Стрынатка-чаротаўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стрынатка-чаротаўка

Самец (зверху) і самка
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Emberiza schoeniclus (Linnaeus, 1758)

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  179543
NCBI  30425
FW  369350

Стрынатка-чаротаўка, аўсянка чаротная (Emberiza schoeniclus) — від птушак з сямейства стрынаткавых (аўсянкавых) атраду вераб’інападобных. Народная назва балотны верабей.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня цела 15-17 см, размах крылаў 22-28 см. Маса самцоў 16,5—20,7 г, самак 14,6—18,6 г. Птушка памерам з вераб'я.

Выразны палавы дымарфізм. У самца галава, горла і частка грудзей чорныя, белыя «вусы», шыя і брушка, сярэдзіна спіны і плечавых пёраў рыжаватыя, ніжняя частка спіны шэрая, на баках горла белыя палосы. У самкі верх і бакі галавы чорна-бурыя, горла белае з чорнымі палоскамі, на грудзях рыжаватыя стракаціны. Зімой чорны колер робіцца карычняватым. Маладыя падобныя да самкі, больш плямістыя.

Песня самца чатырохскладовая, павольная — звычайна даволі гучнае «шры-шры-ціры-ціры», крык — нямоцнае «цык-цыык», у палёце — «тсій».

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Арэал: Еўропа і Азія (акрамя крайняй поўначы і поўдня) да р. Лены, Японія, Сахалін і Камчатка, на поўдні да ірана, Цян-Шаню і паўночнай часткі Кітая. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Насяляе палосы трыснягу або асакі з адзіночнымі дрэўцамі, ускрайкі ракітніку і плаціны на ставах, парослыя высокай і густой травяністай расліннасцю, а таксама кустамі і дрэвамі паблізу лугоў, балот, тарфянікаў, берагі рэк і стаячых вадаёмаў; увосень і ўзімку таксама сустракаецца на палях.

Пералётны від, але паўдёвыя і заходнія папуляцыі аселыя. Месца зімовак у паўднёвай і заходняй частках арэала, а таксама на поўдзень ад яго (Егіпет, Месапатамія, астравы Міжземнага мора, паўночны захад Афрыкі).

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Трымаюцца парамі і чародкамі. Кормяцца жукамі (даўганосікамі, лістаедамі), вусенямі, дробнымі малюскамі, ракападобнымі, павукамі, вяснянкамі, вегетатыўнымі частамі балотных і лугавых раслін, насеннем асок, пустазелля. Птушанят выкормліваюць выключна насякомымі.

Гняздо добра прыкрытае, у купіне асакі, на зямлі сярод травяністых раслін або ў кусце, на кучы палак або сцёблаў асакі, часта сярод вады, на галінках вярбы ці вольхі (нават да 4 м над зямлёй). Будуецца гняздо з даволі доўгіх і тоўстых лістоў травяністых раслін, палосак лістоў трыснягу, лістоў асакі і траў, заламаных па краі, часам з дадаткам дробных галінак. Высцілка з лістоў і сцёблаў травы з прымессю моху, карэньчыкаў, валосся і месцамі пер’я. Дыяметр гнязда 8-14 см.

Яйкі (5-6, часам 3-7) даволі асіметрычныя або злёгку падоўжаныя, з завостраным вузейшым канцом, светла-шэрыя з зеленаватым або блакітнаватым адценнем, светла-папялістыя або светла-карычневыя з ружовым адценнем, светла-ружаватыя, шэра-фіялетавыя, радзей аліўкава-карычневыя ці пясочныя. Плямкі і рыскі нешматлікія, падвойныя; глыбокія - светла-карычневыя або шэра-карычневыя, паверхневыя – цёмна-карычневыя або вішнёва-карычневыя, звычайна раскіданыя па ўсёй паверхні, часам сканцэнтраваныя на адным з канцоў. Вельмі рэдка без плямак і рысак. Памеры: 20 на 15 мм.

Наседжваюць кладку самка і самец, рэгулярна змяняючы адзін аднаго, на працягу 13-14 дзён. Птушаняты пакідаюць гняздо на 13-ы дзень жыцця.

Падвіды[правіць | правіць зыходнік]

  • E. s. schoeniclus — Заходняя і Паўночная Еўропа;
  • E. s. stresemanni — Карпаты;
  • E. s. passerina — Паўночны Урал і паўночны захад Сібіры;
  • E. s. pallidior — паўднёва-ўсходняя частка еўрапейскай Расіі (да верхняй Обі);
  • E. s. ukrainae — ад Малдовы і поўдня Украіны да Волгі (раён г. Саратава і г. Самары);
  • E. s. pyrrhuloides — ад вусця Волгі і Урала на ўсход да возера Зайсан і паўночнага захаду Манголіі;
  • E. s. tschussi — ад паўночнага ўсходу Балгарыі і ўсходу Румыніі да Крыма і ніжняй Волгі;
  • E. s. reiseri — Балканы;
  • E. s. intermedia — б. Югаславія, Італія, Сіцылія, Корсіка;
  • E. s. witherbyi — Пірэнейскі паўвостраў, поўдзень Францыі, Балеары, Сардзінія, Паўночная Афрыка;
  • E. s. caspia — усход Закаўказзя і поўнач Ірана;
  • E. s. incognita — ад г. Арэнбурга на ўсход.

Акрамя таго, некаторыя аўтары вылучаюць яшчэ 3-7 падвідаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]