Давыд-Гарадок
Горад
Давыд-Гарадок
| ||||||||||||||||||||||||
Давы́д-Гарадо́к[2] (афіц. транс.: Davyd-Haradok) — горад раённага падпарадкавання ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі. Насельніцтва 5 892 чал. (2017)[1].
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Знаходзіцца за 35 км на паўночны ўсход ад Століна, 280 км ад Брэста, каля ракі Гарынь. Старычнае возера Сешка.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Паводле археалагічных звестак, узнік у пачатку XII ст.. Мяркуюць, што заснаваў яго валынскі князь Давыд Ігаравіч, які ў 1100 г. атрымаў Пагарынне. Закладзены на былым гарадзішчы ў сутоках рэк Гарынь і Няпраўда (перасохла). Звонку горад быў умацаваны ровам, валамі і драўлянымі абарончымі сценамі. Раскопкамі праведзенымі ў 1937—1938 гг. польскім археолагам Р. Якімовічам і ў 1967 г. беларускім археолагам П. Ф. Лысенкам, выяўлены рэшткі шматлікіх жылых і гаспадарчых пабудоў, дваровых памостаў і вулічных маставых XII ст. Галоўная вуліца ўяўляла сабой насціл з колатых плашак, пакладзеных на каркасную аснову з падоўжных і папярочных лаг. Астатнія вуліцы мелі больш простую канструкцыю. Усе пабудовы размяшчаліся ўздоўж вуліц і падзяляліся парканамі на асобныя сядзібы. Выяўлены рэшткі двухкамернай царквы з пахаваннямі ў дубовых трунах-калодах.
Першае ўпамінанне Давыд-Гарадка ў дакументах адносіцца да XIV ст. З XV ст. часта ўпамінаецца ў хроніках ВКЛ. Вядомы імёны князёў Івана, Юрыя, Дзмітрыя, Міткі Давыдавіча, пасля смерці якога горадам валодаў князь Свідрыгайла. Пасля смерці апошняга ў 1452 г. частка ўдзела трапіла да ўдавы Свідрыгайлы Ганны (валодала да 1486 г.), частка адышла да Турава. З канца XV ст. Давыд-Гарадок быў уладаннем вялікага князя, з 1523 г. належаў каралеве Боне Сфорцы, з 1551 г. — Радзівілам. Паводле ўскосных звестак, меў магдэбургскае права.[3] З 1569 г. у складзе Кіеўскага ваяводства. З 1579 г. цэнтр ардынацыі, з 1586 г. уваходзіў у Клецкую ардынацыю. У 1631 г. у Давыд-Гарадку 365 двароў, гандлёвая плошча, 12 вуліц, Давыд-Гарадоцкі замак. Пад час Казацка-сялянскай вайны (1648—1651) адбылося Давыд-Гарадоцкае паўстанне. У 1653 г. — 348 двароў. Падчас вайны Расіі з Рэчы Паспалітай 1654—1667 гг. расійскі атрад князя Валконскі разбіў тут войскі Рэчы Паспалітай і спаліў горад. У 2-й палове XVII—XVIII стст. Давыд-Гарадок прыйшоў у заняпад. У 1675 г. тут 235 двароў. З 1793 г. Давыд-Гарадок у складзе Расійскай імперыі, з 1795 г. павятовы горад Мінскай губерні, меў герб на чорным полі выява ракі з сярэбранай прыстанню і 2 брамамі, да якіх набліжаецца залаты карабель з таварам. З 1796 г. Давыд-Гарадок — мястэчка Мазырскага павета. З пераводам яго жыхароў у саслоўе мяшчан (1836) эканамічнае жыццё ажывілася, пачала дзейнічаць суднаверф, пашырыліся гандлёвыя сувязі з Вільняй, Варшавай, гарадамі Валыні і Бесарабіі. З 1875 г. Давыд-Гарадок уваходзіў у Нясвіжскую ардынацыю.
З 1921 у складзе Польшчы, дзе становіцца цэнтрам размяшчэння батальёна Корпуса аховы памежжа «Давыд-Гарадок». З 1939 года — у БССР. З 1940 — горад, цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна, з 1961 у Столінскім раёне.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай прамысловасці. Гасцініца.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Божага Цела (1935—1936);
- Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква;
- Царква ў гонар Казанскага абраза Маці Божай (1913);
- Гарадзішча (12—14 ст.);
- Грунтавы магільнік, селішчы жалезнага веку, часоў Русі і позняга Сярэднявечча — археалагічныя помнікі — каля горада.
Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]
- У 1911—1915 гг. у Давыд-Гарадку дзейнічаў аматарскі гурток, які ладзіў у мястэчку беларускія вечарыны. Падчас вечарын чыталіся вершы беларускіх паэтаў, выконваліся народныя песні і ставіліся тэатральныя п’есы[5]
- У 1937 г. у Давыд-Гарадок прыязджаў вядомы беларускі дзеяч і гісторык А. Луцкевіч, які праводзіў апісанне архелагічных знаходак, знойдзеных падчас будаўнічых работ на гарадзішчы[6]
- У Давыд-Гарадку адбываецца дзеянне рамана «Развітанне на пачатку вясны»[7], які напісаў беларускі пісьменнік У. С. Глушакоў[8]
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- Алена Васілеўна Абрамчук (нар. 1988) — беларуская лёгкаатлетка.
- Віктар Іванавіч Валюшыцкі (нар. 1962) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Леанід Дранько-Майсюк (нар. 1957) — беларускі паэт.
- Георгій Васілевіч Марчук (нар. 1947) — беларускі пісьменнік, сцэнарыст і драматург. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
- Павел Аляксеевіч Матусевіч (нар. 1930) — вучоны ў галіне высокамалекулярных злучэнняў, доктар хімічных навук.
- Раіса Аляксееўна Місюра (нар. 1961) — беларускі медык.
- Трафім Трафімавіч Семянюк (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
- Аляксей Аляксандравіч Цяслюк (нар. 1994) — беларускі футбаліст.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ 1,0 1,1 1,2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Малеч. Магдэбургскае права. // Гістарычная брама № 6(10) 1998
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Горны Аляксандр. З гісторыі беларускага тэатральнага гуртка ў Давыд-Гарадку // Навіны Палесся. 3 мая 2013
- ↑ Калоссе. 1937. № 2. С. 112—116
- ↑ Запрос: a001=«BY-SEK-163655». Сводный электронный каталог библиотек Беларуси. Праверана 5 кастрычніка 2016. (руск.)
- ↑ Ключевые слова: «развітанне». Web ИРБИС. Праверана 5 кастрычніка 2016. (руск.)
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Давид-Городок // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Давыд-Гарадок
Геаграфічныя звесткі па тэме Давыд-Гарадок на OpenStreetMap
- Новыя падарожжы дылетанта - Давыд-Гарадок