Царства Шу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Царства Шу
221 — 263

Сталіца
Грашовая адзінка ancient Chinese coinage[d]
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Шу (кіт. трад. 蜀漢, спр. 蜀汉, піньінь Shǔ Hàn, пал. Шу Хань) — адно з трох царстваў Эпохі Трохцарства Кітая, якое існавала ў 221 г. — 263 г.

Заснаванне Шу[правіць | правіць зыходнік]

Заснавальнікам царства Шу быў Лю Бэй (劉備), які лічыў сябе прадаўжальнікам дынастыі Хань, высунуўся дзякуючы ўдалым дзеянням супраць мяцежнікаў падчас паўстання «жоўтых павязак». Пасля іх разгрому ён не распусціў свае вайсковыя фарміраванні, а вырашыў уступіць у барацьбу з іншымі военачальнікамі за панаванне над Кітаем.

Доўгі час Лю Бэю не ўдавалася авалодаць пэўнай тэрыторыяй, і ён далучаўся то да Цаа Цаа (заснавальніку царства Вэй), то да Юань Шаа, то да Лю Бяа. Толькі ў 208 г., пасля таго як армія Лю Бэя (у саюзе з арміяй Сунь Цюаня, заснавальніка царства У) атрымала ў Чыбі важную перамогу над войскамі Цаа Цаа, Лю Бэй змог заняць паўночную частку Цзінчжоу. Адправіўшыся адтуль на поўдзень, ён таксама авалодаў гарадамі Улін і Чанша (у правінцыі Хунань), а затым пашырыў свае ўладанні ўверх па рацэ Янцзы.

У 214 г. Лю Бэй заваяваў Інчжоу (гл. Заваяванне Лю Бэем правінцыі Ічжоу). У 215 г. ён ваяваў супраць Сунь Цюаня, але потым вырашыў падзяліць з ім раён Цзіньчжоу. У 219 г. Лю Бэй змог адняць у Цаа Цаа Ханьчжун. Такім чынам пад уладай царства Шу апынулася значная частка былой ханскай імперыі, якая распалася ў тыя гады на тры самастойныя царствы.

У 221 г. Лю Бэй вырашыў абвясціць сябе імператарам і прыняў троннае імя Чжаоле (昭烈). Ён таксама назваў сваю дзяржаву Хань (хоць у гісторыі яго царства замацавалася пад назвай Шу). Сталіцай Шу стаў Чэнду ў вярхоўях Янцзы. У тым жа годзе новы імператар сабраў велізарнае войска і распачаў ваенныя дзеянні супраць свайго старога праціўніка Сунь Цюаня (кіраўніка У). Аднак у бітве армія Шу была разбіта, і Сянь-чжу прыйшлося адступіць ні з чым. У 223 г. ён памёр, а на прастол Шу ўступіў яго сын Лю Шань (劉禪) пад імем Сяа Хуай-дзі (孝懷), вядомы ў крыніцах як Хоу-чжу (後主 — «апошні кіраўнік»[1]).

Кіраванне Лю Шаня і рэформы Чжугэ Ляна[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд кіравання імператара Лю Шаня фактычным кіраўніком царства Шу стаў палітык і вайскавод Лю Бэя — Чжугэ Лян, які займаў пасаду чэнсяна. З царствам У былі ўсталяваны дружалюбныя адносіны. У той жа час Чжугэ Лян пашырыў тэрыторыю Шу ў паўднёва-заходнім кірунку, — ён скарыў розныя плямёны, якія насялялі высакагорныя плато ў правінцыях Юньнань, Гуйчжоу і на межах Сычуані і Сікана. Такім чынам, Чжугэ Лян умацаваў тылы і значна павялічыў людскія і матэрыяльныя рэсурсы Шу. У яго межы таксама сталі ўваходзіць цяперашняя правінцыя Сычуань, паўднёвая ўскраіна Шэньсі і паўднёвы вугал Ганьсу. Па ініцыятыве Чжугэ Ляна ў Шу, як і ў царстве Вэй, шмат увагі надавалася арганізацыі і развіццю сельскай гаспадаркі. Чжугэ Лян не мог не разумець, што без магутнай матэрыяльнай базы Шу наўрад ці зможа перамагчы мацнейшае і багацейшае царства Вэй і тады, у канчатковым выніку, будзе ім заваявана, і таму імкнуўся зрабіць усё магчымае для ўздыму краіны.

