Сельская гаспадарка Арменіі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Сельская гаспадарка Арменіі, у якой занята 36 % насельніцтва і ствараецца 15 % ВУП (2017) ды значная частка экспарту, развітая не дастаткова для самазабеспячэння харчаваннем.[1] Дамінуе прыватная ўласнаць: у 2006 годзе 98 % вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі забяспечылі сямейныя фермы. Да фактараў, што спрыяюць развіццю галіны, адносяцца ўрадлівыя вулканічныя глебы, да неспрыяльных — гарыстасць тэрыторыі і дэфіцыт увільгатнення ў летні перыяд — большасць зямель патрабуе штучнага арашэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Армянскія баваўнаробы, 1930-я. У сучаснай Арменіі бавоўнік не вырошчваюць

За савецкім часам сельская гаспадарка Арменіі была калектывізавана, механізавана і электрыфікавана; плошча ворыўных зямель пашырылася, дзякуючы стварэнню сістэмы арашальных каналаў. Асабліва значным ірыгацыйным праектам стаў Севана-Разданскі каскад (гады будаўніцтва 1937 – 1962). Тым не менш, працаўнікі сяла Армянскай ССР, як і іх сённяшнія спадкаемцы, не забяспечвалі ўнутраных патрэб краіны ў прадуктах харчавання, што завозіліся з саюзных рэспублік. У 1990 Арменія стала першай саюзнай рэспублікай, што прыняла закон аб прыватызацыі зямлі, і землі тут былі раздадзены ў прыватную ўласнасць хутчэй, чым на астатняй поставецкай прасторы. Гэта выклікала рост долі сельскага насельніцтва ў пачатку 1990-х ва ўмовах эканамічнай блакады і Карабахскай вайны, а таксама непаразуменні паміж новымі уласнікамі зямлі адзін з адным — з нагоды размеркавання сродкаў вытворчасці, а таксама з дзяржавай, якая працягвала кантраляваць вытворчасць электраэнергіі і гарачай вады. Пры гэтым Арменія стала адзінай дзяржавай СНД, дзе прыватызацыя пайшла на карысць сельскай гаспадарцы, прычым адразу ж. Да гонару армянскіх фермераў, да пачатку ХХІ стагоддзя яны, у адрозненні ад большасці сельскіх гаспадарак краін былога Саюза, здолелі захаваць парк трактароў, камбайнаў і іншых машын.[2]

Раслінаводства[правіць | правіць зыходнік]

Садавіна на рынку, Ерэван

У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства, нягледзячы на тое, што ворныя землі, сады і вінаграднікі займаюць усяго 16 % тэрыторыі. Асноўным раёнам земляробства з'яўляюцца Арарацкая даліна і даліна ракі Аракс. Вырошчваюцца збожжавыя (пшаніца, ячмень), гародніна, бульба, пладовыя культуры (персікі, грэцкія арэхі, айва, абрыкосы), вінаград (сталовыя і вінныя гатункі), дыні, кветкі. У даліне Аракса культываюцца гранаты, інжыр і аліўкі. Больш раннія вясна і лета дазваляюць армянскім аграрыям пастаўляць прадукцыю на рынкі паўночных краін у красавіку-чэрвені.

Жывёлагадоўля[правіць | правіць зыходнік]

Авечкі і козы на вясновых пашах на схілах патухлага вулкана Ара лер

У жывёлагадоўлі пераважае экстэнсіўная авечкагадоўля на засушлівых большай часткай года горных пашах, якія займаюць 56 % тэрыторыі краіны. Гадуюцца таксама козы, коні, буйная рагатая жывёла. У адрозненні ад раслінаводства, жывёлагадоўля не можа пахваліцца прыростам прадукцыі пасля набыцця краінай незалежнасці.

Рыбалоўства[правіць | правіць зыходнік]

Севан дае багата рыбы, асабліва знакамітая стронга, якая тут завецца ішханам.

Зноскі