Перайсці да зместу

Электрарухавік (завод)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Электрарухавік» — беларускае прадпрыемства па вытворчасці электрычных рухавікоў, размешчанае ў горадзе Магілёве. Уваходзіць у холдынг «Магілёўліфтмаш».

«Электрарухавік»
Тып прадпрыемства
Заснаванне 28 снежня 1945 (78 гадоў таму)
Заснавальнікі Савет Народных Камісараў БССР
Размяшчэнне Магілёў, вул. Каралёва, 8[1]
Ключавыя постаці

Яўген Павар (начальнік),

Аляксей Чайко (галоўны канструктар)
Галіна машынабудаванне
Прадукцыя электрарухавікі, сокавыціскалкі, сігнальныя прыборы
Колькасць супрацоўнікаў
  • 1 970 чал. (2022)[2]
Матчына кампанія Магілёўліфтмаш
Сайт mez.by

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

28 снежня 1945 году Савет народных камісараў БССР ўхваліў Пастанову аб заснаванні «Магілёўскага мэталаапрацоўчага камбінату». Камбінату выдзелілі між вуліц Урыцкага і Андрэева будынак былых гаражоў СНГ, пабудаваных перад вайной. Пасля вайны ад гаражоў засталіся толькі сцены і дах. Рабочыя на чале з першым дырэктарам камбіната Станкевічам Іванам Паўлавічам аднаўлялі будынак гаражоў. З Германіі па рэпарацыям пачало паступаць абсталяванне, па частках у Магілёў адпраўляўся завод фаўстпатронаў «Цюмлер».[3]

Пасля вайны быў востры недахоп вёдраў, каструль, газавых лямпаў, мэблевай фурнітуры, рыдлёвак, дзвярных і аконных завес. Гэта вызначыла вытворчую праграму вырабаў з металаў для насельніцтва: выраблялі будаўнічую і мэблевую фурнітуру. У 1946 годзе прадпрыемства выпускала 8 найменняў вырабаў шырспажыву. А ўжо ў 1950 годзе за межы горада і рэспублікі з маркай "МОК" адпраўляліся ручкі і завесы, засаўкі і замкі для вокнаў і дзвярэй, нажы і відэльцы, скавародкі і каструлі, талеркі і рыдлёўкі, мэблевая фурнітура, канькі «Снягурачка» і «Хакей» — звыш 200 розных тавараў.[3]

З часам камбінат вырашыў выпускаць больш складаную прадукцыю. З улікам высокай кваліфікацыі персанала і наяўнасці абсталявання выбар упаў на электраматоры. Тым больш, што ў некаторых працоўных і адмыслоўцаў ужо меўся вопыт выпуску да вайны рухавікоў на заводзе імя Дзімітрава, дзе быў пабудаваны спецыяльны электраматорны цэх. З 1948 года пачаты выпуск рухавікоў. У Міністэрстве мясцовай прамысловасці БССР падтрымалі ідэю і ў пачатку 1949 года група работнікаў завода была накіравана ў горад Меднагорск Арэнбургскай вобласці на былы ваенны завод № 31 для вывучэння вытворчасці электрарухавікоў тыпу "Урал". З камандзіроўкі яны прывезлі новыя веды і штампы для высечкі лістоў статара і ротара. У 1950 годзе камбінат пачаў серыйны выпуск асінхронных электрарухавікоў «Урал». За 1950 год было выпушчана 13 тысяч электрарухавікоў гэтага тыпу. У 1952 годзе была асвоена вытворчасць першай у СССР уніфікаванай серыі рухавікоў АО 5 габарыту.[3]

Электраматорны цэх быў дрэнна абсталяваны. Абгароджаны ўчастак у старым штамповачным цэху, дзе стаялі доўгія сталы і лаўкі, быў ручны канвеер. На абмотачным участку працавалі і мужчыны, і жанчыны. Цэх абаграваўся жалезнымі бочкамі, у якіх гарэлі дровы. Але іх цяпла было недастаткова і ў халодную пару года даводзілася працаваць у верхнім адзенні.[3]

У другой палове 50-х гадоў прынята рашэнне аб пашырэнні вытворчасці электрарухавікоў і на ўсходняй ускраіне Магілёва. У 1958 годзе пабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю корпус № 1.[3]

30 жніўня 1958 году Савет міністраў БССР зацвердзіў Пастанову № 629 аб стварэньні Магілёўскага заводу «Электрарухавік», для якога стварылі новы вытворчы корпус. 16 сакавіка 1959 г. завод зарэгістраваў таварны знак "МЭЗ" у ромбе.[4]

У 1959 годзе асвоена вытворчасць электраакустычных сігнальных прыбораў, а у 1969 годзе — электрасокавыціскалак.[4]

З 1961 года асноўнай прадукцыяй прадпрыемства сталі электрарухавікі, а вытворчасць раней засвоеных вырабаў шырспажыву перададзена іншым прадпрыемствам рэспублікі.[3] У 1962 годзе прадпрыемства поўнасцю перасялілася ў новыя корпусы на ўскраіне горада (у нашы дні мікрараён «Юбілейны»). У 1965 годзе завод перайшоў у падпарадкаванне Міністэрства электратэхнічнай прамысловасці СССР.

У другой палове 60-х гадоў асвойвалася вялікая гама мадыфікацый і спецыяльныя выкананні рухавікоў на базе А02-3 габарыту. У 1966 і 1973 гадах на заводзе ўводзіліся ў эксплуатацыю новыя вытворчыя корпусы.[5] Уваходзіў у Галоўнае ўпраўленне па вытворчасці электрарухавікоў (Главэлектрамаш) Міністэрства электратэхнічнай прамысловасці СССР, у 1975 годзе ўвайшоў у склад вытворчага аб'яднання «Запэлектрамаш» Усесаюзнага прамысловага аб'яднання па вытворчасці электрарухавікоў «Саюзэлектрамаш».

У 1972 годзе перайменаваны ў гонар 50-годдзя СССР. Быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

З 1986 года завод прыступіў да выпуску электрарухавікоў новай адзінай серыі АІ (раней выпускаў рухавікі серый АТ, А02, 4А), пасля асвоіўшы вытворчасць мадэляў магутнасцю ад 0,12 да 30 кВт.

У 2018 годзе завод увайшоў у холдынг «Магілёўліфтмаш» на правах філіяла з ліквідацыяй юрыдычнай асобы (ААТ ліквідавана 28 снежня 2018 года). У 2019 годзе завод паставіў электрарухавік для першага беларускага электрамабіля.

Вырабы[правіць | правіць зыходнік]

