Рыгор Іванавіч Кійко
Рыго́р Іва́навіч Кійко́ | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | Рыго́р Іва́навіч Кійко́ |
Дата нараджэння | 27 чэрвеня 1951 |
Месца нараджэння | Цалуйкава, Луганская вобласць |
Дата смерці | 2 кастрычніка 2014 |
Месца смерці | Мінск, Беларусь |
Грамадзянства | Беларусь |
Адукацыя | мастак |
Веравызнанне | каталік |
Партыя | |
Род дзейнасці | палітык |
Жонка | Алена |
Дзеці | Алена, Наталля |
Рыго́р Іва́навіч Кійко́ (нар. 27 чэрвеня 1951, вёска Цалуйкава Луганскай вобласці, Украінская ССР — 2 кастрычніка 2014, Мінск, Беларусь) — беларускі мастак, ветэран партыі БНФ , адзін з ініцыятараў стварэння мемарыялу ў Курапатах, сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнічаў ў працы мастацкай суполкі «Пагоня», палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся у в. Цалуйкава Луганскай вобласці Украіны ў настаўніцкай сям’і. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. У 1980 г. Р. Кійко скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці мастак-кераміст.
У партыі БНФ ад моманту ўтварэння руху і партыі. Пасля расколу БНФ у 1999 г. — сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
Удзельнічаў у першай масавай акцыі дэмакратычнай апазіцыі ў мітынгу-рэквіеме Дзяды 30 кастрычніка 1988 г.
Каталік. Пэўны час працаваў бібліятэкарам у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.
У 1997 г. у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску была выстава творчасці Рыгора Кійко «Беларускі космас».[2]
Храналогія пераследу
Неаднойчы затрымліваўся міліцыяй. У1996 г. Р. Кійко быў асуджаны на восем сутак зняволення за ўдзел у пікеце каля СІЗА-1 у падтрымку грамадзян Украіны, затрыманых у Мінску падчас Чарнобыльскага шляху.
1 красавіка 1997 г. Р. Кійко быў зняволены і абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяннях падчас святкавання Дня Волі 23 сакавіка 1997 г., якое вылілася ў той дзень у сутычкі з міліцыяй. Агулам па справе Дня Волі-97, акрамя Р. Кійко, праходзілі ў якасці абвінавачаных яшчэ 4 чалавекі: Уладзімір Лыско, Анатоль Сарокін, Алесь Коваль, Алесь Бондараў. Неўзабаве справу перакваліфікавалі і ўсіх затрыманых абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і актыўным удзеле ў іх.
Утрымліваўся ў мінскім СІЗА №1 тры месяцы, у ліпені 1997 г. быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
Суд пачаўся 30 кастрычніка 1997 г. Асуджаны 16.12.1997 г. па арт. 186 і 187 КК РБ за «супраціўленне супрацоўнікам міліцыі» і «агрэсіўныя дзеянні з мэтай прынясення шкоды» да двух гадоў абмежавання волі з прымусовымі працамі. Да такога ж тэрміну пакарання быў асуджаны У. Лыско. А. Бондараў, А. Коваль і А. Сарокін былі асуджаныя на два гады выпраўленчых прац па месцы працы з утрыманнем 20% заробку.[3]
Адбываў пакаранне ў Зэмбінскай спецкамендатуры, каля г. Барысаў. Працаваў фізічна ў калгасе, затым мастаком на Барысаўскім мастацкім камбінаце.
26 студзеня 1999 г. выйшаў на волю.
Быў прызнаны Amnesty Internatoinal вязнем сумлення.
Працягваў палітычную дзейнасць. На Дзень Волі ў 2000 годзе быў жорстка затрыманы ў цэнтры Мінска разам з жонкай і дачкой Наталляй.[4]
У 2001 г. быў удзельнікам лагеру абароны Курапатаў, адзін з аўтараў народнага мемарыялу «Алеі крыжоў». Вырабляў драўляныя крыжы і ставіў іх, браў удзел у акцыях пратэсту супраць пашырэння аўтамагістралі, якая праходзіць праз некропаль. 8 лістапада 2001 г. быў моцна збіты АМАПам у лагеры абаронцаў Курапатаў, затрыманы разам з дачкой Ліліяй і асуджаны на штраф. Стала займаўся і далей мемарыялізацыяй Курапатаў.
27 ліпеня 2003 г. сябры арганізацыі «Зубр» праводзілі на плошчы Незалежнасці несанкцыянаваны пікет у гонар 13-й гадавіны падпісання Дэкларацыі незалежнасці Беларусі. Пад час затрымання супрацоўнікамі міліцыі удзельнікаў пікету Р. Кійко выходзіў у гэты час з касцёлу св. Сымона і Алены і кінуўся іх бараніць. У выніку, ён быў таксама затрыманы.[5]
Р. Кійко быў удзельнікам «Плошчы Каліноўскага» — пратэста ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г.
Быў жанаты. Меў двух дачок, Наталлю і Лілію. Наталля, была актывісткай «Маладога Фронта».[6]
Памёр 2 кастрычніка 2014 г. ў 10 клінічнай бальніцы г. Мінска ад анкалагічнай хваробы.[7]
Зноскі
- ↑ Аднаму з першых беларускіх палітвязняў Рыгору Кійко патрэбная дапамога . spring96.org.
- ↑ КІЙКО РЫГОР ІВАНАВІЧ (1950 – 3.10.2014)(недаступная спасылка)
- ↑ Списки лиц, преследуемых по политическим мотивам . old.memo.ru.
- ↑ Contact Support(недаступная спасылка). ds.ru. Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2022. Праверана 16 красавіка 2022.
- ↑ 27 июля в Минске прошли акции оппозиции, приуроченные к 13-й годовщине подписания Декларации независимости Беларуси. . spring96.org.
- ↑ Р.Кійко: “З гонарам зноў усталюем нацыянальны сьцяг” . Радыё Свабода.
- ↑ Памёр мастак Рыгор Кійко(недаступная спасылка). www.racyja.com (3 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2020. Праверана 16 красавіка 2022.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Palitviazni.info Хронікі беларускіх палітвязняў. - 2013г. - 131 с.