Тэафіл Эўгеніюш Барэці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэафіл Эўгеніюш Барэці
польск.: Teofil Eugeniusz Boretti
Фатаграфія
Дата нараджэння 17 снежня 1860(1860-12-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 мая 1910(1910-05-26) (49 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Юзаф Антоні Барэці[d]
Маці Антоніна Эмілія з Янікоўскіх[d]
Род дзейнасці фатограф, фатограф-аматар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тэафіл Эўгеніюш Барэ́ці (польск.: Teofil-Eugeniusz Boretti; 1860, Варшава, Царства Польскае — 1910) — польскі і беларускі фотамастак-пейзажыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Тэафіл з жонкай Стэфаніяй

Паходзіў са шляхецкага роду італьянскага паходжання. Нарадзіўся ў Варшаве ў шматдзетнай сям’і архітэктара Юзафа Антонія Барэці[pl] (1825—1878) і Антоніны Эміліі з Янікоўскіх (1829—1918). Рана асвоіў фатаграфію, паколькі многія яго сваякі, у тым ліку родны дзядзька і цёзка Тэафіл Барэці (1834—1910), — займаліся ёю прафесійна. У канцы XIX ст. жыў у г. Каліш, дзе працаваў разам са сваім старэйшым братам Вінцэнтам Барэці (1859—1932), які лічыўся найвядомейшым у горадзе фатографам. Пазней Вінцэнт адкрыў у 1881 годзе атэлье ў Мінску. Працаваў у Мінску яшчэ адзін брат — Восіп Барэці (1863—1965), яго атэлье існавала да пажару ў 1898 годзе. Тэафіл Барэці хацеў мець сваю справу, у 1892 г. трымаў атэлье ў Нясвіжы, і ў канцы 1890-х гг. ён апынуўся ў Мінску.

Шмат падарожнічаў па беларускіх гарадах і іх наваколлях, здымаў для душы. На яго фатаграфіях — Навагрудак, Нясвіж, Слуцк, Завоссе і інш. месцы. Шчыра палюбіў Беларусь, фатаграфаваў яе маёнткі і замкі, палацы і сялянскія сядзібы, чароўныя рамантызаваныя краявіды мемарыяльных мясцін, звязаных з Адамам Міцкевічам, Радзівіламі, іншымі знакамітымі арыстакратычнымі родамі. Свае працы фатограф паказаў у 1894 г. на Нацыянальнай выставе ў Львове, дзе выклікаў значны рэзананс. У 1900 г. быў выдадзены альбом фатаграфій Тэафіла Барэці «Widoki stron rodzinnych Adama Mickiewicza» («Краявіды родных мясцін Адама Міцкевіча»). Адзіны экзэмпляр альбома, які захаваўся да нашага часу, знаходзіцца ва ўнука, які носіць імя дзеда. Былі выдадзены і іншыя фотаальбомы, прысвечаныя юбілею Навагрудка і Слуцкаму павету. Асобныя фатаграфіі Тэафіла Барэці ўвайшлі ў альбом, прысвечаны архітэктуры г. Каліша (1896 г.). Альбомы былі вядомымі, узгадваліся ў літаратуры. Фатаграфіі размяшчаліся на паспарту, упрыгожваліся віньеткі з прыгожымі кветкамі.

У 1904 г. Тэафіл Барэці ажаніўся з С. Расацкай. У іх нарадзіліся дзве дачкі.

У 1908—1909 гг. фатограф з’ехаў у Скальмежыцы каля Каліша, дзе ў 1910 г. памёр.

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Доўгі час творчасць Тэафіла Барэці была незапатрабаванай і неактуальнай. У 2016—2017 гг. у Мінску, у Нясвіжы, у Навагрудку прайшлі выставы фатаграфій Тэафіла Барэці «Краявіды родных мясцін Адама Міцкевіча» з асабістай калекцыі першага міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь П. Краўчанкі. Унікальныя здымкі Тэафіла Барэці, аднаго з першых фотамастакоў-пейзажыстаў, захавалі для нашчадкаў краявіды радзімы Адама Міцкевіча на Навагрудчыне, відарысы архітэктурных помнікаў гарадоў і наваколля, пейзажаў Заходняй Беларусі. Бясцэннае значэнне для аднаўлення і рэстаўрацыі маюць фатаграфіі інтэр'ераў. Творчыя пошукі Тэафіла Барэці працягнулі Ян Булгак (1876—1950) і іншыя майстры мастацкай краязнаўчай фатаграфіі і пейзажа.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]