Перайсці да зместу

Свіцязь (возера, Навагрудскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свіцязь
Морфаметрыя
Плошча 2,24 км²
Аб’ём 0,00784 км³
Сярэдняя глыбіня 15 м
Басейн
Плошча вадазбору 14 км²
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Свіцязь (Беларусь)
Свіцязь
Свіцязь
Свіцязь (Гродзенская вобласць)
Свіцязь
Свіцязь
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свіцязь — возера ў Навагрудскім раёне, каля мяжы з Карэліцкім раёнам, за 22 км на поўдзень ад Навагрудка, у басейне Моўчадзі, на Навагрудскім узвышшы, за 3 км на поўдзень ад вёскі Валеўка.

А. Ванагас і У. Тапароў з гэтай назвай параўноўваюць прускі тапонім Switthe. Далей звязана з балцкімі каранямі švait- : švit- : šviet- (svait- : svit- : sviet-) з семантыкай «свяціць, блішчэць», «светлы, блішчасты»[1][2].

М. Фасмер назву возера Свіцязь параўноўваў са старажытнаісландскім Hvíting — назва возера і ракі, ад hvítr «белы»[3]. К. Буга лічыў, што назву Свіцязь славяне прынеслі з сабою са сваёй прарадзімы (возера з такой жа самай назвай ёсць на Валыні)[4]. В. Шульгач тлумачыць гідронім Свіцязь ад праславянскага *sъvitęzь «аб'ект крывой, сагнутай, выпуклай формы», якое ад *sъvit- «звіты, звілісты, крывы»[5]. А. Рогалеў вылучае ў гідроніме старажытны корань віт-, які мае значэнне «вада», «вільгаць» і выяўляецца на прасторах, дзе распаўсюджаны індаеўрапейскія і фіна-угорскія мовы[6].

Плошча 2,24 км². Найбольшая глыбіня 15 м. Даўжыня 1,7 км, найбольшая шырыня 1,6 км. Аб’ём вады 7,84 млн м³. Плошча вадазбору 14 км².

Катлавіна возера суфазійнага тыпу[7], у літаратуры часам называецца карставым, утварылася ў выніку прасадкі чацвярцічных адкладаў у падземныя пустоты. Форма возера круглаватая, слаба выцягнутая з поўначы на поўдзень. Вадазбор буйнаўзгорысты, пераважна складзены з лёсападобных суглінкаў.

Схілы катлавіны параслі лісцевым, месцамі хвойным лесам, на поўдні і паўднёвым захадзе забалочаныя, тарфяністыя. Прыбярэжная частка возера да глыбіні 3—5 м выслана пяском, глыбакаводная — ілам. Слаба зарастае.

Выцякае рака Сваротва, аднак каля вытоку яе пабудаваная плаціна, якая амаль не прапускае ваду ў межанны перыяд. Паверхневых вадацёкаў (рэк і ручаёў), якія ўпадаюць у возера, няма.

У возеры растуць лабелія Дортмана (Lobelia dortmanna) і палушнік азёрны (Isoëtes lacustris), занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сустракаюцца каўлінія гнуткая (Caulinia flexilis) і рэдкі від прыбярэжнік аднакветкавы (Littorella uniflora).

У лясах, якія добра захаваліся вакол возера, шмат чарніц, брусніц, суніц; на тарфяных лугах можна бачыць насякомаедныя расліны — расіца круглалістая (Drosera rotundifolia) і тлушчанка звычайная (Pinguicula vulgaris), а ў лясных гушчарах сярод вялікай разнастайнасці травяністай расліннасці — рэдкія архідэі.

У заапланктоне возера мноства відаў, тыповых цяпер для паўночных азёр, і сярод іх таксама рэлікты эпохі «Вялікай зімы». Прысутная тут вельмі рэдкая раслінная форма Tetradinium javanicum, якая апісана толькі для Явы, пражывае малюск Planorbis stelmachaelius, вядомы толькі для азёр Францыі, Бельгіі і Германіі.

Прыродакарыстанне і ахова

[правіць | правіць зыходнік]
Яліна ў Свіцязі

Возера шчыльна акружае лес у кіламетровую шырыню. У 1970 годзе возера Свіцязь і прылеглыя да яго тэрыторыі былі абвешчаныя экалагічным запаведнікам. На беразе возера знаходзіцца пансіянат «Свіцязь», шматлікія зоны адпачынку.

