Філы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Помнікі Нубіі ад Абу-Сімбел да Філэ*
Nubian Monuments from Abu Simbel to Philae**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Philae, seen from the water, Aswan, Egypt, Oct 2004.jpg
Краіна Сцяг Егіпта Егіпет
Тып Культура
Крытэрыі i, iii, vi
Спасылка 88
Рэгіён*** Афрыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1979  (3 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Філы, або Філе, або Філэ (араб. فيله‎‎, лац.: Philae, грэч.: Φιλαί або Φίλαι, ад егіп. П-і-лак, што азначае «востраў Лак» або, магчыма, «востраў Канца»[1]) — востраў пасярод Ніла, на якім, па старажытнаегіпецкіх павер'ях, быў пахаваны Асірыс. У антычнасці да яго ўжываўся эпітэт «недаступны»: на свяшчэннай зямлі маглі жыць толькі жрацы, нават птушкі і рыба нібыта пазбягалі яго берагоў. Яшчэ раней востраў служыў перавалачным пунктам для гандлю фараонаў з Нубіяй. Знаходзіцца пад аховай ЮНЭСКА як помнік Сусветнай спадчыны.

Старажытныя аўтары называлі Філамі два невялікія астравы ля першага парога Ніла. Уласна Філе з іх меншы (да затаплення — 380 метраў у даўжыню і 120 метраў у шырыню), але цікавейшы для гісторыкаў і археолагаў. Пры Пталамеях востраў быў шчыльна забудаваны будынкамі, пры ўзвядзенні якіх выкарыстоўваўся граніт з мясцовых кар'ераў, і многія з пабудоў захаваліся да нашага часу.

Нектанеб I узвёў на паўднёвым ускрайку вострава храм у гонар багіні Хатхор. Яго справу падтрымалі Пталамеі і першыя рымскія кіраўнікі Егіпта. За падвойнымі прапілеямі высіліся гранітныя львы, каменныя клеткі для свяшчэнных ястрабаў[2] і два трынаццаціметровыя абеліскі. На сценах храма былі высечаны рэльефы са сцэнамі з жыцця Асірыса. Храм у Філе — выключнае па паўнаце сведчанне эвалюцыі традыцый старажытнаегіпецкага мастацтва ў перыяд элінізму.

Храм у Філах праіснаваў да часоў Юстыніяна — ледзь не апошняе язычніцкае свяцілішча на землях Візантыі. Звязана гэта было з тым, што яго лічылі прысвечаным Ісідзе, якая ў позняй антычнасці атаясамлялася з Кіпрыдай і збліжалася з Багародзіцай. Пры Юстыніяне храм быў пераасвечаны як Багародзічная царква; яго рэльефы сістэматычна знішчаліся хрысціянскімі манахамі і радыкальнымі іканаборцамі.

У XX стагоддзі перад навуковай супольнасцю паўстала праблема захавання эліністычнай спадчыны Філе з прычыны пагрозы затаплення вострава водамі вадасховішча Насер пасля ўзвядзення Асуанскай плаціны. Ужо першая дамба, збудаваная ў 1902 годзе англічанамі, падтапіла частку вострава, што нанесла вялікую шкоду помніку — была страчана паліхромія рэльефаў, разбураны некаторыя часткі збудаванняў. Пры збудаванні Асуанскага вадасховішча (1960) ЮНЕСКА выступіла з ініцыятывай пераносу храма на Элефантыну. Помнік быў старанна абмераны і сфатаграфаваны, пасля чаго каменныя блокі былі перавезены і зноў сабраны на востраве Агіліка, размешчаным у 500 метрах уверх па цячэнні.

The-Temple-of-Philae-on-Agilika-Island.jpg
Philae, Trajan's Kiosk, Aswan, Egypt, Oct 2004.jpg
Egypt Temple Philae.jpg
Храм, перанесены на востраў Агіліка Кіёск Траяна Інтэр'ер храма. Ілюстрацыя з кнігі Description de l'Égypte, ou Recueil des observations et des recherches qui ont été faites en Égypte pendant l’expédition de l’armée française (1809—1822)

Зноскі

  1. Востраў знаходзіўся на паўднёвай граніцы Егіпта, горад на ім быў самым паўднёвым пунктам Егіпта — гл. Реальный словарь классических древностей — Филы
  2. Клеткі ў наш час знаходзяцца ў Луўры і ў Фларэнцыі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]