Перайсці да зместу

Уладзімір Вікенцевіч Біруля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Вікенцевіч Біруля
Адукацыя
Нараджэнне 1873
Смерць 8 жніўня 1954(1954-08-08)

Уладзімір Вікенцевіч Біруля (1873, в. Гарадзечна, Навагрудскі павет, Мінская губерня, цяпер Навагрудскі раён  — 8 жніўня 1954, Панявежыс, ЛітССР) — беларускі рэлігійны дзеяч, протаіерэй.

Беларус. З духоўнага саслоўя. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю ў 1894 годзе. Рукапаложаны ў 1896 годзе ў іерэя. З 1900 года настаяцель Мікалаеўскай царквы в. Станькаў Мінскага павета. З 1907 года служыў у Свята-Троіцкім храме у м. Ішкалдзь Навагрудскага павета. 22 чэрвеня 1914 года пераведзены ў Мінскую Казанскую прывакзальную царкву. Узнагароджаны камілаўкай (1914).

Удзельнічаў у беларускім культурным і рэлігійным руху, у дзейнасці Беларускай народнай грамады ў Маскве. У сакавіку 1920 года на ўрачыстасцях у гонар 2-й гадавіны абвяшчэння БНР выступіў з пропаведдзю на беларускай мове. У 1920—1927 гадах падтрымліваў ідэю стварэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. З 1926 года настаяцель Мікалаеўскай царквы (спалена бальшавікамі, верагодна, у другой палове 1930-х г.) у пас. Козырава (пас. Фрунзэ).

Паводле сфабрыкаванай у НКУС справы, адзін з арганізатараў (з архіепіскапам Мінскім Феафанам (Семянякам) з настаяцелем Козыраўскай царквы І. Зенюком, дыяканам А. Камягам, старшынёй царкоўнага савета Дз. Мараковым рэлігійнай антысавецкай арганізацыі ў пас. Козырава (19331935). У канцы сакавіка 1935 года ў  арганізацыю пранік правакатар, і ў пачатку красавіка ўсе яе члены былі арыштаваны. 10 жніўня 1935 года Біруля і інш. ўдзельнікі арганізацыі, у тым ліку актыўныя прыхаджане Міхаіл Вішкоўскі (Віткоўскі), Міхаіл Дзігілевіч (Дагялевіч), Марыя Ерахавец, Мікалай Камарнік, Павел Копаць, Пётр Копаць, Пётр Макарчук, Рыгор Макарчук, Ганна Мініч, Марыя Палойка, Іван Пратасевіч, Фёдар Працішчэвіч, Усевалад Тыдман, Ігнат Скромны, Еўдакім Судакоў, Андрэй Тумар, Іван Філіповіч, Аляксандр Чысты, Кірыла Чысты былі прызнаны судом вінаватымі ў тым, што «пачынаючы з  1933 г., пасля прыезду ў Мінск М. Семянякі на пасаду епіскапа, у Козыраўскай царкве пачалі групавацца рэлігійныя, кулацкія і інш. антысавецкія элементы, якія паставілі сабе за мэту пад прыкрыццём царквы і выканання рэлігійных абрадаў, настройваць у антысавецкім духу насельніцтва горада і бліжэйшых раёнаў… Толькі пасля арышту гэтай контррэвалюцыйнай групы святароў прыпынілася распаўсюджванне правакацыйных чутак і пачаўся масавы прыліў людзей у калгасы». На працэсе 25 удзельнікаў арганізацыі прысудзілі да розных тэрмінаў зняволення. Біруля прыгавораны калегіяй АДПУ да 3 гадоў ППК. Этапаваны з архіепіскапам Феафанам у Далёкаўсходні канцлагер НКУС[ru] (Хабараўск). Вызвалены 17 верасня 1936 года.

Паводле некаторых звестак у 1942—1943 служыў у Ільінскім саборы[ru] ў Сальцах (цяпер Наўгародская вобласць, Расія), благачынны Салецкай акругі. Асвячаў храмы ў акрузе. Эвакуіраваны немцамі ў Літву. У другой палове 1940 — першай палове 1950-х гг. протаіерэй Віленскай епархіі.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 4.4.1990. Групавая справа Бірулі і інш. № 31424-с захоўваецца ў  архіве КДБ Беларусі.