Сяргей Уладзіміравіч Сыч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяргей Уладзіміравіч Сыч
Дата нараджэння 22 студзеня 1971
Месца нараджэння
Дата смерці 13 ліпеня 1993
Месца смерці пункт дыслакацыі 12-й заставы на афгана-таджыкскай мяжы
Род войскаў пагранічныя войскі
Гады службы 1989—1993
Званне старшы сяржант
Часць 12-я застава Маскоўскага пагранатрада
Бітвы/войны Грамадзянская вайна ў Таджыкістане
Узнагароды і званні
Ордэн «За асабістую мужнасць»
Ордэн «За асабістую мужнасць»

Сяргей Уладзіміравіч Сыч (22 студзеня 197113 ліпеня 1993) — старшы сяржант[1] групы расійскіх памежнікаў у Таджыкістане, удзельнік бою на 12-й заставе Маскоўскага пагранатрада.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Рэчыцы ў рабочай сям’і[1].

У 1986 годзе скончыў СШ № 6 і паступіў у Азярнінскае сярэдняе ПТВ-178, дзе вучыўся на механізатара, захапляўся тэхнікай і спортам, атрымаў правы кіроўцы. Увосень 1989 года прызваны ў пагранвойскі КДБ СССР. У снежні гэтага ж года прыняў прысягу. Служыў на 12-й заставе 117-га Маскоўскага памежнага атрада (Таджыкская ССР), на мяжы з Афганістанам. З мэтай зарабіць на аўтамабіль застаўся на звыштэрміновую службу. Па вяртанні з арміі таксама планаваў ажаніцца са сваёй дзяўчынай і паступіць у мінскі палітэх[1][2].

Пасля развалу СССР быў у ліку беларусаў, якія вымушана працягвалі сваю службу ў цяпер незалежным Таджыкістане, бо не было магчымасці адразу іх вярнуць на радзіму. У той момант у краіне пачалася грамадзянская вайна[3].

У снежні 1993 года яго кантракт павінен быў скончыцца, але 13 ліпеня заставу, дзе служыў Сыч, атакавалі афганскія маджахеды і апазіцыя. У самым пачатку бою[1], выскачыўшы з доўгачасовага агнявога збудавання, ён загінуў ад кулявога ранення ў галаву, калі яму ў патыліцу трапіў буйны калібр[4].

Вайскоўца пахавалі ў Рэчыцы[1]. Ваенкамат пастараўся, каб яго праводзілі ў апошні шлях з ваеннымі ўшанаваннямі. Пахаванне Сыча выклікала здзіўленне ў жыхароў Рэчыцы: так як вайна ў Афганістане скончылася чатыры гады таму, насельніцтва не зусім зразумела як і дзе загінуў вайсковец. Збольшага гэта адбылося таму, што ў тыя гады ў Беларусі яшчэ не ведалі ўсёй сітуацыі на 12-й заставе[2].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Бацька Уладзімір Цярэнцьевіч працаваў токарам, маці Валянціна Іванаўна была поварам[1]. Меў малодшую сястру Таццяну[2]. Дзяўчыну, з якой Сыч збіраўся ажаніцца пасля службы, звалі Наталля[1].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Доўгія гады памяць аб ваеннаслужачым захоўвалі толькі ў пагранвойсках Беларусі[5].

24 жніўня 2012 года ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў артыкул «Забытый пограничник Сыч» за аўтарствам Рамана Рудзя. Выданне адзначыла, што імёнамі расіян, якія загінулі на 12-й заставе, названы вуліцы, а бацькі вайскоўцаў атрымалі падзякі ўладаў, у той час як беларусу Сяргею Сычу ўвага не нададзена. Больш за тое, маці забітага дзяржаўныя органы ніяк не аддзячылі. Аўтар таксама прапанаваў паспрыяць яго малодшай сястры, якая пасля заканчэння каледжа мела цяжкасці з пошукам працы. Як напісаў Рудзь, ён чакае пэўную рэакцыю мясцовых уладаў пасля выхаду артыкула. У канцы ад рэдакцыі было дададзена: «спадзяемся, што гэты матэрыял уважліва прачытаюць у Гомельскім аблвыканкаме, у Рэчыцы, у БРСМ»[2].

«Значыць, поп-спявак, які з’ехаў жыць у Нарвегію, — з усіх бакоў беларус, а хлопец, які загінуў у Таджыкістане, — ужо нам не зямляк? Мякка кажучы, непарадак, які трэба выправіць».

— Неназваны пагранічнік у артыкуле Р. Рудзя.

Пасля публікацыі артыкула мясцовыя органы ўлады актывізаваліся, і 27 мая 2013 года, напярэдадні Дня пагранічніка, яго імя прысвоена сярэдняй школе № 6[5].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Сяргей Сыч быў пасмяротна ўдастоены ордэна «За асабістую мужнасць»[2][4].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё Ирина Дарина. Речичанин Сергей Сыч: 25 лет подвигу // Дняпровец : газета. — 20 июля 2018.
  2. а б в г д Роман Рудь. Забытый пограничник Сыч // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 24 августа 2012.
  3. Ян Жур. «Не мог и слова вымолвить»: белорус поехал на машине в опасное место, чтобы побывать там, где когда-то служил. Чем это закончилось? // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 11 октября 2019.
  4. а б Вячеслав Бондаренко. Один из двадцати пяти: Сергей Сыч // IMHOclub : портал. — 30 сентября 2018.
  5. а б Роман Рудь, Виталий Гиль. В канун Дня пограничника в Речице состоялась торжественная церемония по присвоению местной школе № 6 имени геройски погибшего при охране границы Сергея Сыча // СБ. Беларусь сегодня : газета. — №95 (24232) — 28 мая 2013.