Палац Радзівілаў (Радзівілімонты)
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў | |
---|---|
| |
53°00′34,95″ пн. ш. 26°40′39,59″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Красная Звязда |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Карла Спампані |
Заснавальнік | Юзаф Мікалай Радзівіл |
Будаўніцтва | 1778—1783 гады |
Будынкі | |
палац • вінакурня • стайні • кароўнік • свіран | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000212 |
Палац Радзівілаў у Радзівілімонтах (цяпер в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) — помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння[1]. Знаходзіцца ў зруйнаваным стане. Узведзены Карла Спампані ў 1778—1783 гадах у стылі класіцызм. У пачатку XX стагоддзя рэстаўрыраваны пасля пажара.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З утварэннем у 1579 годзе Клецкай ардынацыі яе адміністрацыйным цэнтрам сталі Радзівілімонты. Першая радзівілімонтаўская сядзіба, згодна з інвентаром пачатку XVIII стагоддзя, мела рэнесансныя рысы. Яна размяшчалася за 10 км ад Клецка на адной восі з замкам. На высокім узгорку стаяў драўляны палац на падмурку са скляпамі. Каля яго быў рэгулярны парк («італьянскі сад») са шпалерамі, чатырма каналамі, дзвюма мураванымі альтанкамі і гротам. Ансамбль вядомы паводле інвентара пачатку XVIII ст.
У 1750-я гады на змену старой сядзібе прыйшоў палацава-паркавы ансамбль, пабудаваны ў формах барока. Палац быў драўляны, з ламаным дахам, адносна невялікі (шэсць жылых пакояў, зала, дзве прыхожыя і капліца ў мезаніне). Рэгулярны парк складаўся з ліпавых баскетаў. Сядзіба ўключала шматлікія гаспадарчыя пабудовы: кухню, дом адміністратара, хлявы, свірны, сырніцу, гумно, сенавал, вінакурню, кароўнікі і інш[1]. Ансамбль вядомы паводле інвентароў 1760—70-х гадоў.
У 1780-я гады менскі ваявода князь Юзаф Радзівіл стварае новы палацава-паркавы комплекс з садам на плошчы каля 60 га. Першапачаткова ён быў задуманы як летняя рэзідэнцыя. Ансамбль уключаў палац, парк, два аднапавярховыя драўляныя флігелі, мураваную браму, шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Цэнтрам кампазіцыі сядзібы быў новы палац, размешчаны з левага боку ад старога барочнага[1]. У гаспадарчай частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, свіраны, стайні, адрына, абора, гумны. За межамі асноўнай тэрыторыі комплексу былі пабудаваны вадзяны млын, сушня, вятрак.
Палац будаваўся ў 1780—1783 гадах італьянскім архітэктарам Карла Спампані з удзелам Берса ў стылі класіцызму[1].
У 2-й палавіне ХІХ ст. належаў Вітгенштэйнам.
У 1909 годзе палац разам з многімі пабудовамі сядзібы згарэў, але потым быў адбудаваны. У Вялікую Айчынную вайну быў ператвораны ў склад. У савецкі перыяд палац прыйшоў у заняпад, зараз засталіся руіны[1].
Да нашага часу захаваліся фрагменты палацава-паркавага ансамбля, створанага ў 1780-я гг.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Палац
[правіць | правіць зыходнік]Палац пабудаваны ў 1780—1783 гг. у стылі класіцызму прыдворным архітэктарам Радзівілаў К. Спампані пры ўдзеле дойліда Я. Бэнса.
Вонкавыя сцены з дубовага бруса былі абкладзены цэглай і атынкаваны, унутраныя — у асноўным цагляныя. З дрэва зроблены порцік з франтонам і іншыя элементы, такія як трыгліфы, руст, сандрыкі. Будынак аднапавярховы з вальмавым дахам, прамавугольнік ў плане мае памеры 50,4х16,8 м. Цэнтральны павышаны аб'ём з мансардным паверхам з боку параднага ўваходу акцэнтаваны чатырохкалонным дарычным порцікам. З тыльнага боку паўкруглы эркер цэнтральнай залы выходзіў да парку.
