Мовы Арменіі

Арменія — этнічна аднародная краіна, дзе армянская мова з’яўляецца афіцыйнай і самай распаўсюджанай, на ёй гавораць 97,7 % жыхароў краіны. Самая распаўсюджаная замежная мова — руская, аднак у апошнія гады набірае папулярнасць англійская. Таксама пачалі выкладацца і выкарыстоўвацца французская і некаторыя іншыя мовы. Найбуйнейшай мовай меншасці ў краіне з’яўляецца курманджы, на якой размаўляюць курды-езіды. Іншыя мовы, прызнаныя ўрадам Арменіі, — асірыйская, грэчаская і руская.
Статус армянскай мовы
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з артыкулам 12 Канстытуцыі Арменіі, дзяржаўнай мовай краіны з’яўляецца армянская[1]. Армянская — асноўная мова ў сферах адукацыі, дзяржаўнага кіравання і грамадскага жыцця[2]. Яна ўяўляе сабой асобную галіну індаеўрапейскай моўнай сям’і і выкарыстоўвае ўнікальны алфавіт, створаны ў V стагоддзі. Пасля распаду Савецкага Саюза Арменія стала самай паспяховай з краін Паўднёвага Каўказа ў моўнай дэрусіфікацыі[3].
Замежныя мовы
[правіць | правіць зыходнік]З прычыны палітычных і гістарычных абставін руская мова застаецца самай распаўсюджанай замежнай мовай у Арменіі. У сталіцы краіны, Ерэване, дзейнічаюць універсітэты з навучаннем на рускай, англійскай і французскай мовах. У ВНУ Арменіі, напрыклад, у Ерэванскім дзяржаўным універсітэце моў і сацыяльных навук імя В. Я. Брусава, даступныя курсы па вывучэнні шматлікіх моў.
Руская мова як замежная
[правіць | правіць зыходнік]| Армяна-рускае двухмоўе ў Савецкай Арменіі[4] | ||||
| Год | Армянская ССР | Сельскае насельніцтва | Гарадское насельніцтва | Ерэван |
|---|---|---|---|---|
| 1970 | 23,3 % | 9,5 % | 31,6 % | 36,5 % |
| 1979 | 34,2 % | 17,7 % | 41,7 % | 47,5 % |
Руская мова — самая распаўсюджаная замежная мова ў Арменіі, хоць узровень валодання ёй значна знізіўся пасля таго, як краіна здабыла незалежнасць у 1991 годзе[3]. Паводле даных Міністэрства замежных спраў РФ за 2010 год, каля 70 % насельніцтва Арменіі валодае рускай мовай[5]. Згодна з даследаваннем 1999 года, каля 40 % насельніцтва свабодна размаўляе па-руску[6]. У Арменіі даступныя рускамоўныя тэлеканалы (чатыры каналы па стане на 2003 год)[7] і газеты[3]. Апытанне, праведзенае ў 2012 годзе, паказала, што 94 % жыхароў Арменіі маюць пэўныя веды рускай мовы, з якіх 24 % — прасунутыя, 59 % — сярэднія, і 11 % — пачатковыя[8].
Тэрыторыя сучаснай Арменіі з XIX стагоддзя знаходзілася пад уладай Расійскай імперыі. З таго часу руская мова займала ўплывовую ролю ў жыцці Арменіі. У прыватнасці, з 1828 па 1919 гады, у часы царскага панавання, і з 1921, з захопу бальшавікамі Першай Рэспублікі Арменія, па 1991 год усё афіцыйнае справаводства вялося на рускай мове, бо яна была адміністрацыйнай. Паводле ацэнак, на пачатку XX стагоддзя толькі 3-4 % армян умелі гаварыць або пісаць па-руску[9].
У савецкі перыяд адбылася імклівая русіфікацыя, асабліва пасля прыходу да ўлады Сталіна ў сярэдзіне 1930-х гадоў, калі руская мова стала лінгва франка Савецкага Саюза[10]. Да 1990 года руская мова была шырока распаўсюджана ў Арменіі[11]. У 1988 годзе каля 100 000 армянскіх вучняў наведвалі рускамоўныя школы[10]. Руская была асноўнай мовай акадэмічных даследаванняў, хоць па канстытуцыі дзяржаўнай мовай краіны была армянская. Многія прадстаўнікі інтэлігенцыі аддавалі сваіх дзяцей у рускія школы[10], што лічылася пагрозай для будучыні армянскай мовы[11].