Возера Свіцязь абвешчана заказнікам разам з лясным масівам плошчай 847 гектараў. Тут насаджаныя дуб, елка, граб, ясень, клён, асіна на невялікіх плошчах чаргуюцца з чыстымі хвойнікамі, алешнікамі, утвараючы больш за 25 розных тыпаў лесу.

Свіцязь у культуры

[правіць | правіць зыходнік]
Здымак Свіцязі канца XIX стагоддзя

Вядома некалькі народных паданняў звязаных з возерам Свіцязь, у тым ліку пра яго ўзнікненне[8].

У некалькіх з гэтых паданнях фігуруе надзвычайная істота ў дзявочым абліччы, якая з’яўляецца са дна возера[9]. Яна спачатку злуе на людзей, што яе патурбавалі, але потым распавядае ім, што на месцы возера Свіцязь стаяў горад, які пазней быў затоплены.

У астатніх паданнях асобна апісваецца затапленне паселішча і ўзнікненне на яго месцы возера[10].

Карціна «Свіцязь» Юліяна Фалата, 1888

У трэцім сюжэце (ён скантамінаваны з першым, пра дзяўчыну — «дух» возера) у паданнях фігуруюць старажытныя князі («Міндоўг», «Мендаг», «Туган»), якія змагаюцца з ворагам («рускі цар», «наезны вораг з поўначы», «князь рускі»). Гэты сюжэт пазнейшы — ён выглядае плёнам рамантычных настрояў і, імаверна, пазычаны з паэмы Адама Міцкевіча «Свіцязь».

Казімір Альхімовіч. Свіцязянка, 1898—1900

Паблізу Свіцязі нарадзіліся Ян Чачот і Адам Міцкевіч: Чачот — з Малюшычаў, Міцкевіч — з Завосся.

Чачот і Міцкевіч, а таксама іх сябар па Віленскім універсітэце і «Таварыстве філаматаў» Тамаш Зан — аўтары баладаў, натхнёных возерам Свіцязь і народнымі паданнямі пра яго. Яны напісаныя прыкладна адным часам, у паслястудэнцкія 1819—1821 гады.

У паэме Яна Чачота «Свіцязь» (1819) і ў паэме Тамаша Зана «Свіцязь-возера» (1820) паэты абапіраліся на распаўсюджаныя народныя паданні пра ўзнікненне возера на месцы горада, што праваліўся. Тое ж паданне натхніла Адама Міцкевіча на напісанне паэмы «Свіцязь»[11]. Ягоная ж паэма «Свіцязянка»[12] развівае іншае вядомае паданне — пра дзяўчыну «дух» Свіцязі, у якую закахаўся просты чалавек. Трэцяя балада ў Міцкевіча з цыкла, прысвечанага Свіцязі, — «Рыбка»[13].

Побач з возерам Свіцязь ляжыць камень, на якім (у беларускім перакладзе) выбітая страфа з балады «Свіцязь»:

Ktokolwiek będzisz w nowogródzkiej stronie,
Do Płużyn ciemnego boru
Wjechawszy, pomnij zatrzymać twe konie,
Byś się przypatrzył jezioru.

Міцкевічава паэма «Свіцязянка» натхніла менскую паэтку Гэлену Цыпрынскую напісаць паэму «Свіслачанка» (польск. Świsłoczanka), апублікаваную ў 1909 годзе ў віленскай польскамоўнай літуанафільскай газеце «Litwa»[14]. У абедзвюх паэмах дзейнічае надзвычайная істота ў жаночым абліччы (увасабленне, адпаведна, возера Свіцязь і ракі Свіслач), з якой камунікуе просты чалавек.

У кінематографе

[правіць | правіць зыходнік]

У 2011 годзе на студыях Human Ark і Se-ma-for  (руск.) створаны анімацыйны фільм па матывах балады. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Каміль Поляк.

  1. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. V., 1981. С. 322.
  2. В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. III // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1998. С. 290—291.
  3. М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. Москва, 1987. С. 582.
  4. K. Būga. Rinktiniai raštai. III. Vilnius, 1961. P. 884.
  5. В. В. Лучик. Етимологічний словник топонімів України. Київ, 2014. С. 419.
  6. А. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 196.
  7. ЭПБ. Т. 4. С. 471
  8. Легенды і паданні. Мн., 1983. № 683—691. С. 391—395.
  9. Легенды і паданні. № 683—685.
  10. Легенды і паданні. № 686—688.
  11. Свіцязь
  12. Свіцязянка
  13. Рыбка
  14. Helena Cyprinska. Świsłoczanka // Litwa. Nr. 17 (23). 1909. C. 248—251 [скразная нумарацыя].