Нясвіжская ратуша

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Нясвіжская ратуша
Гарадская ратуша з гандлёвымі радамі з боку плошчы
Гарадская ратуша з гандлёвымі радамі з боку плошчы
53°13′08,42″ пн. ш. 26°40′52,25″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Нясвіж
Архітэктурны стыль рэнесанс, барока
Будаўніцтва ???—1596 гады
Будынкі:
Ратуша • гандлёвыя рады
Стан Адрэстаўравана

Нясвіжская ратуша (Нясвіж)
Нясвіжская ратуша
Нясвіжская ратуша

Гарадская ратуша з гандлёвымі радамі — помнік архітэктуры ХVI–XVIII стагоддзяў, у якім спалучаюцца рысы архітэктуры рэнесансу і барока. Размешчаны ў цэнтральнай частцы Нясвіжа на вул. Савецкай, 1а, 1б, 3 і вул. Беларускай, 2. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нясвіж атрымаў магдэбургскае права ў 1586 г. Прыкладна да 1596 г. на галоўнай Рыначнай плошчы горада была пабудавана ратуша. Па баках ратушы былі размешчаны два рады гандлёвых радоў. Прыкладна ў сярэдзіне XVIII ст. комплекс быў рэканструяваны, у выніку чаго быў дабудаваны рад крам з тыльнага боку ратушы. Такім чынам, будынак ратушы з трох бакоў агіналі гандлёвыя рады, якія адкрываліся да плошчы аркадамі[1].

Вядома, што ў гады Паўночнай вайны будынак ратушы гарэў. Быў адбудаваны ў стылі барока ў 1752 г. У 1784 г. праведзены рамонт ратушы ў сувязі з наведваннем горада каралём Станіславам Панятоўскім[1].

Нясвіжская ратуша ў пач. XX ст.

У часы Расійскай імперыі гарадскія магістраты былі скасаваны. У нясвіжскай ратушы засядала гарадская дума[1].

У 1806 г. князь Дамінік Радзівіл прызначыў на ўтрыманне ратушы і яе рамонт з сумы гарадскога збору піцейны падатак. Пытанне аб рамонце ратушнага будынка стаяла ў 18341835 гг., аднак рамонт не быў выкананы[1].

У 1836 г. вялікі пажар знішчыў па сутнасці жылыя кварталы ў цэнтры горада, згарэла каля 100 дамоў. Пад час пажару згарэў і будынак ратушы з крамамі. Пасля пажару верхні ярус ратушнай вежы не адбудавалі[1].

Флюгер ратушы. На заднім фоне езуіцкі касцёл і замак Радзівілаў

У 2-й палове XIX ст. у будынку ратушы на другім паверсе засядала гарадская дума, унізе былі крамы, свіран, частка будынка пуставала[1].

Чарговы раз пытанне аб рамонце будынка ратушы паўстала ў 1863 г. У 1870 г. быў выкананы рамонт даху і двух памяшканняў думы. У 18961901 гг. пад час чарговага рамонту папраўлены і падмацаваны сцены, нанава атынкаваны галоўны фасад з вежай, прыведзены ў парадак падвалы і прыстасаваны пад склады, устаўлены новыя аконныя рамы, унутры адрамантаваны памяшканні і прыстасаваны пад гарадскую залу для пасяджэнняў грамадскага сходу і інш[1].

У 1990-я гг. ратуша адноўлена ў першапачатковым выглядзе паводле праектнага плана канца XVI ст. і гравюры Т. Макоўскага XVII ст.[1] У чэрвені 2008 г. часткова згарэў дах гандлёвых радоў, які за некалькі дзён дах аднавілі.

Комплекс ратушы і гандлёвых радоў уваходзіць у Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж»[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Вежа ратушы

Ратуша[правіць | правіць зыходнік]

Нясвіжская ратуша ўяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак, які на тарцовым паўночным фасадзе мае высокую шасціярусную вежу над уваходам. Чатыры ніжнія ярусы чацверыковыя, 2 верхнія — васьмерыковыя ў плане. Вежа завяршаецца гранёным купалам з галоўкай. Пасля перабудовы ў сярэдзіне XVII ст. вежа стала чатырох'ярусная, была накрыта шатровым дахам[2]. Бакавыя часткі галоўнага фасада завершаны трохвугольнымі шчытамі[3]. Амаль пазбаўленыя дэкору сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і завершаны тонкім прафіляваным карнізам. Высокі двухсхільны вальмавы дах зрокава павялічвае аб'ём будынка[2].

Галоўны фасад

Унутраная планіроўка сіметрычная[3]. Першапачаткова на першым паверсе ратушы знаходзіліся адміністрацыйныя памяшканні магістрата і суда, на другім паверсе вялікая зала для ўрачыстых грамадзянскіх актаў і тэатральных паказаў. Зала мела скляпеністае перакрыцце; да яе з боку галоўнага ўваходу вяла шырокая аднамаршавая лесвіца[2].

Гандлёвыя рады[правіць | правіць зыходнік]

Аднапавярховыя мураваныя гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна ўздоўж бакавых фасадаў на даўжыню будынка. Тарцовыя фасады ратушы былі звязаны з гандлёвымі радамі арачнымі праездамі з брамамі. Крамы мелі выхад ва ўнутраныя дворыкі і ў бок арачных праездаў. Вонкавыя фасады гандлёвых радоў былі прарэзаны невялікімі аконнымі праёмамі[2].

Гандлёвыя рады

У сярэдзіне XVII ст. гандлёвыя рады падоўжаны за бакавыя фасады, акружылі будынак з трох бакоў, утвараючы ўнутраны прамавугольны дворык. Захаваліся 2 праезды ў дворык з боку галоўнага тарцовага фасада ратушы. Накрыты аднасхільным дахам, са схілам у бок двара[2], дзякуючы гэтаму над аркадамі ўтвараўся характэрны для беларускай архітэктуры магутны атык, раскрапаваны цягамі[1]. Уваход у крамы з боку плошчы і прылеглых вуліц. Сцены гандлёвых радоў прарэзаны арачнымі праёмамі, паміж якімі рытмічна размешчаны шырокія лапаткі. Сцены завершаны высокім атыкам з тонкім карнізным паяском. Над кожным арачным праёмам прамавугольныя нішы[2].

Аркады служылі ажурнай асновай для масіўнага будынка ратушы. Магчыма, яны былі навеяны італьянскімі прататыпамі, ад якіх, аднак, адрозніваюцца важкасцю і масіўнасцю агульнага аб'ёму[1].

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 Шаблон:Крыніцы/Памяць/Нясвіжскі раён
  3. 3,0 3,1 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]