З 1991 года сітуацыя карэнным чынам змянілася ў плане яе вывучэння як агульнаадукацыйнага прадмета ў сярэдняй і старэйшай школе. Практычна ва ўсіх навучальных установах, нават на рускіх факультэтах універсітэтаў, працэс навучання перайшоў на армянскую мову. Такім чынам, руская мова страціла статус другой роднай і пачала лічыцца замежнай. Колькасць навучэнцаў у рускамоўных класах значна скарацілася[12].
Паводле даных перапісу насельніцтва 2001 года, 29 563 чалавекі ў Арменіі назвалі рускую мову роднай, з іх 14 728 — этнічныя армяне[13]. Многія армянскія бежанцы з Баку і іншых гарадоў Азербайджана размаўляюць толькі па-руску[11].
Згодна з апытаннем арганізацыі «Gallup», у 2006 годзе 73 %, а ў 2007 годзе 75 % жыхароў Арменіі заявілі, што лічаць вывучэнне рускай мовы ў краіне вельмі важным для дзяцей[14].
Паводле даных перапісу 2011 года, для 23 484 чалавек, або 0,8 % грамадзян Арменіі, руская з’яўляецца першай мовай (з іх 11 859 армян і 10 472 рускіх). Акрамя таго, 52,7 % грамадзян Арменіі, або 1 591 246 чалавек, валодаюць рускай як другой мовай[15].
Англійская мова
[правіць | правіць зыходнік]Пасля здабыцця Арменіяй незалежнасці папулярнасць англійскай мовы ўзрасла. З кожным годам усё больш людзей вывучае англійскую[16]. У адрозненне ад папярэдніх дзесяцігоддзяў, колькасць школ, якія выкладаюць на англійскай мове, паступова павялічылася, аднак па ступені распаўсюджанасці ёй усё яшчэ далёка да рускай. Згодна з апытаннем 2012 года, 40 % жыхароў Арменіі маюць базавыя веды англійскай мовы, але толькі 4 % валодаюць ёй на прасунутым узроўні, 16 % — на сярэднім і 20 % — на пачатковым. Тым не менш, англійская становіцца больш пажаданай сярод армян: 50 % лічаць, што англійскую варта выкладаць у сярэдніх школах, у той час як за выкладанне рускай выступаюць 44 %[8].
Тэлеканал «CNN» вяшчае ў Арменіі з 2002 года. Газета «The Times» даступная ў газетных кіёсках[7].
У 1991 годзе заснаваны Амерыканскі ўніверсітэт Арменіі. Прапануючы адукацыю на англійскай мове, ён імкнецца быць даступным для высокакваліфікаваных спецыялістаў з іншых краін рэгіёна[17].
Згодна з перапісам насельніцтва 2011 года, 107 922 чалавекі, або 3,6 % грамадзян Арменіі, могуць размаўляць на англійскай як на другой мове, з іх 107 002 — этнічныя армяне[15].
Французская мова
[правіць | правіць зыходнік]
З 2008 года Арменія з’яўляецца асацыяваным членам міжнароднай арганізацыі «Франкафонія», а з кастрычніка 2012 года — яе паўнапраўным членам[18]. У 2000 годзе быў заснаваны Французскі ўніверсітэт у Арменіі ў адпаведнасці з пагадненнем, заключаным паміж урадамі Арменіі і Францыі. Гэтая ВНУ, якая налічвае каля 600 студэнтаў, з’яўляецца найбуйнейшым французскім універсітэтам у свеце, размешчаным не ў франкамоўнай краіне[19].
Згодна з перапісам насельніцтва 2011 года, 10 106 грамадзян Арменіі валодаюць французскай як другой мовай, з іх 10 056 — этнічныя армяне[15].
