Сангірцы
Сангірцы (Sangir, Sangihe, Sangu) | |
Фота 1948 г.
| |
Агульная колькасць | 378 тыс. (2014 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Інданезія — 265 тыс. Філіпіны — 113 тыс. |
Мова | сангірская мова |
Рэлігія | хрысціянства, іслам, культ продкаў, анімізм, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | гарантала, вісая, мангандоу, мінахасы, баджа |
Сангірцы (саманазвы Sangir, Sangihe, Sangu) — карэннае насельніцтва астравоў усходняй часткі мора Сулавесі, у тым ліку астравоў Санг’ё, а таксама поўначы вострава Сулавесі, захаду вострава Мінданао. Жывуць пераважна ў Інданезіі і Філіпінах. Агульная колькасць (2014 г.) — 378 тысяч чалавек[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першасным месцам рассялення сангірцаў з’яўляюцца астравы Санг'ё. Археолагі вызначылі, што першыя людзі трапілі на іх у 3 тысячагоддзі да н. э. і, верагодна, з’яўляліся негрытосамі. У 1 тысячагоддзі да н. э. праз тэрыторыю паўднёвых Філіпін сюды прыйшлі мігранты-аўстранезійцы. Яны асімілявалі тубыльцаў, пачалі развіваць сельскую гаспадарку, вырабляць тканіны і кераміку. Сучасныя сангірцы — прамыя нашчадкі таго насельніцтва, што склалася на астравах Санг’ё да пачатку нашай эры.
Самі сангірцы лічаць, што паходзяць непасрэдна з вострава Сангір, і іх першапродкам з’яўляецца Гумасалангі, культурны герой, які жыў прыкладна ў XIV — XV стст. У гэты перыяд на астравах Санг’ё склалася дзяржава, што знаходзілася ў падпарадкаванні мусульманскіх валадароў Малукскіх астравоў. У XVI ст. астравы былі адкрыты партугальцамі. У XVII ст. першапачаткова фармальна далучаны да каланіяльных валоданняў Іспаніі, а потым — Нідэрландаў. Малукскія султаны таксама працягвалі лічыць Санг’ё сваёй тэрыторыяй.
Да XIX ст. уплыў еўрапейцаў абмяжоўваўся гандлем. Паколькі астравы Санг’ё знаходзіліся паміж галандскімі і іспанскімі валоданнямі, мясцовыя насельнікі паспяхова выступалі ў ролі гандлёвых пасрэднікаў і кантрабандыстаў. Гэта абумовіла з’яўленне паселішчаў сангірцаў на Сулавесі і поўдні Філіпін. Перасяленню сангірцаў у іншыя раёны ўсходу мора Сулавесі садзейнічала катастрафічнае вывяржэнне вулкана Аву на востраве Сангір 2 сакавіка 1856 г. У XIX ст. на астравах з’явілася пратэстанцкая місія, узмацнілася роля каланіяльных чыноўнікаў.
У 1950 г. Сулавесі і астравы Санг’ё ўвайшлі ў склад Інданезіі. Першае дзесяцігоддзе кіравання інданезійскай адміністрацыі адзначылася барацьбой супраць кантрабанды, якой займаліся многія сангірцы, а таксама ўдзелам некаторых сангірцаў у антыўрадавым руху. У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гг. сангірцы, незадаволеныя дзеяннямі інданезійцаў, узнавілі міграцыю на тэрыторыю Філіпін. Міграцыя сангірскага насельніцтва паміж дзвюма краінамі адбываецца і ў нашы дні.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі сангірцаў здаўна былі земляробства, рыбалоўства, паляванне і марскі транзітны гандаль паміж Сулавесі, Малукскімі астравамі і Філіпінамі. Вырошчваюць батат, бананы, кукурузу, какосавую пальму. Земляробства лічыцца пераважна жаночай справай. Адлік сваяцтва і перадача зямельнай спадчыны раней адбываліся па жаночай лініі. Галоўнымі заняткамі мужчын былі будаўніцтва суднаў, мараплаўства, гандаль.
Жытлы будавалі на па́лях. Сем’і, якія жылі ў адной вёсцы, складалі абшчыну соа. Пры перасяленні з астравоў Санг’ё сангірцы імкнуліся і надалей падтрымліваць сваяцкія сувязі са сваёй соа, што садзейнічала захаванню іх самавызначэння ў асяроддзі блізкіх па мове і культуры народаў.
Фальклор сангірцаў знакаміты сваім танцавальным мастацтвам. Мясцовыя танцы гундэ, алабадзіры, сала, упасі і інш. першапачаткова мелі рытуальнае прызначэнне, але ў нашы дні таксама суправаджаюць звычайныя святы. Сангірскія танцы ўяўляюць сабою пэўны набор плаўных рухаў цела аднаго танцора, аднак танцы арганізуюцца для вялікай колькасці людзей, суправаджаюцца музычным акампанементам і жаночым рыфмаваным спевам.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Старажытная рэлігія сангірцаў мела політэістычны характар, уключала веру ў шматлікіх духаў прыроды і продкаў, шанаванне рытуальных фетышоў і магію. Сярод сангірцаў вылучаўся пласт шаманаў, якія выступалі ў якасці пасярэднікаў паміж светам людзей і духаў, аберагалі хворых і дзяцей. Нягледзячы на распаўсюджанне ісламу і хрысціянства, многія старажытныя абрады практыкуюцца і ў нашы дні.
Іслам пачаў распаўсюджвацца ў XV — XVI стст. з Малукскіх астравоў і поўначы Сулавесі, але да прыходу еўрапейцаў меў вельмі абмежаваны ўплыў. У XVII ст. група мусульман-сангірцаў перасялілася ў раён Манада, дзе склала асобную рэлігійна-этнічную групу сангіл. У XIX — пачатку XX ст. сярод сангірцаў дзейнічалі мусульманскія прапаведнікі з іншых азіяцкіх калоній Нідэрландаў.
Першымі хрысціянскімі місіянерамі былі іспанскія манахі-каталікі (XVII ст.). Але іх дзейнасць не мела доўгатэрміновага характару. З 1857 г. на астравах Санг’ё адчыняліся пратэстанцкія місіі.
У нашы дні каля 98 % вернікаў спавядае хрысціянства, прычым большасць — пратэстантызм. Астатнія вернікі — мусульмане.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Сангірская мова блізкая да мовы мінахасаў. Падзяляецца на 8 лакальных дыялектаў. Пісьмовасць на аснове лацінкі. На ёй існуе рэлігійная літаратура, аднак у школьнай адукацыі і сродках масавай інфармацыі амаль не ўжываецца. Сангірскія мужчыны таксама шырока карыстаюцца вуснай гаворкай сасахара, распрацаванай у першай палове XX ст. сангірскімі піратамі і кантрабандыстамі. Яна ўключае вялікую колькасць запазычаных або скажоных словаў.