Сфагнавыя імхі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сфагнавыя імхі
Sphagnum palustre 051107.jpg
Сфагнум балотны (Sphagnum palustre)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Sphagnopsida Ochyra

Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   15680
NCBI   113508
EOL   3890

Сфагнавыя імхі (Sphagnopsida) — клас лістасцябловых імхоў.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Жоўта-зялёныя, бурыя ці чырванаватыя, двухдомныя або аднадомныя расліны. Сцёблы без рызоідаў, прамастойныя, з пучкападобна размешчанымі галінкамі, сабранымі на верхавінпы ў галоўку. Лісце мае 2 тыпы клетак — хларафіланосныя і ваданосныя, якія абумоўліваюць у імхоў высокую вільгацяёмістасць. Спарагоніі адзінкавыя, каробачка шарападобная. Мужчынскія і жаночыя гаметангіі на розных парастках.

Сцёблы сфагнавых імхоў галінуюцца: ад галоўнага сцябла ў бакі адыходзяць пучкі бакавых галін. Маладыя галіны, якія размяшчаюцца на верхавіне галоўнага сцябла, пакарочаныя і фарміруюць шчыльную галоўку. Бакавыя галінкі суседніх раслін пераплятаюцца паміж сабой. Таму сфагнавыя імхі ўтвараюць пругкі дыван. Верхавінай сцябла сфагнум кожны год нарастае ў даўжыню, а ніжняя частка сцябла паступова адмірае. У дарослай расліны сфагнавага імху адсутнічаюць рызоіды, і ваду яна паглынае ўсёй паверхняй цела.

Унутраная будова сцябла сфагнуму даволі простая. Звонку яно пакрыта некалькімі радамі мёртвых буйных клетак, якія маюць поры. Праз поры ўнутр клетак паступае вада. Таму гэтыя клеткі называюцца ваданоснымі. Далей размяшчаецца механічная тканка. У цэнтры сцябла — жывыя парэнхімныя клеткі, у якіх назапашваюцца пажыўныя рэчывы. Спецыяльныя праводзячыя элементы ў сфагнавых імхоў адсутнічаюць.

Лісты ў сфагнавых імхоў дробныя. Яны размяшчаюцца па спіралі на галоўным сцябле і на бакавых галінках. Лісты складаюцца з двух тыпаў клетак, размешчаных у адзін слой. Жывыя, вузкія, моцна выцягнутыя ў даўжыню клеткі, у якіх утрымліваюцца хларапласты, размешчаны паміж вельмі буйнымі мёртвымі ваданоснымі клеткамі. У клетачных сценках ваданосных клетак ёсць поры. Праз гэтыя поры паступае вада, якая можа ў іх утрымлівацца. З-за вялікай колькасці ваданосных клетак у лістах і сцябле сфагнавы мох можа хутка ўбіраць вялікую колькасць вады (у 20—40 разоў большую за сваю сухую масу).

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Выдзяляецца больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя арктычных пустынь. На Беларусі 35 відаў. Найбольш вядомыя: сфагнум адагнуты (Sphagnum recurvum), вузкалісты (Sphagnum angustifolium), дуброўны (Sphagnum nemoreum), магеланскі (Sphagnum magellanicum). Трапляюцца на балотах (пераважна вярховых і пераходных), вільготных лугах і ў лясах.

Дзярнінкі буйныя, мяккія, часта ўтвараюць суцэльнае покрыва. Штогод імхі нарастаюць верхавінкай, знізу адміраюць і ператвараюцца ў торф. Сфагнум магеланскі і буры (Sphagnum fuscum) — асноўныя торфаўтваральнікі на вярховых балотах умеранага пояса Паўночнага паўшар'я.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Антэрыдыі і архегоніі ў розных відаў сфагнавых імхоў могуць размяшчацца як на розных раслінах, так і на адной. Антэрыдыі размяшчаюцца ў пазухах лістоў адных галінак, а архегоніі — групамі на верхавінах іншых галінак. У антэрыдыях утвараецца вялікая колькасць сперматазоідаў, у архегоніях — па адной яйцаклетцы. Апладненне адбываецца толькі пры наяўнасці вады. Пасля апладнення з зіготы ўтвараецца бясполае пакаленне — спарафіт. Ён уяўляе сабой шарападобную каробачку з накрыўкай, якая размяшчаецца на гаметафіце. Унутры каробачкі знаходзіцца спарангій, у якім выспяваюць споры. Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, спора прарастае, і з яе развіваецца зялёная пласцінка пратанемы. На ёй праз некаторы час утвараецца пупышка, якая дае пачатак новай расліне гаметафіта.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с. : іл. ISBN 978-985-03-1340-9