Тамара Андрэеўна Бірыч
Тамара Андрэеўна Бірыч | |
---|---|
Дата нараджэння | 5 красавіка 1939 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 студзеня 2015 (75 гадоў) |
Маці | Таццяна Васілеўна Бірыч |
Род дзейнасці | афтальмолаг |
Навуковая сфера | афтальмалогія |
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук |
Альма-матар |
|
Прэміі | |
Узнагароды |
Тамара Андрэеўна Бірыч (5 красавіка 1939, Мінск — 10 студзеня 2015) — беларускі афтальмолаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар (1988). Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (1997).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 5 красавіка 1939 года ў Мінску. Дачка Таццяны Васільеўны Бірыч — вядомага афтальмолага і першай жанчыны-прафесара ў Беларусі.
Скончыла Мінскі медыцынскі інстытут (1962) па спецыяльнасці ўрач-лячэбнік. З 1962 па 1963 год працавала лекарам-акулісткай Барысаўскай раённай паліклінікі. З 1963 па 1975 год — урачом-ардынатарам вочнага аддзялення 3-яй клінічнай бальніцы горада Мінска імя А. У. Клумава.
Скончыла завочную аспірантуру Маскоўскага НДІ вочных хвароб імя Гельмгольца ў Маскве і абараніла кандыдацкую дысертацыю ў 1971 годзе. З 1975 года працавала ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі інстытут спачатку на пасадзе асістэнта кафедры вочных хвароб, затым дацэнта. З 1985 па снежань 2005 года — загадчыца кафедры вочных хвароб.
З 1988 года — доктар медыцынскіх навук, прафесар з 1989 года.
У 1995 годзе была выбрана членам Міжнароднай арганізацыі за прадухіленне слепаты ў свеце, у 2001 годзе — членам Еўрапейскага таварыства афтальмолагаў. У 1997 годзе была намінаваная Амерыканскім біяграфічным інстытутам ЗША і Англіі як «Жанчына года».
Тамара Бірыч выконвала вялікую грамадскую работу, з’яўлялася старшынёй рэспубліканскага навуковага таварыства афтальмолагаў, намесніцай галоўнага рэдактара «Беларускага афтальмалагічнага часопіса», членам спецыялізаванага Савета па абароне дысертацый.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны напрамак даследаванняў — засваенне і распрацоўка тэхналогій у аператыўнай хірургіі глаўкомы, захворванняў аптычнага апарата вачэй, сятчаткі, рэканструкцыі пярэдняга аддзела вока з прычыны захворванняў і траўматычнага пашкоджання органа зроку.
Цыкл распрацовак па ранняй дыягностыцы першаснай глаўкомы, заснаваны на колькаснай ацэнцы мікрацыркуляцыі дыска глядзельнага нерва, вывучэнні малекулярна-біяхімічных механізмаў павелічэння ўнутрывокавага ціску дазволілі вывучыць эціапатагенез дадзенага захворвання. Біяхімічныя даследаванні механізмаў павышэння УВЦ праводзіліся сумесна і на базе інстытута фізіялогіі НАН РБ.
У выніку праведзеных фундаментальных даследаванняў быў укаранёны спосаб ранняй дыягностыкі першаснай адкрытавугольной глаўкомы, распрацаваны патагенетічна арыентаваныя метады як медыкаментознага, так і хірургічнага лячэння першаснай глаўкомы з прымяненнем прэпаратаў анціаксідантнага, сасудапашыральнага і нейрапратектарнага дзеяння на тканкі вока; прымяненне хірургічнага лячэння глаўкомы з дапамогай дазаванага ўздзеяння пры разрэзах ў галіне дрэнажнай зоны адтоку. Прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы сумесна з інстытутам фізікі НАН РБ лазерных афтальмакаагулятараў.
Узначаліла рэканструктыўны кірунак у афтальмахірургіі вачэй, упершыню ў рэспубліцы ўжыла ў практыцы хірургічнае лячэння катаракты імплантацыяй штучнага крышталіка, лячэбную і аптычную кератапластыкі, укараніла новыя спосабы лячэння адпластавання сятчаткі і іншых захворванняў вока. У практыку аховы здароўя ўкараніла аднамомантавую рэканструктыўна-аднаўленчую хірургічную методыку лячэння цяжкіх наступстваў траўмаў і захворванняў пярэдняга адрэзка вока.
Займалася вывучэннем ўздзеяння малых доз радыяцыі ў асоб, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. У выніку масавых абследаванняў насельніцтва, якое пражывае на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях рэспублікі, быў знойдзены рост такіх захворванняў, як катаракты, сасудзістых захворванняў вачэй, павелічэнне прыроджанай паталогіі і анамалій рэфракцыі ў дзяцей у параўнанні з дачарнобыльскім перыядам.
У апошнія гады разам з вучнямі вяла даследаванні па распрацоўцы новых спосабаў лячэння захворванняў вочнага дна, укаранёны камп’ютэрныя метады ранняй дыягностыкі (скрынінг) і дынамічнага назірання (маніторынг) за хворымі з дыябетычнай рэтынапатыяй, новыя лазерныя метады лячэння захворванняў вачэй.
Сумесна з ІФ НАНБ і ГП ЛЭМТ удзельнічала ў рабоце па выкананні 2-х Дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, звязаных з распрацоўкай і вытворчасцю айчынных лазерных афтальмалагічных прыбораў (1992—1994 гг. і 1998—1999 гг.). У выніку выканання гэтых праграм былі створаны лазерныя афтальмалагічныя прыборы, якія знайшлі шырокае прымяненне ў афтальмалогіі нашай краіны і ў краінах СНД.
Аўтар 250 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій, 2 даведнікаў для лекараў, 2 падручнікаў па вочным хваробам для сярэдняга медперсаналу і ў 2007 годзе з яе удзелам быў апублікаваны падручнік па вочным хваробам для студэнтаў ВНУ. Яна мела 3 аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы СССР, а таксама 8 патэнтаў на вынаходніцтвы РБ (2005—2011 гг.).
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (1997).
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2000, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Механізмы развіцця, метады і сродкі лячэння глаўкомы, катаракты, фотапашкоджанняў сятчаткі вока».
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бірыч Тамара Андрэеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 158. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарадзіліся 5 красавіка
- Нарадзіліся ў 1939 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 10 студзеня
- Памерлі ў 2015 годзе
- Дактары медыцынскіх навук
- Выпускнікі педыятрычнага факультэта БДМУ
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Заслужаныя ўрачы Рэспублікі Беларусь
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Афтальмолагі Беларусі
- Афтальмолагі СССР