Свята-Аляксандра-Неўская царква (Мсціслаў)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Царква Святога Аляксандра Неўскага
Мсьціслаў, царква сьв. Аляксандра Неўскага 2.jpg
54°01′13″ пн. ш. 31°43′43″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мсціслаў, вул. Леніна, 30
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата пабудовы 1870 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000507шыфр 512Г000507
Стан дзейнічае

Царква́ Свято́га Алякса́ндра Не́ўскага — мураваны праваслаўны храм у горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры эклектыкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле падання, на месцы цяперашняга храма стаяла Афанасьеўская царква, адна з найстарэйшых ў горадзе. Але ў XVIII стагоддзі яна была перанесена на могілкі і ператворана ў капліцу, а на яе месцы ў 1727 годзе быў збудаваны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Анёльскай пры бернардзінскім кляштары. У 1857 годзе ён быў пераведзены расійскімі ўладамі ў праваслаўе, а храм перароблены ў Свята-Афанасьеўскую царкву. 4 чэрвеня 1858 года будынак згарэў, пасля чаго яго спрабавалі аднавіць, распрацоўваючы праекты перабудовы былога касцёла (датаваныя 1864 і 1866 гадамі), аднак у выніку было прынята рашэнне разабраць храм і ўзвесці на яго падмурках новую цагляную царкву[1].

У 1870 годзе завершаны храм быў асвячоны ў гонар Аляксандра Неўскага. У 1930-я гады царква была зачынена і перароблена ў прадуктовы склад. Падчас Другой сусветнай вайны за будынкам былі пахаваны жаўнеры нямецкага войска. У 1989 годзе храм быў вернуты прыходу і адноўлены. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. Святарам у прыходзе служыць протаіерэй Вячаслаў Івашкевіч[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю і эклектыкі. Адносіцца да крыжова-купальных храмаў, мае тры закругленыя рознавялікія апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі вокнамі. Над сяродкрыжжам узвышаецца шлемападобны купал на васьмігранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншы па памерах купал пастаўлены на высокай двух’яруснай званіцы, размешчанай над бабінцам храму. Тарцы трансепту завершаныя трохвугольнымі шчытамі. У храме тры ўваходныя парталы: цэнтральны і бакавыя. Парталы і аконныя праёмы абрамлены дэкаратыўным валікам. Пад карнізам па перыметры будынка праходзіць аркатурны пояс. Для перакрыцця ўнутранай прасторы выкарыстаны розныя тыпы скляпенняў: у бабінцы крыжовае, у дадатковым аб’ёме і бакавых алтарах — цыліндрычныя з распалубкамі, у апсідах — конхі, у цэнтры — сферычны купал на ветразях[3].

У інтэр’еры пануе падкупальная прастора барабана, абапёртага цераз ветразі і падпружныя аркі на сцены. Перакрыцце трапезнай і прыдзелаў — цыліндрычнае, апсід — конхавае. У храме знаходзяцца дзве асабліва ушанаваныя святыні: абраз Аляксандра Неўскага з часціцай ягоных мошчаў і «Маці Божая Іверская», набыты ў 1895 годзе ў Маскве ў гонар каранавання Мікалая ІІ[4].

З паўночнага боку ад храма пастаўлена мураваная брама, што ўяўляе сабой паўцыркульную арку, над якой узвышаецца невялікая назіральная вежа, завершаная прамавугольным шчытом з шатровым верхам і какошнікамі ў аснаванні. Над бакавымі арачнымі праёмамі ўзведзены невялікія чатырохгранныя купальныя вежачкі. Весніцы ажурныя, адлітыя з чыгуна.

Асаблівасцю храма з’яўляецца тое, што яго алтарная частка павернута не на ўсход, як гэта звычайна зроблена ў праваслаўных храмах, а на паўднёвы захад. Таксама гэта адзін з найвышэйшых будынкаў у Мсціславе[5].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Храм у гонар Аляксандра Неўскага (руск.) . Афіцыйны сайт сінаідальнага паломніцкага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы. Праверана 24 жніўня 2019.
  2. Мсціслаўскае благачынне (руск.) . Магілёўская епархія Беларускай праваслаўнай царквы (16 лютага 2019). Праверана 24 жніўня 2019.
  3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл. с.309
  4. Аляксандра-Неўскі кафедральны сабор на Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.) 
  5. Церковь Александра Невского (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]