Іншыя мовы
[правіць | правіць зыходнік]Сярод іншых распаўсюджаных у Арменіі замежных моў — нямецкая, італьянская, іспанская і персідская.
Згодна з перапісам насельніцтва 2011 года, 6 342 грамадзяніны Арменіі валодаюць нямецкай як другой мовай (з іх 6 210 — этнічныя армяне), 4 396 — персідскай (з іх 4 352 — этнічныя армяне), і яшчэ 29 430 чалавек указалі як другую іншыя мовы (з іх 25 899 — этнічныя армяне).
Акрамя таго, для часткі армян другой мовай з’яўляецца азербайджанская, паколькі ў гады Першай карабахскай вайны ў Арменію з Азербайджана перасялілася каля 370 000 бежанцаў.
Мовы меншасцей
[правіць | правіць зыходнік]22 студзеня 2002 года Арменія ратыфікавала Еўрапейскую хартыю рэгіянальных моў, якая абараняе мовы нацыянальных меншасцей. Паводле хартыі, мовамі меншасцей у Арменіі прызнаны асірыйская, грэчаская, курдская і руская мовы[20][3].
Курдская мова
[правіць | правіць зыходнік]Езіды — найбуйнейшая нацыянальная меншасць Арменіі. Згодна з перапісам 2001 года, 40 620 чалавек ідэнтыфікавалі сябе як езіды, а 1 519 — як проста курды[21]. Паводле даных той жа крыніцы, для 31 310 чалавек роднай мовай з’яўляецца курдская[13].
Паводле даных перапісу 2011 года, у Арменіі пражывае 37 403 курды (35 272 езіды і 2 131 курд, які не з’яўляецца езідам). Для 33 509 грамадзян Арменіі курдская з’яўляецца першай мовай, пры гэтым 31 479 чалавек назвалі сваёй мовай «езідскую», а 2 030 — курдскую. З іх 32 688 — этнічныя курды, а 821 — прадстаўнікі іншых этнасаў, у тым ліку 777 этнічных армян[15].
Руская як мова меншасці
[правіць | правіць зыходнік]Паводле даных 2001 года, для 29 563 жыхароў Арменіі руская мова была роднай, з іх 12 905 — этнічныя рускія[13].
Згодна з перапісам 2011 года, у Арменіі пражывала 11 862 рускіх, для 10 472 з якіх першай мовай была руская, а для 1 328 — армянская. Акрамя этнічных рускіх, яшчэ для 13 012 чалавек руская мова з’яўляецца роднай; з іх 11 859 — этнічныя армяне. Акрамя таго, 52,7 % грамадзян Арменіі (1 591 246 чалавек) валодаюць рускай як другой мовай[15].
Асірыйская мова
[правіць | правіць зыходнік]
Паводле даных перапісу 2011 года, у Арменіі пражывае 2 769 асірыйцаў. Першай мовай асірыйскую лічаць 2 402 чалавекі, з якіх 2 265 — этнічныя асірыйцы, а 125 — армяне[15].
Украінская мова
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з перапісам 2011 года, у Арменіі пражывае 1 176 украінцаў. Для 733 чалавек украінская з’яўляецца першай мовай; з іх 606 — этнічныя ўкраінцы, а 106 — армяне[15].
Грэчаская мова
[правіць | правіць зыходнік]Хоць грэкі Арменіі, як правіла, шматмоўныя і валодаюць грэчаскай, армянскай і рускай мовамі, іхняя супольнасць, якая налічвала 1 176 чалавек, захавала пантыйскі дыялект грэчаскай мовы як родны[21].
Паводле даных перапісу 2011 года, у Арменіі пражывае 900 грэкаў. У 1970-х гадах грэчаская супольнасць у Арменіі налічвала 6 000 чалавек, але многія пераехалі ў Грэцыю, асабліва пасля распаду Савецкага Саюза. Як і іншыя малыя супольнасці, грэкі ў асноўным размаўляюць па-руску, хоць многія прадстаўнікі старэйшага пакалення захавалі здольнасць размаўляць на пантыйскім дыялекце. У перапісе 2011 года няма даных пра колькасць носьбітаў грэчаскай як першай мовы, але паколькі ўкраінская ўказана як мова з найменшай колькасцю носьбітаў (733 чалавекі), можна зрабіць выснову, што колькасць тых, хто лічыць грэчаскую сваёй першай мовай, перавышае гэту лічбу[15].