  • 1-фазныя асінхронныя электрарухавікі напружаннем зменнага току 115, 220 і 230 вольтаў з прыбудаваным кандэнсатарам ды 2- і 3-фазнай абмоткай, якія прызначаліся для насосаў і дрэваапрацоўчых станкоў — мелі сінхронную частату кручэння 1500 і 3000 абаротаў за хвіліну ды магутнасць ад 0,12 да 2,2 кілаватаў;[6]
  • 3-фазныя асінхронныя электрарухавікі з напрацоўкай на адмову прынамсі 25 000 гадзінаў і магутнасцю ад 0,12 да 30 кілаватаў;[7]
  • выбухаабароненыя рухавікі габарытаў ад 63 да 132 міліметраў для нафтагазавай прамысловасці;[8]
  • выбухаабароненыя рухавікі для электрапрываду запорнай трубаправоднай арматуры, якія маюць напругу 380 вольтаў, магутнасць ад 0,12 да 20 кілаватаў і сінхронную частату абарачэння 750, 1000, 1500 і 3000 абаротаў за хвіліну;[9]
  • 2- і 3-хуткасныя рухавікі з вышынёй восі кручэння ад 63 да 160 мм і магутнасцю ад 0,18 да 17 кілаватаў;[10]
  • рухавікі з убудаваным і прыбудаваным электрамагнітным тормазам з вышынёй восі кручэння ад 63 да 132 мм і магутнасцю ад 0,25 да 4,75 кілаватаў;[11]
  • рухавікі з павышаным слізгаценнем, якія маюць вышыню восі кручэння ад 71 да 160 мм і магутнасць 0,6 да 20 кілаватаў;[12]
  • цягавыя асінхронныя рухавікі з незалежным ахалоджваннем для электрапрываду колавых самаходаў, якія маюць магутнасць 155 кілаватаў; [13]
  • адмысловыя рухавікі для манаблочных насосаў (ад 0,37 да 5,5 кват) і матораў-рэдуктараў (ад 0,55 да 7,5 кват), дахавых (ад 2,2 да 18,5 кват) і цэнтрабежных (0,25 кват) вентылятараў, а таксама малашумных ліфтоў (ад 3 да 18,5 кілаватаў);[14]
  • убудаваныя рухавікі для швейных машынаў у выглядзе сэрцавіка статара з абмоткай і залітага алюмініем сэрцавіка ротара без валу;[15]
  • 1-фазныя асінхронныя кандэнсатарныя рухавікі напружаннем 220 вольтаў і магутнасцю ад 25 да 180 ватаў, якія прызначаюцца для пральных машынаў, сокавыціскалак і электраінструмэнта ды мелі сынхронную частату кручэння 1500 і 3000 абаротаў за хвіліну;[16]
  • электрасокавыціскалкі «Журавінка» магутнасцю 160 ватаў для перацірання бульбы і садавіны, атрыманьня соку з агародніны, садавіны і ягадаў, а таксама для шынкавання і нарэзкі ломцікамі;[17]
  • электраакустычныя сігнальныя прыборы з лямпай, якія маюць напружанне 24 і 220 вольтаў ды магутнасць ад 4,2 да 22 ватаў — званкі, равуны;[18]

Збытавая сетка[правіць | правіць зыходнік]

Завод мае афіцыйных дылераў ва Узбекістане і 4-х краінах Еўропы — Латвіі, Малдове, Расіі і Украіне.[19] Рамонтныя майстэрні дзейнічаюць ў Магілёве, Маскве і Кіеве.[20]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. https://www.mez.by/contacts/
  2. https://minprom.gov.by/otkrytoe-akcionernoe-obshhestvo-mogilevskij-zavod-elektrodvigatel-oao-mogilevskij-zavod-elektrodvigatel/
  3. а б в г д е История Могилева: завод «Электродвигатель. Первые шаги » MASHEKA - информационный портал Могилёва. Новости Могилева, интервью с могилевчанами (руск.). MASHEKA - информационный портал Могилёва. Новости Могилева, интервью с могилевчанами. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  4. а б История. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  5. Магілёўскі заво́д «Электрарухаві́к / В. У. Шаблюк // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 466. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  6. Однофазные двигатели серии АИРЕ. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  7. Трехфазные двигатели серии АИР. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  8. Взрывозащищенные двигатели серии 4ВР. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  9. Двигатели серии АИРБС (IP67). www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  10. Многоскоростные двигатели. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  11. Двигатели со встроенным электромагнитным тормозом. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  12. Двигатели с повышенным скольжением. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  13. Тяговый асинхронный двигатель с независимым охлаждением ТАД 155-4-БМУ1. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  14. Узкоспециализированные двигатели. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  15. Встраиваемые двигатели. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  16. Двигатели однофазные асинхронные типа ДАК. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  17. Двигатели однофазные асинхронные типа ДАК. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  18. Приборы электроакустические сигнальные. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  19. Официальные дилеры. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.
  20. Сервисные центры. www.mez.by. Праверана 4 чэрвеня 2024.