Беларусы ў грамадзянскай вайне ў Таджыкістане

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ураджэнцы Беларускай ССР, прызваныя ў 1990—1991 гадах у савецкія войскі, на працягу 1992—1993 гадоў вымушана знаходзіліся на тэрыторыі Таджыкістана і прымалі ўдзел ва ўнутраным канфлікце паміж цэнтральнай уладай і апазіцыяй. У наступным яны сутыкнуліся з праблемай атрымання пасведчанняў ветэранаў баявых дзеянняў, паколькі фармальна грамадзян Рэспублікі Беларусь у краіне не было. Гэтае пытанне прапрацоўвалася дзяржорганамі і запатрабавала паправак у Закон «Аб ветэранах».

Воінскія часці[правіць | правіць зыходнік]

Ваенныя камісарыяты ў снежні 2016 года апублікавалі наступны пералік воінскіх часцей, дзе служылі альбо маглі служыць грамадзяне рэспублікі[1]:

  • 9998 — Упраўленне пагранічных войск Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Таджыкістан;
  • 2066 — Пянджскі пагранічны атрад (г. п. Пяндж);
  • 2033 — Маскоўскі пагранічны атрад (п. Маскоўскі);
  • 2022 — Харогскі пагранічны атрад (г. Харог);
  • 2111 — Калай-Хумскі пагранічны атрад (г. п. Калай-Хум);
  • 9820 — Мургабскі пагранічны атрад (г. п. Мургаб); 
  • 2066 — Ішкашымскі пагранічны атрад (г. п. Ішкашым);
  • 2421 — 17-ы вучэбны пагранічны атрад;
  • 2014 — асобны батальён сувязі (г. Душанбэ);
  • 9809 — авіяцыйны полк (г. Душанбэ);
  • 9870 — асобны інжынерна-сапёрны батальён;
  • 9855 — асобная будаўнічая рота;
  • 2170 — тапаграфічны пагранічны атрад;
  • 2445 — база забеспячэння і захоўвання;
  • 2528 — ваенны шпіталь;
  • 2591 — тэхнічная эксплуатацыйная часць;
  • 2158 — асобная авіяэскадрылля (г. п. Маскоўскі);
  • 2176 — асобная авіяэскадрылля (г. п. Пяндж);
  • 2081 – асобная радыётэхнічная служба (п. Гісар);
  • асобны кантрольна-прапускны пункт «Душанбэ» (АКПП «Душанбэ»).

Многія фарміраванні адсюль адносіліся да групы пагранічных войск Расіі.

У верасні 2019 года ў ліку падраздзяленняў з беларускімі салдатамі ваеннымі камісарамі названа 201-я мотастралковая дывізія[2].

Ваенная служба[правіць | правіць зыходнік]

У савецкі перыяд жыхары краіны накіроўваліся на ваенную службу ў Таджыкскую ССР, дзе пасля выконвалі задачы ва ўмовах надзвычайнага становішча і пры ўзброеным канфлікце. Яны дыслакаваліся на тэрыторыі прыгранічных раёнаў у перыяд з 1992 па 1993 год[1]. На момант пачатку баявых дзеянняў тут знаходзілася каля 700 беларусаў. Большую частку прызвалі ў 1990 і 1991 гадах. Пасля развалу СССР адклікаць усіх адразу дадому не атрымлівалася. Таму яны вымушаны былі працягваць службу і нават прыняць удзел у канфлікце[3].

Беларускія прызыўнікі трапілі галоўным чынам у пагранвойскі КДБ СССР і апынуліся на граніцы з ДРА. З пачаткам вайны яны ўдзельнічалі ў баявых аперацыях па перахопе караванаў са зброяй і прыкрывалі эвакуацыю мірнага насельніцтва (так, напрыклад, як пісаў вайсковы журналіст Сяргей Пцічкін, беларусы разам з іншымі задзейнічаны пры выратаванні 500 рускіх закладнікаў на чыгуначнай станцыі Душанбэ-2[4]). У гэты час у пагранатрадах, што ўжо не падпарадкаваліся савецкаму кіраўніцтву, але яшчэ не ўвайшлі ў склад УС РФ, заставалася блізу 60 % байцоў. Многія афіцэры, з’язджаючы ў адпачынак, не вярталіся на мяжу, а таму іх месца даводзілася займаць сяржантам з Беларусі[5]. Акрамя камандзіраў з іншых савецкіх рэспублік, свае часці пакідалі афіцэры і з ліку беларусаў, пра што пісаў у сваёй кнізе «Таджикистан 1992–2005. Война на забытой границе» Андрэй Мусалаў[6].

