Сяргей Валер’евіч Волкаў
Сяргей Валер’евіч Волкаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 21 жніўня 1977 (47 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Прафесія | тэатральны акцёр, тэатральны рэжысёр, палітычны вязень |
Тэатр |
Сяргей Валер’евіч Волкаў (нар. 21 жніўня 1977) — акцёр Палесскага драмтэатру, арганізатар і рэжысёр тэатральнай студыі «Пераадоленне», арганізатар культурніцкіх мерапрыемстваў. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Волагдзе, сваякі Сяргея па лініі бацькі паходзяць з Расіі, але калі яму быў год, бацькі-інжынеры прыехалі працаваць у Пінск, дзе атрымалі кватэру і аселі. Творчыя здольнасці праяўляў ужо ў дзяцінстве, яго брат Яўген узгадвае: «Ён пісаў вершы, п’есы, оды… Браў удзел у розных аматарскіх гуртках. Усе яго творы ў асноўным ціхенька захоўваліся ў рукапісах, але жаданне неяк пераносіць гэта на сцэну перамагло — і, ужо будучы жанатым, з дзецьмі, ён вырашыў атрымаць тэатральную адукацыю. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры на рэжысёра святаў і абрадаў. Прычым там не было завочнага аддзялення, так што малады тата вучыўся на дзённым. Але ўсё давёў да канца»[1].
У Палескім драматычным тэатры ў Пінску Волкаў граў ад адкрыцця тэатра ў красавіку 2006 года, раней выконваў ролі ў студыі «Дыяген» (кіраўнік студыі і першы дырэктар тэатру Іван Іванавіч Базан), якая і стала асновай для тэатра[2]. Выконваў ролі Кулігіна («Навальніца» Астроўскага), Дзясяцкага («Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча), Селяніна («Рагнеда» Дударава), Ваўка у дзіцячым спектаклі-казцы «Памяранцавы вожык», дзясяткі іншых роляў. Пасля затрымання Волкава, яго калегі адзначалі, што «Сяргей як акцёр незаменны, ён вельмі любіць сцэну, умее граць на некалькіх музычных інструментах, што былі задзейнічаныя ў некаторых спектаклях. Ён заўсёды за мастацтва: і хваляваўся, і прыдумваў, і выконваў. Кожную ролю ён ствараў, доўга капаючыся ў сабе, і яна атрымлівалася напоўненай і скончанай, не падобнай да іншых. Цяпер у некаторыя спектаклі вымушаныя на яго ролі ўводзіць іншых акцёраў. А тыя, дзе яго нельга замяніць, спісваюць. Адсутнасць Сяргея — вялікая страта для тэатра»[1].
Таксама выкладаў тэатральнае майстэрства для дзетак у Пінскім гарадскім доме культуры (студыя «Фанарыкі Дыягена»). Супрацоўнічаў з створанай Нінай Грынько на базе Пінскай арганізацыі інвалідаў тэатральнай студыяй «Пераадоленне», якая складалася з маладых інвалідаў і людзей з асаблівасцямі псіхафізычнага развіцця; разам з гэтым тэатрам Волкаў, як арганізатар і рэжысёр, прымаў удзел у розных тэатральных фестывалях, быў лаўрэатам 1-ай прэміі Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў «Славянскі базар-2010» (намінацыя «Тэатральнае мастацтва»), лаўрэатам Міжнароднага фестывалю жыццятворчасці інвалідаў «Шлях до успіху» ў Запорожжы (Украіна), прымаў удзел у фестывалях асаблівых тэатраў у Любліне, Львове, Кіеве[3][4]. Акрамя гэтага, Волкаў ладзіў у Пінску народныя святы і рэканструкцыі абрадаў.
Калі праз эпідэміялагічную сітуацыю ў 2020 годзе ў тэатры прыпынілі паказы спектакляў, Волкаў пайшоў працаваць санітарам у бальніцу[1].
Акрамя тэатральнага мастацтва, Волкаў захапляецца шахматамі, грае на некалькіх музычных інструментах, з-за кратаў дасылае вершы.
У Сяргея трое сыноў: Мікіта (таксама, як і бацька, праходзіў па «пінскай справе»), Віктар і Міраслаў, Віктар мае дыягназ ДЦП. Жонка Таццяна.
