Старажытнаіндыйская мова
Старажы́тнаінды́йская мова (старажы́тнаінды́йскія мовы) — мова старажытных арыяў, які ўзніклі ў Паўночна-Заходняй Індыі ў сярэдзіне II тыс. да н.э., якая пасля гэтага распаўсюдзілася па паўночных і цэнтральных рэгіёнах паўвостраву Індастан. Адна з ранніх прадстаўніцаў індаеўрапейскіх моў, знаходзілася ў блізкай роднасці са старажытнаіранскімі мовамі (авестыйскай і старажытнаперсідскай), складаючы з імі індаіранскую моўную супольнасць.
Лічыцца, што старажытнаіндыйская мова стала першым сведчаннем вылучэння індаарыйскай групы моў з індаіранскай галіны індаеўрапейскай сям'і моў. Пазней развілася ў сярэднеіндыйскія мовы, якія, у сваю чаргу, пазней эвалюцыянавалі ў новаіндыйскія мовы (напрыклад, хіндзі, непальская, бенгальская і г.д.).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытнаіндыйская мова прадстаўленая дзвюма літаратурнымі формамі, адрознымі паводле свайго часу ўзнікнення, што спрычыняецца да шэрагу разыходжанняў між імі, а менавіта ведыйскай мовай (найперш вядомая як мова Рыгведы) і санскрытам (узнікнуў у V ст. да н.э. у выніку спробы нармалізацыі позняе ведыйскай мовы). У сваю чаргу, кожны з гэтых этапаў развіцця меў уласныя формы ў залежнасці ад храналагічнай стадыі развіцця.
Аб моўнай раздробленасці ў старажытнаіндыйскі перыяд невядома практычна нічога. Вядома, што ведыйская мова склалася на аснове дыялектаў гістарычнага рэгіёна Панджаб (усход сучаснага Пакістана і паўночны захад сучаснай Індыі), а кадыфікацыя санскрыту адбывалася ўжо ў цэнтральнай Індыі, у даліне Ганга. Існыя, верагодна, на той час іншыя старажытнаіндыйскія дыялекты або мовы былі хутчэй за ўсё выцесненыя другасным пашырэннем цэнтральных сярэднеіндыйскіх дыялектаў з прычыны таго, што паводле звестак лексікастатыстыкі ўсе кантынентальныя індаарыйскія мовы падзяліліся на рубяжы эраў. Адзіным выняткам з'яўляецца сінгальская мова (а таксама ўтвораная на яе грунце мальдыўская), продак якой аддзяліўся ад цэнтральных дыялектаў на пяць стагоддзяў раней.
Перыяд міграцыі арыяў да ўварвання ў Індыю адлюстраваўся ў шэрагу старажытнаіндыйскіх уласных назваў, у тэонімах, у некаторых конегадоўчых тэрмінах у мовах старажытных народаў Малой і Пярэдняй Азіі. Акрамя ведыйскай мовы і санскрыту існавалі і іншыя старажытнаіндыйскія дыялекты, не адлюстраваныя ў тэкстах. Пра іх можна меркаваць дзякуючы тым сярэднеіндыйскім мовам, што зафіксаваныя ў тэксце, але паходзілі ад незафіксаваных старажытнаіндыйскіх дыялектаў.
Каля IV ст. да н.э. старажытнаіндыйскія дыялекты (мовы) развіваюцца ў сярэднеіндыйскія мовы, што, у прыватнасці, што стала прычынай патрэбы кадыфікацыі санскрыту. Таксама сярэднеіндыйскія мовы ў гістарычным дачыненні будуць прадстаўленыя, напрыклад, пракрытамі і значна пазней атрымаюць развіццё ў выглядзе новаіндыйскіх моў — сучасных моў індаарыйскай групы. Размоўныя старажытнаіндыйскія дыялекты атрымліваюць сярэднеіндыйскія рысы ўжо ў перыяд позняй ведыйскай мовы, таму г.зв. пракрытызмы сустракаюцца ўжо ў ёй.
Старажытнаіндыйскія мовы маюць два незалежныя працягі: жывыя сярэднеіндыйскія мовы, пакладзеныя ў аснову пракрытаў, палі і да т.п., і санскрыт, у якім агулам адбылося ўпарадкаванне і кансервацыя стану старажытнаіндыйскага перыяду. З гістарычнага або тыпалагічнага пункту гледжанняў санскрыт не з'яўляўся строга папярэднім сярэднеіндыйскім мовам, а суіснаваў з імі праз шырокія гістарычныя і культурныя функцыі санскрыту ў тагачаснай Паўднёвай Азіі, пры гэтым ішло яго паралельнае развіццё (параўнальна медлена, галоўным чынам лексічна). Гэты перыяд выкарыстання санскрыту можна параўнаць з шырокім выкарыстаннем лаціны да Рэфармацыі або ўжываннем царкоўнаславянскай мовы ў шэрагу краін Усходняй Еўропы і г.д.
