Перайсці да зместу

Трансмісіўныя хваробы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Трансмісі́ўныя хваро́бы[1] (ад лац.: transmissio — пераход, перадача) — інфекцыйныя хваробы чалавека, сельскагаспадарчых і дзікіх жывёл, перадача ўзбуджальнікаў якіх адбываецца пры ўдзеле крывасосных членістаногіх.

Налічваецца больш за 200 трансмісіўных хвароб, у т.л. малярыя, тулярэмія, чума, сонная хвароба, эпідэмічны сыпны тыф і іншыя.

Пераносчыкі трансміміўных хвароб — вошы, блохі, кляшчы, клапы, камары і іншыя. Адрозніваюць спецыфічных і механічных пераносчыкаў. У арганізме спецыфічных пераносчыкаў узбуджальнік хваробы праходзіць пэўны жыццёвы цыкл, можа размнажацца і назапашвацца, а можа праходзіць некалькі стадый развіцця, напрыклад, пераход яйка ў лічынкавую стадыю. Пры гэтым паразіт прыстасоўваецца да свайго гаспадара і можа выжываць толькі ў адпаведных навакольных умовах. Праз механічнага пераносчыка ўзбуджальнік праходзіць без развіцця і размнажэння, можа захоўвацца нейкі час на хабатку, паверхні цела або ў стрававальным тракце членістаногага (тыповы прадстаўнік — муха сямейства Muscidae[2]).

Узбуджальнікі: вірусы, бактэрыі, прасцейшыя.

Трансмісіўныя хваробы найбольш распаўсюджаныя ў мясцовасці, дзе маюцца праблемы ў захаванні сучасных норм санітарыі. Глабалізацыя гандлю, паездак і такія змены навакольнага асяроддзя, як змяненне клімату і урбанізацыя, прыводзяць да з’яўлення трансмісіўных хвароб у краінах, дзе яны былі раней невядомыя.

Большасць трансмісіўных хвароб — прыродна-ачаговыя, сезонныя. Сярод іх вылучаюць антрапазаанозы, заанозы. Для чалавека і жывёл падзяляюцца на

  • аблігатна-трансмісіўныя (узбуджальнікі перадаюцца толькі пераносчыкамі, напрыклад, малярыя, інфекцыйная анемія коней),
  • факультатыўна-трансмісіўныя (узбуджальнікі перадаюцца пераносчыкамі і праз ежу, паветра, ваду, напрыклад, сібірская язва, тулярэмія).