Перайсці да зместу

Самсон Пярловіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Самсон Пярловіч
Род дзейнасці пісьменнік
Дата нараджэння 13 жніўня 1923(1923-08-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 14 снежня 2001(2001-12-14) (78 гадоў)
Месца смерці
Бацька Георгiй
Член у

Самсон Пярловіч (13 жніўня 192314 снежня 2001) — беларускі паэт, дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, удзельнік падпольнага Саюза вызвалення Беларусі ў Навагрудку.[1]

Нарадзіўся ў в. Католышы Навагрудскага ваяводства, Польшча (зараз — Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) ў сям’і беларускага селяніна, дзе было сямёра сыноў. У чацвёртым класе польскай напісаў першы свой верш пра Свіцязь, а калі закончыў польскую школу, пачаў працаваць настаўнікам у пачатковай школе.

У часы нямецкай акупацыі быў прымусова вывезены на працу ў Германію. Яго везлі на Рыгу разам з іншымі юнакамі, але па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Хутка яны былі схапленыя латышскай жандармерыяй, а пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, і дзе Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль сябры зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі, але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ўжо ў Вену. Быў вызвалены ў пачатку красавіка 1945 г, а 1 мая ён далучыўся да савецкай арміі.

Пасля вяртання ў Беларусь супрацоўнічаў з наваградскай раённай газетай. У 1947 г. далучыўся да антысавецкай беларускай падпольнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ), дзе таксама быў яго аднавясковец Адам Шабоцька. Быў упаўнаважаным СВБ у Навагрудскім раёне. Галоўнай цэллю арганізацыі было аддзяліць Беларусь ад СССР і ўтварыць незалежную дзяржаву. Арганізацыя базавалася на сістэме «троек», але належнай сістэмы канспірацыі не было. У выніку пасля знаёмства з Алесем Бажко, супрацоўнікам баранавіцкай газеты, што назваўся сябрам іншай антысавецкай арганізацыі «Чайка», і які быў таемным агентам НКУС, арганізацыя была выкрыта. Як згадваў Пярловіч: Ён [Бажко] распавёў, што ў Баранавічах таксама існуе падпольная арганізацыя «Чайка». А сам ён знаходзіцца ў вышэйшым звяне падпольнай структуры. Карацей, начальнік. Я яму верыў.

Арыштаваны 30 мая 1947 г. Утрымліваўся ў Баранавіцкай следчай турме «Крывое кола». Перад арыштам у Самсона Пярловіча знайшлі верш «Паднімецца крыўда», які ён напісаў у 1947 г. Другая страфа верша гучала так:

Бо Сталін — тыран і старых, і малых —
Запрогшы ў прыгонныя ёрмы,
Нявіннай крывёй суцяшае іклы,
Каму колькі жыць ставіць нормы…

Пра гэты верш даведаўся нават Лаўрэнцій Цанава, які загадаў прывезці Пярловіча ў Мінск на допыт. Самсон Пярловіч успамінаў: «Заходжу ў кабінет. Там шмат чыноў НКУС. Выходзіць з-за стала нейкі гарбаносенькі чалавек. Гэта быў Цанава. Паказвае тэкст майго верша і пытае: «Твой?» — «Мой». — «Ды як жа ты набраўся нахабства так напісаць пра геніяльнага чалавека? Сталін — бацька народаў», — закрычаў Цанава. — «Для вас, можа, і бацька народаў, а для беларускага народа — палач», — адказваю. Малады я тады быў, гарачы, ды і тэрмін ведаў. Як цяпер бачу: Цанава ўвесь расчырванеўся і кажа па-беларуску: «Не мані!…».[2]

На працэсе, які праходзіў 29 жніўня — 31 жніўня 1947 г. у Баранавічах, асуджаны ваенным трыбуналам да 10 гадоў лагераў з пазнейшай высылкай. Адбываў пакаранне на лесапавале ў лагеры Усць-Вым (Комі АССР), а з 1949 г. — у спецлагерах Караганды на будаўніцтве шахтаў. Кастусь Рамановіч згадваў: «Я разам з Пярловічам прайшоў праз пакуты на лесапавалах Усць-Вым, на будаўніцтве шахтаў у Карлагу, спаў разам з ім на голых нарах. І там, на голых нарах, Пярловіч складваў вершы без алоўка, якія мы вучылі на памяць для будучыні».[3]

Вызвалены 3 студзеня 1956 г. Высылку мусіў адбываць у Сарані (Карагандзінская вобласць), але яна была адменена. У Беларусь вярнуўся ўвосені 1956 г. і працаваў на заводзе газавай апаратуры ў Навагрудку. На пенсыі з 1980 г. У апошнія гады жыцця гандляваў на рынку ў Навагрудку, каб аддаць даўгі за аперацыю, якую зрабілі дачцэ ў Германіі.

Памёр 14 снежня 2001 г. у Навагрудку. Не рэабілітаваны.

  • Бяссмертнік: Вершы / Прадм. А.Лойка. — Мн.: Маст.літ., 1994. — 93 с.
  • Заяц на бярозе. Навагрудак, 1995.
  • Чарадзейны агонь. Навагрудак, 1998.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154879.html Біяграфія Самсона Пярловіча
  2. зборнік «Саюз вызвалення Беларусі (1946–1947)». Слонім-Менск, «Беларускі Рэзыстанс», 2005. С.38.
  3. «Наша Ніва», 15 лютага 2002 г.
  • Сяргей Ёрш, Саюз Вызваленьня Беларусі 1946—1947 гг., Слонім - Мінск 2005
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3