Увесь 1992 год беларусы працягвалі несці службу ў краіне і паступова невялікімі партыямі вярталіся на радзіму. Апошняя група ў складзе 100 чалавек пакінула «гарачую кропку» ў лістападзе[5]. Ураджэнцы рэспублікі заставаліся ў Таджыкістане і пасля гэтага, але 3 лістапада 1992 года быў прыняты Закон «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», пасля чаго ўсе беларусы, якія служылі за межамі краіны, апынуліся вайскоўцамі замежных армій[7].

Ветэранскі статус[правіць | правіць зыходнік]

У адрозненне ад беларусаў, якія ваявалі ў Афганістане, удзельнікі вайны ў Таджыкістане не атрымалі статус ветэранаў, бо фармальна грамадзян рэспублікі там не было. Вайскоўцы спрабавалі выправіць гэтую сітуацыю. Яны доўгія гады наведвалі дзяржаўныя ведамствы з запытамі даць ім патрэбны статус. На звароты прыходзілі падобныя адказы: «Беларусь з 1.01.1992 года заявіла аб сваім суверэнітэце і не прымала ўдзелу ў падпісанні Мемарандума аб супрацоўніцтве па ахове таджыкска‑афганскай мяжы». Газета «СБ. Беларусь сегодня» спасылалася на прыклад Расіі, дзе падобную юрыдычную праблему выправілі ў 2011 годзе, унёсшы неабходныя змены ў закон «Аб ветэранах». Дзякуючы гэтаму каля 23 тысяч расіян прызналі ўдзельнікамі баявых дзеянняў[5][3].

У снежні 2016 года ў сувязі з прапрацоўкай пытання аб унясенні змяненняў у Закон «Аб ветэранах» іх запрашалі звярнуцца ў ваенныя камісарыяты. У той момант пачаліся работы па распаўсюджванню статусу ветэранаў. Чыноўнікам неабходна было ўдакладніць колькасць магчымых удзельнікаў вайны ў Таджыкістане[1]. У 2019 годзе пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны стварылі міжведамасную групу па прапрацоўцы канцэпцыі і структуры новай рэдакцыі Закона «Аб ветэранах». Чыноўнікі пачалі мерапрыемствы па вызначэнні колькасці ўдзельнікаў канфлікту. Для гэтага яны зноў прасілі былых вайскоўцаў прыбыць у ваенныя камісарыяты[3]. Пад увагай знаходзіліся тыя, хто быў у Таджыкістане ў верасні–кастрычніку 1992 года[8].

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Игорь Нисловский. В военкомате уточняют информацию о количестве военнослужащих, направлявшихся в 90-е годы в Таджикскую ССР // Дняпровец : газета. — 15 декабря 2016.
  2. Наталья Королькевич. «Горячим» был не только Афган: разыскиваются червенцы, служившие в Таджикистане // Раённы веснік : газета. — 10 верасня 2019.
  3. а б в г д е Ян Жур. «Не мог и слова вымолвить»: белорус поехал на машине в опасное место, чтобы побывать там, где когда-то служил. Чем это закончилось? // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 11 октября 2019.
  4. Сергей Птичкин. Поезд живых // Независимая газета : газета. — 28 декабря 2012.
  5. а б в г Роман Рудь. Закон «О ветеранах»: О долге и последствиях // СБ. Беларусь сегодня : газета. — № 100. — 3 июня 2013.
  6. Андрей Мусалов «Таджикистан 1992-2005: Война на забытой границе», страница 4
  7. Белорусам, которые осенью 1992-го года служили в Таджикистане, могут дать статус ветерана боевых действий
  8. Сяргей Жабенак. Солдат, служивших в Таджикистане в 1992 году просят зайти в военкомат // Мёрскія навіны : газета. — 6 верасня 2019.
  9. Архив новостей газеты «Контингент». Публикация 17 ноября 2019

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]