Ламаўрэн
[правіць | правіць зыходнік]Сярод армянскіх цыганоў боша распаўсюджана змешаная мова ламаўрэн, якая гістарычна склалася на стыку цыганскіх гаворак і армянскай мовы, асабліва з заходнеармянскім карынскім дыялектам. Сёння яна знаходзіцца на мяжы знікнення: паводле даных на 2004 год, колькасць яе носьбітаў не перавышала 50 чалавек[22].
Гістарычныя мовы
[правіць | правіць зыходнік]Першай зафіксаванай мовай на тэрыторыі Армянскага нагор’я была хурыцкая. На ёй гаварылі ў дзяржаве Мітані і ў некаторых частках гістарычнай Арменіі прыкладна з 2300 года да н.э., але да 1000 года да н.э. яна практычна знікла[23]. На змену ёй прыйшла ўрарцкая мова, на якой гаварылі жыхары старажытнага царства Урарту. Гэтае царства размяшчалася ў ваколіцах возера Ван, а ягоная сталіца знаходзілася недалёка ад сучаснага горада Ван на Армянскім нагор’і (тэрыторыя сучаснай Турэцкай Рэспублікі)[24].
Лінгвістычныя даныя сведчаць пра тое, што праармянская мова кантактавала з урарцкай на раннім этапе (III—II тысячагоддзі да н.э.), яшчэ да ўтварэння Урарцкага царства[25][26][27][28][29]. Імаверна, на ёй гаварыла большасць насельніцтва ў раёне возера Ван і ў даліне верхняга цячэння ракі Заб[30]. Першыя пісьмовыя сведчанні ўрарцкай мовы адносяцца да IX стагоддзя да н.э. Пасля падзення Урарцкай дзяржавы ў 585 годзе да н.э. яна перастала выкарыстоўвацца ў пісьменстве і, як мяркуецца, вымерла[31]. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што яе выцесніла ранняя форма армянскай мовы[32][33], хаця першыя пісьмовыя помнікі самой армянскай мовы з’яўляюцца толькі ў V стагоддзі н.э.[34]

Хоць армянская мова агульнапрызнана з’яўляецца асобнай галіной індаеўрапейскай сям’і, да 1870-х гадоў заходнія навукоўцы адносілі яе да іранскай групы моў[35]. Грэчаская і сірыйская мовы былі мовамі Армянскай апостальскай царквы з моманту яе заснавання (301 г. н.э.) да 405 года, калі Месроп Маштоц вынайшаў армянскі алфавіт[35].
Паводле перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года, асноўнымі мовамі Эрыванскай губерні (тэрыторыя якой часткова супадае з сучаснай Арменіяй) былі: армянская (441 000), цюркская (да 1918 года называлася «татарскай»; 313 176), курдская (49 389), руская (13 173), асірыйская (2 865), украінская (2 682), польская (1 385), грэчаская (1 323), яўрэйская (без удакладненняў, у асноўным ідыш; 850), тацкая (709), грузінская (566)[36].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ The Constitution of Armenia (with amendments). Constitutional Court of Armenia (5 ліпеня 1995). Праверана 29 верасня 2012.
- ↑ Petrossian, Gayane. Bilingualism and language planning in Armenia. Yerevan State University. Праверана 29 верасня 2012.
- 1 2 3 4 Pavlenko 2008.
- ↑ Գալստյան 1987, p. 25.
- ↑ МИД России о борьбе и гибели русских СМИ в странах бывшего СССР: Армения. Regnum(руск.). 14 жніўня 2010. Архівавана з арыгінала 17 лютага 2015. Праверана 29 верасня 2012.
- ↑ Esadjanyan, B. M. (1999). Statute of the Russian language in the Republic of Armenia in the context of contemporary life and the system of education(руск.). "Russian Language in Armenia", 1999, N1.
