Перайсці да зместу

Сіддзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сіддзі
Танцоры-сіддзі з Гуджарата
Агульная колькасць 11 420 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання  Індыя,  Пакістан  
Мова
Рэлігія культ продкаў, іслам, індуізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Сі́ддзі, сі́дхі, шы́ддзі (хіндзі: सिदी, урду: شیدی), таксама хабшы (літаральна "эфіопы", ад перс.: حبشه) — негроідная расавая група ў Паўднёвай Азіі. Жывуць пераважна на поўдні і захадзе Індыі і на поўдні Пакістана. У Гуджараце і Дамане, дзе іх колькасць складае 11420 чалавек (2014 г.)[1][2], прызнаюцца асобнай этнічнай групай. Агульная колькасць індыйцаў і пакістанцаў афрыканскага паходжання можа дасягаць болей за 200 тысяч чалавек. Размаўляюць на мовах тых народаў, сярод якіх жывуць.

Сіддзі з'яўляюцца нашчадкамі афрыканцаў, якія траплялі ў Паўднёвую Азію ў якасці рабоў, слуг і маракоў. Гандлёвыя сувязі паміж Усходняй Афрыкай і паўвостравам Індастан былі ўсталяваны ўжо ў ранняе сярэднявечча. Усходнеафрыканская дзяржава Аксум з'яўлялася важным пасрэднікам на марскім шляху паміж Міжземнамор'ем і Індыяй[3].

Эмі Кэтлін, амерыканская даследчыца культуры сіддзі, лічыць, што іх з'яўленне ў Паўднёвай Азіі датуецца XII - XIX стст.[4] і галоўным чынам было звязана з больш познімі кантактамі паміж індыйцамі і суахілі, пасрэднікамі паміж якімі часцяком былі арабы. Пасля адкрыцця прамога марскога шляху паміж Еўропай і Індыяй у гандлі афрыканскімі рабамі ў Паўднёвай Азіі таксама прымалі ўдзел партугальцы і галандцы. У фальклоры прыбярэжных раёнаў Заходняй Індыі сіддзі ўзгадваюцца як піраты-рабаўнікі[5].

Некаторыя здатныя афрыканцы рабілі кар'еру ў войску або пры двары паўднёваазіяцкіх валадароў, але большасць аказвалася на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы. Адарваныя ад радзімы, сіддзі перажылі працэс асіміляцыі, страцілі родныя мовы, але захавалі некаторыя культурныя адрозненні ў вусным фальклоры і музыцы.

Генетычныя даследаванні[6] выявілі, што сіддзі Карнатакі і Гуджарата паходзяць ад банту і верагодна з'яўляюцца нашчадкамі позніх афрыканскіх мігрантаў. Акрамя таго, у іх прысутнічае паўднёваазіяцкая і еўрапейская (партугальская) генетычная спадчына.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Сіддзі звычайна жывуць у вёсках або на ўскраінах гарадоў, і ў паўседзённай культуры мала адрозніваюцца ад іншага мясцовага насельніцтва. Асобнае месца займае музычная спадчына сіддзі. Яна фарміравалася пад моцным ўплывам мусульманскіх суфійскіх традыцый, але на думку некаторых даследчыкаў яна захоўвае афрыканскія карані гэтага народа[7]. Папулярны рытмічныя мелодыі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — цыліндрычны нашыйны барабан мусінда, бразготкі з какосаў, музычны лук малунга і інш. Сіддзі Гуджарата вядомы рытмічным мужчынскім танцам дхамал[8], які суправаджае суфійскія святы. Вусная народная спадчына сіддзі апавядае легендарныя паданні аб суфійскім чарнаскурым святым Горы-Піры, гістарычныя паданні аб службе індуісцкім і мусульманскім валадарам[9] і г. д.

Большасць вернікаў-сіддзі спавядаюць іслам. Сярод вернікаў-мусульман Гуджарата і Пакістана распаўсюджаны суфізм і шанаванне чарнаскурага суфійскага святога Горы-Піра. Некалькі тысяч вернікаў-сіддзі з'яўляюцца індуістамі — прадстаўнікамі ніжэйшых каст або хрысціянамі. Захаваўся культ шанавання продкаў хірыяру[10].

Зноскі