Правае крыло, якое было спланавана па анфіладнай планіроўцы і ўключала парадныя памяшканні, заканчвалася паўратондай, у якой знаходзіўся зімні сад. Сцены бакавых крылаў мелі дубовую абшыўку, апрацаваную пад каменны руст, што надало будынку манументальны выгляд. Левае крыло, дзе размяшчаюцца дробныя жылыя і гаспадарчыя памяшканні мела калідорную планіроўку. На другім паверсе над цэнтральнай часткай размяшчаліся два жылыя пакоі. Ашалёўка сцен імітавала мураваную рустоўку[1].
Ад палаца засталіся руіны.
Інтэр'ер
[правіць | правіць зыходнік]У афармленні інтэр'ераў парадных памяшканняў выкарыстоўваліся калоны, ляпныя вазы, фестоны, гірлянды, медальёны, манаграмы, скульптуры. З дрэва былі выкананыя пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. У цэнтральнай частцы палаца размяшчаліся вестыбюль і вялікая зала, якая паўратондай выступала ў бок парку. Паўратонда зімовага саду выступала на правым тарцы палаца і ў інтэр'еры была аздобленая пейзажным жывапісам.
Правае крыло мела анфіладу парадных апартаментаў, сярод якіх вылучалася дамашняя капліца з паўкруглай алтарнай экседрай, багата аздобленай штучным ружовым мармурам.
Левае жыллёва-службовае крыло мела калідорную планіроўку з лесвіцай у скляпеністыя сутарэнні і на мансарду, дзе былі два летнія пакоі. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордараў, карнізы і разеткі былі апрацаваныя ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 г. палац адбудаваны. Да нядаўняга часу ў круглаватых нішах інтэр'ера знаходзіліся кафельныя печы, малюнак якіх, як і інтэр'ерны жывапіс, быў выкананы ў 1780 г. мастаком А. Смуглевічам (брат вядомага жывапісца Ф. Смуглевіча).
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Фарміраванне парку пачалося ў пачатку росквіту на тэрыторыі Беларусі рэгулярных кампазіцый, г.з., у апошняй чвэрці XVIII стагоддзя[2]. Перад палацам існаваў вялікі партэр. Паралельна палацу праходзіла шырокая ўязная алея, якая была закладзена ў 1875 годзе[2]. З паўночнага і паўночна-ўсходняга бакоў парку знаходзіліся вадаёмы. Асноўны масіў парку, размешчанага на паўднёвы захад ад палаца, меў у плане форму прамавугольніка, да яго з паўднёвага боку прымыкаў сад[1]. Парк адносіцца да ліку лепшых паркаў класіцызму[2].
Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (плошча каля 13 га), ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапрай, на якой створаны каскад ставоў. Па іх запрудзе арганізаваны галоўны ўезд у сядзібу. Перад палацам — вялікі партэр, абмежаваны па перыметры маляўнічымі групамі лісцевых дрэў і асобнымі салітэрнымі пасадкамі. Элементы рэгулярнасці ўносяць у яго планіроўку прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі, пракладзеныя ў глыбіню парку і да гаспадарчай зоны. У пачатку алеі ўздоўж паўдёва-ўсходняй ускраіны парку ўстаноўлены памятны камень з надпісам, што алея высаджаная ў 1875 г. князёўнай М. Радзівіл.
Гаспадарчыя пабудовы
[правіць | правіць зыходнік]З гаспадарчых пабудоў захаваліся вінакурня, стайні, кароўнік і свіран.
Свіран
[правіць | правіць зыходнік]Ёсць меркаванне, што свіран будаваўся адначасова з палацам па праекце Спампані. Будынак свірна прамавугольны ў плане, аднапавярховы, з бруса, на высокім цокалі. Цокаль з валуноў на вапнавым растворы меў скразны праезд. Сцены з брусоў, гарызантальна ашаляваныя звонку. Вокны паўкруглыя з абрамленнямі, апрацаванымі пад каменны руст.[1]. Накрыты двухсхільным гонтавым дахам на кроквах.
Фасад, павернуты ў бок палаца, мае значны вынас даху, пад якім зроблена галерэя на высокіх слупах (служыла для падымання грузаў на вышку). На вільчыку даху размешчаная вежачка з невялікім звонам і флюгерам. На галоўным фасадзе тры уваходы: цэнтральны вырашаны ў выглядзе порціка з дзвюма стылізаванымі дарычнымі калонкамі, бакавыя аформленыя лапаткамі. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформленыя мастацкай коўкай.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Палац Радзівілаў (Радзівілімонты) на сайце Radzima.org
- Палац Радзівілаў (Радзівілімонты) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Палац Радзівілаў (Радзівілімонты) на сайце «Архіварта»