Цярнопальскі езуіцкі калегіум

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Цярнопальскі езуіцкі калегіум – навучальная ўстанова, якая дзейнічала ў Цярнопалі на працягу ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Гісторыя ўстановы[правіць | правіць зыходнік]

З’яўленне езуітаў у Цярнопалі адносіцца да сярэдзіны XVII ст., калі ў горадзе распачаў сваю дзейнасць місіянерскі пункт, звязаны з Камянец-Падольскім езуіцкім калегіумам.

Пасля забароны дзейнасці Таварыства Ісуса на тэрыторыі Расійскай імперыі шмат хто з езуітаў апынуўся ў Галічыне, што ў той час уваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі (Каралеўства Галіцыя і Ладамерыя). Узмацненне мясцовай езуіцкай суполкі дало штуршок да актывізацыі місіянерскай і, асабліва, адукацыйнай дзейнасці Таварыства ў краі. Галоўным асяродкам айцоў-езуітаў у Галічыне быў Цярнопаль.

Першыя езуіты-выгнанцы з Расійскай імперыі прыехалі ў Цярнопаль 19 кастрычніка 1820 г., а ўжо 6 лістапада у горадзе была адкрыта езуіцкая публічная школа. Спачатку дзейнічаў клас інфімы, дзе вучням даваліся базавыя веды ў лаціне. Потым з’явіліся класы граматыкі і сінтаксісу, дзе яны маглі паглыбляць сваю падрыхтоўку ў гэтай мове.

У верасні 1821 г. пачаў сваю дзейнасць канвікт – інтэрнат для вучняў, якія прыязджалі да езуітаў па веды не толькі з Цярнопальшчыны, але таксама і з іншых раёнаў Аўстрыйскай імперыі. Пражыванне ў канвікце давала магчымасць дадаткова займацца з настаўнікамі-езуітамі і знаходзіцца пад іх апекай. На працягу двух наступных гадоў для патрэб гэтай установы быў ўзведзены двухпавярховы будынак з некалькімі дзясяткамі пакояў. Наступным крокам цярнопальскіх езуітаў было заснаванне 1 кастрычніка 1821 г. гімназіі. У 1823 г. у Цярнопалі з’явілася аддзяленне філасофіі для свецкіх студэнтаў і семінарыстаў-езуітаў. У 1825-1826 гг. для заняткаў у калегіуме быў узведзены новы будынак.

Аснову выкладчыцкага корпусу Цярнопальскага езуіцкага калегіума склалі прафесары і выпускнікі былой Полацкай езуіцкай акадэміі: Вінцэнцій Бучынскі, Якаб Кандраў, Антоній Корсак, Маўрыцый Палонскі, Юзаф Цытовіч і многія іншыя. Гэта дало магчымасць падтрымліваць ва ўстанове высокі ўзровень адукацыйнага і выхаваўчага працэсу. Не дзіўна, што езуіцкія школы доўгі час карысталіся вялікай папулярнасцю сярод мясцовага жыхарства: 3 1824 г. у іх навучаліся 394 вучні, а ў 1836 г. – ужо 500[1].

З пачатку існавання канвікту дзейнічаў школьны тэатр, першымі рэжысёрам і кіраўнікамі якога былі Жан Оэльярд (1821-1832) і Жан Менэ (1832-1838). На яго сцэне з нагоды візіту важных гасцей ставіліся польскія і нямецкія камедыі і трагедыі.

Пад час “Вясны народаў” установа часова спыніла сваю дзейнасць. Пасля аднаўлення дзейнасці Таварыства Ісуса ў Аўстрыйскай імперыі айцы езуіты вярнуліся ў Цярнопаль у 1852 г., але навучанне ў іх школах было адноўлена толькі ў 1856 г.

У 1886 г. езуіцкая адукацыйная пляцоўка ў Цярнопалі страціла статус калегіума і была пераўтворана ў рэзідэнцыю (з 1887 г.), дзе застаўся толькі курс філасофіі для семінарыстаў-езуітаў. Канвікт быў пераведзены ў Хырыў. У жніўні 1901 г. цярнопальская рэзідэнцыя Таварыства Ісуса была пераведзена ў іншае месца[1].

Рэктары[правіць | правіць зыходнік]

У 1820-1848 гг.: Юзаф Зраніцкі (суперыёр, 1820-1821), Ян Любшэвіч (віцэ-рэктар, 1821), Станіслаў Свентахоўскі (1821-1822, 1824-1825), Антоній Корсак (1822-1824), Тадэвуш Панцэвіч (віцэ-рэктар, 1825-1828), Алаіз Ландэс (1828-1829), Якаб Пірлінг (1829-1831), Юзаф Цытовіч (1831-1836), Рафал Маркіяновіч (1836-1838), Юзаф Браўн (1838-1843), Мацей Чыгір (1843-1845), Ян Зраніцкі (1845-1848);

У 1852-1901 гг.: Ян Зраніцкі (суперыёр, 1852-1856), Францішак Каўтны (1856-1861), Ян Галіч (1861-1867), Адольф Каменскі (1867-1871, 1874-1880), Каспер Шчапкоўскі (1871-1874), Марыян Мараўскі (1880-1883), Павел Рубан (1883-1886), Пётр Бапст (1886-1887), Юліюш Хрысціян (1887-1890), Ігнацій Мішкевіч (1890-1895, 1899-1901), Міхал Мыцельскі (1895-1897), Юзаф Гадоўскі (1897-1899)[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1820-1905. Cz. 2. – Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1906. – s. 518-1300.