Чарнаўчыцкая сядзіба
Славутасць | |
Чарнаўчыцкая сядзіба | |
---|---|
52°13′25″ пн. ш. 23°44′58″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Чарнаўчыцкая сядзіба — колішні палацава-паркавы ансамбль у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да 1477 г. мястэчка Чарнаўчыцы належала вядомаму на Берасцейшчыне роду Валчкевічаў. Пасля 1477 г. адзін з прадстаўнікоў сярэдняй шляхты на Беларусі (Літве) Івашка Іллініч памяняў спадчынныя землі ў Ваўкавыскім павеце на Чарнаўчыцы і Турну. Юрый Іванавіч Іллініч, староста берасцейскі з 1510 па 1515 гг., у 1510 г. выкупіў шэраг сядзіб у акрузе, таму Чарнаўчыцы двор набыў даволі вялікія памеры. У яго межы ўвайшлі сядзібы Дзямянічы, Блювінічы, Лазавіца, Воля, Ясянец і інш. Пасля смерці Юрыя Іллініча Чарнаўчыцы двор па спадчыне перайшоў ва ўласнасць яго двух сыноў, а ў 1567 г. большая частка двара дасталася яго ўнуку, таксама Юрыю, сыну Фелікса і Соф’і Радзівіл[1].
Юрый Іллініч не меў дзяцей, таму па спадчыне Чарнаўчыцы перайшлі да роду Радзівілаў па нясвіжскай лініі. Першы з гэтай лініі гаспадар Чарнаўчыцкага маёнтка Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, вярнуўшыся з Палесціны, у 1595 г. пабудаваў на месцы касцёла, які існаваў у XII—XV ст., новы мураваны каталіцкі храм[1].
У канцы XVI ст. у Чарнаўчыцкім маёнтку Радзівілы ўзвялі замак каля дарогі з Чарнаўчыц да мястэчка Турна[1]. Замак складаўся з драўлянага аднапавярховага П-падобнага ў плане палаца з вялікай залай у цэнтры, быў абнесены мураванай сцяной з брамамі. Галоўны ўваход у палац вылучаўся ганкам з балюстрадай, з тыльнага боку мелася тэраса-галерэя. Замак абкружаў «італьянскі сад» з альтанкамі і гротамі[2].
Даследчык Р. Афтаназы таксама робіць выснову, што ўжо ў XVI ст. у Чарнаўчыцах мусіў быць умацаваны замак альбо двор, гаспадаром якога з’яўляўся ваявода віленскі Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (1549—1616). Тут у 1585 г. нарадзілася яго дачка Альжбета. Даследчык К. Зданьскі ў сваёй працы ў 1936 г. таксама адзначаў, што паблізу Свята-Троіцкага касцёла ў Чарнаўчыцах размяшчаўся замак Радзівілаў, Турна, а каля дарогі да Турны існавалі два курганы, званыя Швецкімі пахаваннямі, у якіх пры раскопках было знойдзена шмат старадаўняй зброі[2].
У 1761 г. паводле заказу Радзівілаў быў падрыхтаваны новы праект Чарнаўчыцкага палаца, арыгінал якога захоўваецца ў архіве Нацыянальнага музея ў Варшаве, але праект застаўся нерэалізаваны. Адзін з надпісаў на праекце, гаворыць, што ў парку быў закладзены толькі падмурак новага палаца. Паводле праекта палац уяўляў сабой шэдэўр палацавай архітэктуры. Арыгінальную кампазіцыю драўлянага будынка складалі асноўны васьмігранны трохпавярховы аб’ём са шлемападобным фігурным купалам і 4 двухпавярховыя квадратныя ў плане вуглавыя крылы, якія былі аб’яднаны балюстраднымі тэрасамі з дэкарыраванымі вазамі. У цэнтры пад тэрасай абазначаны вялікі арачны праём галоўнага ўвахода. Фасады былі ўпрыгожаны скульптурай, картушамі, пуці. Прамавугольныя вокны дэкарыраваны сандрыкамі, ляпнінай, а сцены — руставанымі лапаткамі, карнізамі і цяжамі. Унутраная планіроўка палаца пакуль невядома[1].
Пасля Радзівілаў Чарнаўчыцы двор перайшоў да роду Грабоўскіх. Дачка Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі Юзафіна выйшла замуж за графа Міхаіла Грабоўскага, канюшага вялікага літоўскага. Апошнім спадчынным гаспадаром Чарнаўчыц быў Міхаіл Максімілян Грабоўскі, пашлюблены з Марыяй Святаполк-Завадскай[1].
Грабоўскі пабудавалі ў Чарнаўчыцах першую свецкую школу і ўнеслі вялікі ўклад у асветніцкую дзейнасць[1].
У часы Грабоўскіх у 1819 г. Чарнаўчыцы двор наведаў сусед на маёнтку Юльян Урсын Нямцэвіч — знакаміты драматург, паплечнік і сябар Тадэвуша Касцюшкі. Паводле гістарычных запісак Нямцэвіча вядома, што па баках раскошнага і багатага Чарнаўчыцкага парку размяшчаўся звярынец, у якім пасвіліся лані. У парку расло шмат лістоўніц. Вакол палаца размяшчаліся драўляная стайня, вазоўня і мураваная скарбніца. У адной з гаспадарчых пабудоў Нямцэвіч агледзеў калекцыю старых радзівілаўскіх карэт. Палац пабудаваны з дрэва, меў масіўны ганак на драўляных слупах, вялікія сені, шэраг пакояў, якія былі аздоблены партрэтамі роду Радзівілаў[1].
Замак, верагодна, быў знішчаны ў Першую сусветную вайну[1].
На сённяшні дзень не засталося ніякіх слядоў існавання Чарнаўчыцкага палаца, нават месца яго размяшчэння дакладна не вызначана. Вядома толькі, што непадалёку ад замка ў 2-й палове XVIII ст. была пабудавана мураваная капліца Святой Сафіі ва ўдзячнасць ад прыхаджан і парафіян Чарнаўчыц за цудатворнае ўтаймаванне страшэннага мору, што лютаваў у той час на Берасцейшчыне. У 1960-я гады гэты адзіны сведак існавання Чарнаўчыцкага палаца быў апаганены і знішчаны[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з Чарнаўчыцы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 55-56. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
- ↑ а б Чарнаўчыцы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 30-31. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чарнаўчыцы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх