Сядзібна-паркавы ансамбль Зіберг-Плятэраў (Гарадзец)
Славутасць | |
Сядзібна-паркавы ансамбль Зіберг-Плятэраў | |
---|---|
| |
55°20′33″ пн. ш. 27°53′18″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Гарадзец |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Будынкі | |
палац • капліца • гаспадарчыя пабудовы • уязная брама | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000836 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сядзібна-паркавы ансамбль Зіберг-Плятэраў — помнік палацава-паркавай архітэктуры XVIII—XIX стст. Знаходзіцца ў в. Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Уключае палац, парк, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, капліцу. Кампазіцыйным цэнтрам сядзібы з'яўляецца палац. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. з цэглы ў стылі класіцызму. У пачатку XX ст. часткова перабудаваны, змененыя аздабленне фасадаў і ўнутраная планіроўка, але захаваная агульная кампазіцыя. Выцягнуты аднапавярховы будынак мае двухпавярховую цэнтральную частку, вылучаную чатырохкалонным порцікам. Фасады аздобленыя прафіляванымі ліштвамі аконных праёмаў, на другім паверсе — дадаткова пілястрамі і сандрыкамі. У цэнтральнай частцы першага паверху размяшчаліся вестыбюлі і парадная зала з выхадам на тэрасу, на другім — жылыя пакоі. Бакавыя часткі мелі калідорную планіроўку.
Гаспадарчыя будынкі зробленыя ў другой палове XIX ст. з бутавага каменю, аздобленыя цаглянымі лапаткамі, ліштвамі. Арнаментальныя ўстаўкі з бутавага каменю ўпрыгожваюць уязную браму.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Тры крутыя выгіны ракі Мнюта ўдала выкарыстаныя для стварэння пейзажнай кампазіцыі парку і штучных вадаёмаў.
За ракой па восі палацу — паляна з маляўнічымі групамі бяроз (Betula). Парк абсаджаны дрэвамі лісцевых парод з паасобнымі елкамі (Picea). У дэндралагічным складзе трапляюцца елка блакітная (Picea pungens), вярба белая ніцая (Salix alba), лістоўніца еўрапейская (Larix decidua) і дэкаратыўны хмызняк — спірэя (Spiraea), шыпшына (Rosa), бэз (Syringa) і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сядзібна-паркавы ансамбль Зіберг-Плятэраў (Гарадзец)
- Сядзібна-паркавы ансамбль Зіберг-Плятэраў (Гарадзец) на сайце Radzima.org
- Сядзібна-паркавы ансамбль Зіберг-Плятэраў (Гарадзец) на сайце Глобус Беларусі (руск.)