Палітычны пераслед
[правіць | правіць зыходнік]Сяргей Волкаў быў затрыманы 5 мая 2021, калі шоў на працу ў тэатральны гурток у ДК, яму прад’явілі абвінавачанне па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), узбуджанай па падзеях у Пінску ў ноч пасля выбараў 9 жніўня («Пінская справа»), ён быў змешчаны ў СІЗА № 6 у Баранавічах.
18 мая 2021 года сумеснай заявай дзевяці беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Сяргей Волкаў быў прызнаны палітычным зняволеным[5].
Разгляд крымінальнай справы Волкава і іншых у судзе пачаўся 31 мая 2021, справу «другой партыі» падсудных (раней па гэтай справе ўжо былі асуджаны 14 чалавек) разглядала суддзя Вера Філонік, бок абвінавачвання быў прадстаўлены пракурорамі Міхаілам Дайнекам і Сцяпанам Ляшком. Мужчын вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, гвалце ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі (у справе пералічаны 109 пацярпелых міліцыянтаў), знішчэнні маёмасці, грубым парушэнні грамадскага парадку[6]. За выключэннем Сяргея Волкава, усе фігуранты справы прызналі, што здзяйснялі дзеянні, прад’яўленыя ў абвінавачванні: кідкі рознымі прадметамі, але пры гэтым яны не пераследавалі мэты прычынення каму-небудзь цялесных пашкоджанняў або прымянення гвалту. Волкаў жа растлумачыў, што падабраў з зямлі запальнічку, каб выкарыстоўваць яе ў наступным, але зразумеў, што яна няспраўная і адкінуў у бок. Усе абвінавачаныя таксама казалі, што не бралі ўдзелу ў масавых беспарадках, не дзейнічалі групай асоб, бо не былі адзін з адным знаёмыя, не ўжывалі гвалту, не пашкоджвалі і не знішчалі чужой маёмасці. Волкаву дзяржабвінаваўцы запрасілі 4 гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму[7]. У сваім апошнім слове на судзе Волкаў заявіў, што «Беларуская справядлівасць — гэта, перш за ўсё, банальная помста з намерам запалохаць грамадзян, а ідэалогія дае ўмоўнае апраўданне злачынству», таксама працытаваў радкі з Евангелля. У выніку 6 ліпеня 2021 суддзя Філонік прызначыла ўсім дзесяці падсудным менавіта такія тэрміны, якія раней запрасілі пракуроры, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала ўсіх абвінавачаных па гэтай справе палітзняволенымі[8].
У той жа дзень, 6 ліпеня 2021 года, шэфства (сімвалічнае хроснае бацькоўства) над Сяргеям Волкавым узяла Моніка Грутэрс, дэпутатка Бундэстага і дзяржаўная міністарка культуры Германіі[9][10].
Волкаў утрымліваецца ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове, дзе працуе на дрэваапрацоўцы, робіць паддоны. З-за кратаў дасылае вершы[11].
Зноскі
- ↑ а б в Зорка Палескага тэатра, рэжысёр студыі для людзей з асаблівасцямі цяпер палітзняволены. Расказваем гісторыю пінскага акцёра (бел.)
- ↑ 14 сакавіка 2021 г. — 15 гадоў з дня адкрыцця Палескага драматычнага тэатра ў г. Пінску (2006) (бел.)
- ↑ Особенному театру «Преодоление» из Пинска нужна ваша поддержка (руск.)
- ↑ Особенный театр «Преодоление» показал премьерный спектакль в Пинске (руск.)
- ↑ Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 21 новага палітвязня (бел.)
- ↑ У Брэсце пачаўся суд над другой партыяй абвінавачаных па «пінскай справе» (бел.)
- ↑ Ад 4 да 5,5 гадоў пазбаўлення волі запрасіў пракурор для яшчэ 10 фігурантаў «Пінскай справы» (бел.)
- ↑ У Брэсце вынеслі прысуды другой партыі абвінавачаных па «Пінскай справе» (бел.)
- ↑ Libereco – Partnership for Human Rights. Members of Parliament from Ireland, Poland and Germany take over godparenthoods of Siarhei Verashchahin, Andżelika Borys and Siarhei Volkau (англ.) (6 ліпеня 2021). Праверана 11 мая 2022.
- ↑ https://spring96.org/be/news/104394
- ↑ «Сябры адышлі на задні плян, яму ніхто зь іх ня піша». Што зараз зь пінскімі палітвязьнямі? (бел.)