныя 19 кастрычніка 1988 года «Мартыралог Беларусі» і аргкамітэт па стварэнні Беларускага Народнага Фронта пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка. Падрыхтоўка адбываліся ў новай інфармацыйнай атмасферы, пасля публікацыі тэксту Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Такім чынам асноўным акцэнтам гэтых Дзядоў мела стаць ушанаванне памяці і адкрыццё праўды пра рэпрэсіі.

24-25 кастрычніка ўладамі былі дадзены адмовы ў правядзенні мітынгу (афіцыйнае рашэнне Мінгарвыканкама надрукаваў «Вячэрні Мінск»). Ініцыятары мітынгу былі выкліканы 26 кастрычніка ў пракуратуру Мінска, дзе іх афіцыйна папярэдзілі аб магчымым парушэнні заканадаўства. Арганізатары тым часам наладзілі інфармаванне пра будучую акцыю, выкарыстоўваючы ў т.л. распаўсюджванне ўлётак (28 кастрычніка за такое распаўсюджванне быў затрыманы Алесь Пушкін).

Падзеі 30 кастрычніка[правіць | правіць зыходнік]

Улады, кінулі вялікія сілы з мэтай недапушчэння правядзення мітынгу. Для нясення службы 30 кастрычніка былі задзейнічаны 600 міліцыянтаў не толькі Мінскага гарнізона, але і курсанты навучальных устаноў МУС СССР, 30 міліцэйскіх, а таксама 2 пажарных машыны.

У дзень акцыі ўлады спынілі рух двух апошніх станцыяў метро, і яе ўдзельнікі мусілі гэтыя дзве станцыі ісці пехатой.

Кульмінацыя падзей 30 кастрычніка 1988 года здарылася пасля 14 гадзін ў раёне сквера па вул. Каліноўскага (каля Маскоўскіх могілак). Грамадзяне, што крочылі каб адзначыць Дзень памяці продкаў ва ўрочышчы Курапаты, былі жорстка разагнаны міліцыянтамі, якія выкарыстоўвалі газ «чаромха», а таксама гумавыя дубінкі. Затрымалі 72 чалавекі. Разгон мітынгу непасрэдна курыраваў тагачасны міністр унутраных спраў БССР Віктар Піскароў.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Ініцыятары мітынгу ўсю віну за разгон узлажылі на ўлады, назваўшы гэта праявай сталінізму. Разгон акцыі быў негатыўна ўспрыняты многімі творчымі саюзамі, прадстаўнікамі інтэлігенцыі. Прававую ацэнку падзеям 30 кастрычніка 1988 г. дала адмыслова створаная камісія на чале са Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгіем Таразевічам. Вынікам дзейнасці камісіі стала пастанова Прэзідыума ад 14 лістапада 1988 г., у якой арганізатары мітынгу вінаваціліся ў тым, што жадалі выкарыстоўваць шэсце ў мэтах, якія не маюць нічога агульнага з рытуалам памінання, нягледзячы на атрыманую забарону.

30 кастрычніка 1988 года прайшоў першы ў найноўшай гісторыі Беларусі масавы мітынг, арганізаваны «знізу». Аднак падзеі пацвердзілі, што кіраўніцтва КПСС не мела намеру занадта аслабляць кантроль над грамадствам. Адносіны паміж уладамі і нефармальным, альтэрнатыўным рухам у Беларусі перайшлі ў стадыю адкрытай варожасці.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]