Слуцкі камедыхаўз

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Слуцкі камедыхаўз - першы прафесійны тэатр у Слуцку, заснаваны па ініцыятыве князя Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1751 годзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя тэатральнага мастацтва ў Слуцку пачынаецца з арганізацыі школьных тэатраў. У 1686 годзе быў арганізаваны тэатр у кальвінскай гімназіі. З 1715 па 1756 год дзейнічаў школьны тэатр пры Слуцкім іезуіцкім калегіуме. Для пастановак па загадзе князя ў 1751 годзе прыстасавалі манеж. Крыху пазней пачалі выкарыстоўваць памяшканне збройнай палаты, што знаходзілася ў замку. У 1752 годзе пад тэатр перабудавалі “судны дом”, які стаяў у Старым горадзе за бернардзінскім касцёлам. Спектаклі тут ішлі да 1756 года. У 1758-59 гады замест гэтага будынка, які разабралі, на тым жа месцы быў ўзведзены новы “дом для оперы і камедыі” — камедыхаўз. Пабудавалі яго з чэсаных брусоў, накрылі гонтавым дахам. Аб’ём тэатра складаўся з двух частак: неглыбокай сцэны, з месцам для аркестра перад ёй і ступенчатага партэра, вакол якога другім ярусам ішоў балкон. Там жа было і месца для хора. Сцены вышэй за балкон праразаліся 36-цю вокнамі з каляровым шклом. З балкона быў зроблены выхад на галерэю, што звонку апаясвала ўвесь будынак па перыметры і мела прыступкі на падворак. За сцэнай меліся два пакоі з печкамі для артыстаў. Звонку камедыхаўз меў характар камерны, яго дэкарыроўка была даволі сціплай.Балюстрада галерэі галоўнага фасада была размалявана. Больш увагі надавалася аздабленню інтэр’ера: столь была абабіта палатном і расфарбавана, роспіс упрыгожваў дзверы і рамы. На сценах глядзельнай залы віселі люстэркі. Сама зала асвятлялася дзевяццю шклянымі люстрамі. Для простых гледачоў меліся абабітыя каляровым сукном лаўкі, а для знатных — адмысловыя ложы, упрыгожаныя галунамі, бахрамой і тасьмой.Па баках тэатральнага будынка сіметрычна размяшчаліся два аднолькавыя дамы для акцёраў — “афіцыны”. Камедыхаўз і афіцыны разам складалі адзіны архітэктурны ансамбль. Увесь комплекс фронтам быў павернуты да вуліцы. Пры тэатры з 1753 года дзейнічала балетная школа, дзе вучыліся будучыя артысты з ліку дзяцей слуцкіх мяшчан. Па ўспамінах сучаснікаў, самыя лепшыя выступленні слуцкага балета адбыліся ў снежні 1759 года. З 1753 па 1758 год дзейнічаў тэатр марыянетак. Паказы суправаджаў прыдворны аркестр (капэла), у склад якога ўваходзілі пераважна замежныя музыканты. Для капэлы таксама рыхтаваліся музыканты з ліку гарадскіх і вясковых жыхароў у спецыяльна створанай музычнай школе.Афармленнем сцэны і дэкарацыямі займаліся замежны мастак Іаган Фрыдрых Дзіц і прыгонны радзівілаўскі мастак Стэфан Цыбульскі. Дакументы таксама захавалі спіс рэпертуару слуцкага тэатра. Вядомы многія прозвішчы і імёны акцёраў і музыкантаў. У масавых сцэнах, акрамя іх, прымалі ўдзел салдаты слуцкага гарнізона. З-за таго, што Геранім Фларыян быў вялікім педантам і паклоннікам прускай муштры, то і ў тэатральным жыцці, і на сцэне вітаў дух прускай казармы.

Закрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1760 годзе новы ўладальнік горада князь Мікалай Караль Радзівіл Слуцкі тэатр закрыў. У маі таго ж года акцёры, музыканты, дэкарацыі і іншыя тэатральныя атрыбуты былі адпраўлены ў Нясвіж. З часам не стала і тэатральнага будынка — камедыхаўза.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]