- 1 2 KHRP Legal Review 3. Kurdish Human Rights Project. 2003. p. 58. ISBN 9781900175586.
- 1 2 The South Caucasus Between The EU And The Eurasian Union (PDF). Caucasus Analytical Digest(англ.) (51–52). Forschungsstelle Osteuropa, Bremen and Center for Security Studies, Zürich: 22–23. June 17, 2013. ISSN 1867-9323. Праверана 3 ліпеня 2013.
- ↑ Wilson 1905, p. 90: «Undoubtedly, a knowledge of Russian is advantageous to the Armenians, yet after 75 years, it is estimated that only three or four per cent, of them read or speak Russian.»
- 1 2 3 Malkasian 1996, p. 11.
- 1 2 3 Ammon, Dittmar & Mattheier 2006, p. 1900.
- ↑ Khachikyan, A. Ya. (2001). Russian Language as a means of inter-ethnic communication. In: Proceedings of the International Congress "Russian Language: its Historical Destiny and Present State". Moscow State University.
- 1 2 3 De Jure Population (Urban, Rural*) by Ethnicity and Languages(недаступная спасылка). National Statistical Service of Armenia. Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2004. Праверана 29 верасня 2012.
- ↑ Russian Language Enjoying a Boost in Post-Soviet States. Gallup (1 жніўня 2008). Праверана 19 верасня 2012.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Результаты переписи населения в Республике Армения, проведенная с 12-21 октября 2011 г. (PDF). Социально-экономическое положение Республики Армения в январе-марте 2013 года(руск.). Հայաստանի Հանրապետության վիճակագրական կոմիտե [Статыстычны камітэт Рэспублікі Арменія].
- ↑ Bunter 2002, p. 316.
- ↑ About AUA(недаступная спасылка). American University of Armenia. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2021. Праверана 29 верасня 2012.
- ↑ Armenia becomes full member of Francophonie. PanARMENIAN.Net. October 15, 2012. Праверана 12 лістапада 2012.
- ↑ French university in Armenia (UFAR)(недаступная спасылка). Jean Moulin University Lyon 3. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2012. Праверана 29 верасня 2012.
- ↑ European Charter for Regional or Minority Languages(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 траўня 2012. Праверана 29 студзеня 2017.
- 1 2 De Jure Population (Urban, Rural) by Age and Ethnicity(недаступная спасылка). National Statistical Service of Armenia. Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2010. Праверана 29 верасня 2012.
- ↑ Lomavren // Ethnologue: Languages of the World
- ↑ Hurrian language. Encyclopædia Britannica. Праверана 23 October 2012.
- ↑ Laessøe 1963, p. 89.
- ↑ Diakonoff 1992, pp. 51–54.
- ↑ Róna-Tas 1999, p. 76.
- ↑ Greppin 1991: «Even for now, however, it seems difficult to deny that the Armenians had contact, at an early date, with a Hurro-Urartian people.»
- ↑ Chahin 2001, p. 182.
- ↑ Scarre, Chris, рэд. (2013). Human past : world prehistory and the development of human societies (3rd ed.). W W Norton. ISBN 978-0500290637.
- ↑ Gernot 2008, p. 105: «Neither its geographical origin can be conclusively determined, nor the area where Urartian was spoken by a majority of the population. It was probably dominant in the mountainous areas along the upper Zab Valley and around Lake Van.»
- ↑ Gernot 2008, p. 106: «We do not know when the language became extinct, but it is likely that the collapse of what had survived of the empire until the end of the seventh or the beginning of the sixth century BCE caused the language to disappear.»
- ↑ Clackson 2008, p. 125: «Speakers of Armenian appear to have replaced an earlier population of Urartian speakers (see Ch. 10) in the mountainous region of Eastern Anatolia. … We have no record of the Armenian language before the fifth century AD.»
- ↑ Lendering, Jona. Armenia (англ.)(недаступная спасылка). Livius.Org. Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2015.
