Смактуны́, Трэматоды (Trematoda) — клас паразітычных плоскіх чарвей. Паразіты рыб, земнаводных, паўзуноў, млекакормячых жывёл і чалавека. Выклікаюць трэматадозы.
Даўжыня ад 0,1 мм да 1,5 м. Цела двухбакова-сіметрычнае, ланцэтападобнае, грушападобнае, зрэдку круглявае або ніткападобнае, брудна-белае, шараватае, жоўта-белае, ружаватае, часта з цёмнымі плямамі. Маюць скурна-мускульны мяшок з эпітэлію і шматслойнай мускулатуры. Звычайна маюць 2 (ротавы і брушны), радзей 1 прысосак. Ёсць нервовая, выдзяляльная, стрававальная сістэмы. Крывяноснай і дыхальнай сістэм няма.
Кормяцца крывёю, лімфай, тканкамі гаспадара. Пераважна гермафрадыты. Развіцце складанае, з чаргаваннем пакаленняў (размнажаюцца не толькі палаваспелыя формы, але і лічынкі) і зменай гаспадароў. Палаваспелыя (марыты) адкладваюць яйцы, з якіх у навакольным асяроддзі ці ў целе прамежкавых гаспадароў (пераважна малюскаў) выходзяць лічынкі (мірацыдыі). Прамежкавыя і дадатковыя гаспадары — малюскі, насякомыя, апалонікі, рыбы.
Гусева І. Смактуны // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал.: I. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985.— 599 с., іл.