Аднак пасля смерці Чжугэ Ляна ў яго не знайшлося годнага пераемніка, а не здольны да кіравання Лю Шань давёў дзяржаву да таго, што краіна фактычна распалася на дзве часткі — паўночную (якая межавала з царствам Вэй) і адносна бяспечную паўднёвую, звязаныя паміж сабой толькі фармальнай уладай Лю Шаня. Улада над поўднем краіны цалкам перайшла ў рукі палацавых еўнухаў і прыдворных кар'ерыстаў, у той час як на поўначы краінай кіраваў вучань Чжугэ Ляна Цзян Вэй. Пастаянныя звады ў кіруючых колах моцна прыслабілі Шу і звялі на нішто ўсе распачынанні першага чэнсяна. У той час як поўдзень краіны багацеў, поўнач усё больш і больш упадаў у разруху. Прыдворная эліта асцерагаючыся ўзмацнення пазіцый вайскавода Дзян Вэя ўсімі сіламі перашкаджала яго спробам працягваць справу свайго настаўніка, а вынікам падобнай палітыкі сталі правалы ўсіх ваенных кампаній супраць царства Вэй. У 263 г. у Шу ўварваліся войскі Вэй, пад кіраўніцтвам вайскаводаў Дэн Ая і Чжун Хуэя. Знясілены бесперапыннымі войнамі поўнач не мела ніякай магчымасці стрымаць непрыяцеля, а багаты поўдзень нават не паклапаціўся пра сваю абарону — калі Дэн Ай і Чжун Хуэй увайшлі ў Сычуань перад імі адкрылася багатая і квітнеючая краіна, але на сваю абарону ёй удалося выставіць усяго некалькі тысяч апалчэнцаў са сталіцы. Імператар Лю Шань быў узяты імі ў палон і з ушанаваннямі адпраўлены ў Лаян, дзе яму даравалі тытул Аньлэ-гун (安樂公 Anlegong — «князь міру і радасці») і дазволілі спакойна пражыць рэштку жыцця. На гэтым царства Шу спыніла сваё існаванне.

Імператары Шу Хань[правіць | правіць зыходнік]

Пасмяротнае імя Асабістае імя Перыяд праўлення Дэвіз кіравання і гады дэвізу
Гістарычна выкарыстоўваецца асабістае імя
Чжаа Ле-дзі
昭烈帝 Zhāolièdì
Лю Бэй
劉備 Liú Bèi
221223
  • Чжан'у (章武 Zhāngwǔ) 221223
Хоу Чжу
後主 Hòu Zhǔ
или Сяо Хуай-ди [2]
孝懷帝 Xiàohuáidì
Лю Шань
劉禪 Liú Shán
223263
  • Цзяньсін (建興 Jiànxīng) 223237
  • Яньсі (延熙 Yánxī) 238257
  • Цзін'яа (景耀 Jǐngyào) 258263
  • Яньсін (炎興 Yánxīng) 263

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Як і яго бацька Лю Бэй, Лю Шань прэтэндаваў на сваяцтва з імператарскай дынастыяй Хань, лічачы сябе нашчадкам ханскіх імператараў. Калі б яго прэтэнзіі, як сцвярджае народная традыцыя, мелі рэальныя падставы, Лю Шань мог бы сапраўды лічыцца апошнім кіраўніком дынастыі Хань.
  2. Пасля ліквідацыі Шу, Лю Шань атрымаў тытул Аньлэ-гун, а пасля смерці ў 271 г. яго пасмяротным імем стала Аньлэ Сы-гун (安樂思公 Ānlè Sī Gōng). Пасля Лю Юань, заснавальнік дынастыі Паўночная Хань, які прэтэндаваў на паходжанне ад Хань, прысвоіў яму імператарскае пасмяротнае імя Сяа Хуай-дзі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ло Гуань-Чжун. Троецарствие. В 2 т., М.:Художественная литература, 1954 г.