- ↑ Clackson 2008, p. 125: «The extralinguistic facts relevant to the prehistory of the Armenian people are also obscure. Speakers of Armenian appear to have replaced an earlier population of Urartian speakers (see Ch. 10) in the mountainous region of Eastern Anatolia. The name Armenia first occurs in the Old Persian inscriptions at Bīsotūn dated to c. 520 BCE (but note that the Armenians use the ethnonym hay [plural hayk‘] to refer to themselves). We have no record of the Armenian language before the fifth century CE.»
- 1 2 Mallory 1997, p. 27.
- ↑ Первая всеобщая перепись населения Российской Империи 1897 г. Распределение населения по родному языку и уездам Российской Империи кроме губерний Европейской России - Эриваньская губерния. Demoscope Weekly. Праверана 23 кастрычніка 2012.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Գալստյան, Համբարձում (1987). Սովետական Հայաստանում, հայ-ռուսերեն երկլեզվության զարգացման հարցի շուրջ [Да пытання пра развіццё армяна-рускага двухмоўя (па матэрыялах перапісу насельніцтва і этнасацыялагічнага даследавання)] (pdf). Լրաբեր հասարակական գիտությունների(арм.) (3). Հայաստանի Հանրապետության գիտությունների ազգային ակադեմիա: 21-27. ISSN 0320-8117. Архівавана з арыгінала 30 верасня 2025.
- Ammon, Ulrich; Dittmar, Norbert; Mattheier, Klaus J. (2006). Sociolinguistics: an international handbook of the science of language and society. Berlin: Walter de Gruyter GmbH & Co. KG. ISBN 978-3-11-018418-1.
- Bunter, Michael A. G. (2002). The Promotion and Licensing of Petroleum Prospective Acreage. The Hague: Kluwer Law International. ISBN 90-411-1712-1.
- Chahin, M. (2001) [1987]. The kingdom of Armenia: a history (2. rev. ed.). Richmond: Curzon. ISBN 0700714529.
- Clackson, James P. T. (2008). Classical Armenian. In Woodard, Roger D. (рэд.). The languages of Asia Minor. Cambridge: Cambridge University Press. ISBN 978-0521684965.
- Diakonoff, Igor M. (1992). First Evidence of the Proto-Armenian Language in Eastern Anatolia. Annual of Armenian Linguistics. 13: 51–54. ISSN 0271-9800.
- Gernot, Wilhelm (2008). Hurrian. In Woodard, Roger D. (рэд.). The Ancient Languages of Asia Minor. Cambridge: Cambridge University Press. ISBN 978-0521684965.
- Greppin, John A. C. (1991). Some Effects of the Hurro-Urartian People and Their Languages upon the Earliest Armenians. Journal of the American Oriental Society. 3 (4): 720–730. doi:10.2307/603403. JSTOR 603403.
- Laessøe, Jørgen (1963). People of Ancient Assyria: Their Inscriptions and Correspondence. Перакладчык Leigh-Browne, F. S. New York: Barnes & Noble.
- Malkasian, Mark (1996). "Gha-ra-bagh!": the emergence of the National Democratic Movement in Armenia. Detroit: Wayne State University Press. pp. 236. ISBN 9780814326046.
- Mallory, James (1997). Encyclopedia of Indo-European culture (1. publ. ed.). London: Fitzroy Dearborn. ISBN 9781884964985.
- Pavlenko, Aneta (2008). Multilingualism in post-soviet countries: language revival, language removal, and sociolinguistic theory. International Journal of Bilingual Education and Bilingualism. =Multilingual Matters. 11 (3–4). Bristol, UK: Taylor & Francis: 275–314. doi:10.1080/13670050802271517. ISBN 978-1-84769-087-6.
{{cite journal}}: Папярэджанні CS1: залішняя пунктуацыя (спасылка) - Róna-Tas, András (1999). Hungarians and Europe in the Early Middle Ages: An Introduction to Early Hungarian History. Budapest: Central European University Press. p. 76. ISBN 963-9116-48-3.
- Wilson, Samuel Graham (January 1905). The Armenian Church in Its Relation to the Russian Government. The North American Review. 180 (578). University of Northern Iowa. JSTOR 25105346.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- CIA World Factbook (2006) Архівавана 23 снежня 2012.