Наогул, для індаарыйскіх моў усіх трох перыядаў (старажытны, сярэдні, новы) прынцыповым з'яўляецца існаванне трох узроўняў моў:
- Жывое размоўнае маўленне — уласцівае для ўсіх трох перыядаў, але толькі для новаіндыйскіх моў можа быць адэкватна даследаванае; размоўнае маўленне папярэдніх перыядаў можа быць толькі часткова адноўленае паводле звестак літаратурных моў і рэдкіх надпісаў. Менавіта паводле змен у гэтым узроўні індаарыйскіх моў часцей за ўсё вызначаецца мяжа таго ці іншага перыяду;
- Звычайныя літаратурныя мовы — наддыялектныя літаратурныя або паэтычныя мовы (за выключэннем санскрыту), у той ці іншай ступені ўяўляюць сабою апрацаванае размоўнае маўленне, на якое яны працягваюць арыентавацца і абапірацца. Увогуле следуюць храналагічным рамкам, зададзеным размоўным маўленнем, але з некаторым спазненнем ці інерцыяй, што існуе ва ўсіх літаратурных мовах. Гэтым тлумачыцца існаванне пракрытызмаў ужо ў ведыйскай мове — на народным узроўні адбыліся значныя тыпалагічныя змены, якія, аднак, яшчэ не паспелі ўкараніцца ў літаратурнай мове (дадзеную акалічнасць у некаторай ступені можна параўнаць з паступовым збліжэннем пісьмовае старабеларускай мовы з яе рэальным фаналагічным абліччам, якое стала найбольшым толькі ў XVIII ст.).
- Санскрыт — «звышапрацаваная» літаратурная мова, у якой многія правілы даведзеныя да лагічнай дасканаласці. Структурна прадстаўляе сабою старажытнаіндыйскую мову, якая ўзнікла ў сярэднеіндыйскі перыяд, але збольшага пазахраналагічная (гл. вышэй).
Тыпалагічная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Кантакты з пракрытамі спрычыніліся, з аднаго боку, да ўзнікнення шматлікіх пракрытызмаў (у позняй ведыйскай і асабліва ў санскрыце), з іншага — да стварэння гібрыдных варыянтаў на базе пракрыцкіх дыялектаў, якія зазналі моцны ўплыў будыйскага і джайнскага санскрытаў. У сваю чаргу, такую форму маўлення як будыйскі санскрыт не варта змешваць са звычайным санскрытам: тэрмінам будыйскі санскрыт акрэсліваецца тыпалагічна адна з сярэднеіндыйскіх моў, якой карысталіся будыйскія манахі і якія імкнуліся спалучыць яе з пэўнымі традыцыямі санскрыту.
Распаўсюджваючыся па Індыі, старажытнаіндыйская мова засвоіла шэраг асаблівасцей з моў даіндаеўрапейскага насельніцтва рэгіёна (гл. даведыйскі субстрат).
Блізкай да старажытнаіндыйскай лічыцца мова мітанійскіх арыяў, адлюстраваны ў шэрагу ўласных імёнаў, тэонімаў (імёнаў божастваў), конегадоўчых тэрмінаў у мовах старажытных народаў тагачаснае Месапатаміі, перадусім хурыцкай (якая пры гэтым не належала да індаеўрапейскіх наогул). Індаарыйскі характар мовы мітанійскіх арыяў таксама засведчаны дзякуючы такім істотным пластам лексікі, як, напрыклад, парадкавыя лічэбнікі.
Наогул у фанетычным і фаналагічным дачыненнях для старажытнаіндыйскіх дыялектаў былі ўласцівыя наяўнасць класаў змычных шумных прыдыхальных і цэрэбральных фанем, фаналагічнае супрацьпастаўленне простых галосных паводле даўжыні—кароткасці; існаванне зычных зыходаў словаў побач з галоснымі, шматлікіх спалучэнняў зычных (асабліва складаных) у сярэдзіне слова. У аснове марфалогіі былі пакладзены сістэма якасных чаргаванняў галосных у корані і суфіксе, а таксама развіты сінтэтычны лад: граматычныя значэнні перадаваліся спалучэннем шматлікіх тыпаў асноваў назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў з той ці іншай серыяй канчаткаў. Назоўнік і прыметнік змяняліся паводле васьмі склонаў, трох лікаў; дзеяслоў — паводле трох асоб і лікаў, шасці-сямі часоў, 4-6 ладоў і трох станаў, парадыгма дзеяслову прадстаўленая многімі дзясяткамі асабовых флектыўных формаў. У словаўтварэнні былі прадукцыйнымі прэфіксацыя і суфіксацыя, прычым шэраг суфіксаў патрабавалі пэўнай ступені чаргавання каранёвага галоснага; увогуле марфалагічная структура слова з'яўлялася даволі прадказальнай. Сінтаксіс з'яўляўся галоўным чынам вольным, пры гэтым, як правіла, дзеяслоўны выказнік меў канцавую пазіцыю, азначэнне — прэпазіцыйную.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wackernagel J., Debrunner A. Altindische Gramatik. — Gött., 1930-1957.
- Renou L. Introduction générale. Nouvelle édition du texte paru en 1896 // . — Wackernagel J. Altindische Gramatik. — 1957. Bd 1.
- Елизаренкова Т. Я. Древнеиндийский язык // Лингвистический энциклопедический словарь / глав. ред. В. Н. Ярцева. — М.: Советская энциклопедия, 1990.
- Елизаренкова Т. Я. Индийские (индоарийские) языки // Лингвистический энциклопедический словарь / глав. ред. В. Н. Ярцева. — М.: Советская энциклопедия, 1990.