Машынабудаванне і металаапрацоўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Машынабудаванне)

Машынабудава́нне і металаапрацо́ўка — комплекс галін цяжкай прамысловасці па вытворчасці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання.

У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне, дарожна-будаўнічае і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад, электратэхнічная, сродкаў вылічальнай тэхнікі, падшыпнікавая, авіяцыйная, суднабудаўнічая, металічных канструкцый, металічных вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш.

Машынабудаванне як галіна прамысловасці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытворчасці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапрацоўчых станкоў. Як галіна вытворчасці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Заходняй Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету машынабудаванне і металаапрацоўка найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысловых робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39.5 млн шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4 %, ЗША — 16,8 %, Германія — 12,4 %, Францыя — 8,2 %, Вялікабрытанія — 4,4 %) і 16.5 млн шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7 %, Японія — 16,9 %, Бразілія — 9,6 %,КНР — 5,0 %, Рэспубліка Карэя — 3,7 %).

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі машынабудаванне і металаапрацоўка як галіны вытворчасці пачалі развівацца ў канцы 19 — пачатку 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — Кашарскі машынабудаўнічы і чыгуна-медна-металургічны завод з 1881 года, металаапрацоўчы завод «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабудаўнічы завод з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны завод з 1915 года. У пачатку 20 ст. было 26 невялікіх металаапрацоўчых прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, металічны посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмалапатачнай, дрэваапрацоўчай і спіртавой прамысловасці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш.

У 1930-я гг. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных сельскагаспадарчых і тарфяных машын, абсталявання для будаўнічай прамысловасці, электрарухавікоў. У пачатку 1940-х гг. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вялікую Айчынную вайну частка машынабудаўнічых заводаў была эвакуіравана ва ўсходнія раёны СССР, астатнія разбураны.

У пасляваенныя гады структура машынабудавання і металаапрацоўкі значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны заводы, радыёзавод у Мінску; асвоена вытворчасць падшыпнікаў, розных сельскагаспадарчых машын, гадзіннікаў, электронна-вылічальных машын, тэлевізараў і інш.

Сучасныя машынабудаванне і металаапрацоўка развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найбольш сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45 %); буйныя цэнтры таксама — Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асноўных вытворчых фондаў і колькасці рабочай сілы машынабудаванне і металаапрацоўка займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 годзе ўдзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7 %; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7 % — дзяржаўнай уласнасці, якія далі 63 % усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2 % усіх рабочых і служачых, 29,6 % прамыслова-вытворчых фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, кааперацыйных сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысловага комплексу рэспублікі.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Машынабудаванне і металаапрацоўка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  • Анцюфрыева З. А. Машынабудава́нне і металаапрацо́ўка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 472—473. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. — Мн., 1997;
  • Рогач П. І., Сасноўскі В. М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. — Мн., 1996.