Эстонскае нацыянальнае абуджэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Эстонскі нацыянальны рух)
Сцяг Эстоніі Гісторыя Эстоніі
Герб Эстоніі
Старажытная Эстонія
Сярэдневяковая Эстонія
Дацкая Эстонія · Дэрпцкае біскупства · Лівонскі ордэн ·
Падзел і аб’яднанне пад шведскім панаваннем
Лівонская вайна · Лівонскае каралеўства · Задзвінскае герцагства · Шведская Лівонія · Шведская Эстляндыя
У складзе Расійскай імперыі
Паўночная вайна · Ліфляндская губерня · Эстляндская губерня
Стварэнне Эстонскай Рэспублікі
Балтыйскае герцагства ·
Часовы ўрад Эстоніі ·
Вайна за незалежнасць ·
Эстонская рэспубліка
Другая сусветная вайна
Чэрвеньскі пераварот · Далучэнне Эстоніі да СССР · Генеральная акруга Эстонія
Паваенны перыяд
Эстонская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка · Лясныя браты · Аднаўленне незалежнасці

Партал «Эстонія»

Эсто́нскае нацыяна́льнае абуджэ́нне (эст.: Ärkamisaeg) — тэрмін, якім пазначаюць працэс усведамлення эстонцамі сябе як нацыі, што мае права на самавызначэнне. Гэты працэс распачаўся прыблізна ў 1850-х, калі просты люд атрымаў большыя правы, і цягнуўся да абвяшчэння незалежнасці Эстоніі ў 1918 годзе. Нацыянальным абуджэннем часам называюць таксама падзеі 1987—1988 гадоў у Савецкай Эстоніі[1].

Карл Роберт Якабсан

Хоць нацыянальная свядомасць эстонцаў набыла моц у XIX ст.[2], пэўныя адзнакі ўсведамлення сваёй этнічнай асаблівасці назіраліся і раней[3]. Пад канец XVIII ст. саманазва eestlane пашырылася ў Эстоніі нароўні са старою назвай maarahvas[4]. На той час Эстонія належала Расійскай імперыі. Эстонскі пераклад Бібліі пабачыў свет у 1739 годзе, а колькасць брашур па-эстонску вырасла ад 18 у 1750-х да 54 у 1790-х. Да канца стагоддзя большая палова дарослых эстонскіх сялян умела чытаць. Сярод першых людзей з універсітэцкай асветай, што ідэнтыфікавалі сябе эстонцамі, былі Фрыдрых Роберт Фельман (1798—1850), Крысціян Яак Петэрсан (1801—1822) і Фрыдрых Рэйнхальд Кройцвальд (1803—1882). Уладная эліта заставалася збольшага нямецкай па мове і культуры. Балтыйскі нямецкі пісьменнік Гарліб Меркель (1769—1850) быў адным з першых эстафілаў і ставіўся да эстонцаў як да народа, роўнага з іншымі. Ён стаў натхняльнікам эстонскага нацыянальнага руху, які да сярэдзіны XIX ст. ставіў сабе за ўзор культурны свет балтыйскіх немцаў. Аднак з сярэдзіны стагоддзя такія эстонскія лідары, як Карл Роберт Якабсан (1841—1882), Якаб Гурт і Ёхан Вальдэмар Янсен (1819—1890), сталі амбітнейшымі і пацягнуліся ў напрамку фінаў, нацыянальны рух якіх на той час быў надта паспяховым, а таксама да пэўнай меры да суседзяў латышоў і іх руху младалатышоў.

Значнымі культурнымі дасягненнямі сталі публікацыя 1862 года «Калевіпаэга» і арганізацыя ў 1869 першага спеўнага фестываля. Да канца 1860-х эстонцы ўжо не жадалі мірыцца з нямецкай культурнай і палітычнай гегемоніяй. Да спробы русіфікацыі ў 1880-х і 1890-х іх стаўленне да Расійскай імперыі было пазітыўным[3].

Фрыдрых Кройцвальд чытае рукапіс «Калевіпаэга». Карціна Іагана Кёлера

У 1881 годзе сямнаццаць эстонскіх таварыстваў звярнуліся з мемарандумам да расійскага цара Аляксандра III, заклікаючы яго да ўвядзення ў Эстоніі інстытута земстваў, якія ўжо існавалі ў іншых частках імперыі, да роўнага прадстаўніцтва ў земствах эстонцаў і балтыйскіх немцаў і да адміністрацыйнай уніфікацыі этнічных эстонскіх абласцей. Натхняльнікам мемарандуму быў Карл Роберт Якабсан. У 1891 пачала выходзіць першая эстонская штотыднёвая газета «Postimees». Паводле перапісу 1897 года эстонцы мелі другі пасля фінаў узровень пісьменнасці ў Расійскай імперыі (96,1 % эстонамоўнага насельніцтва Балтыйскіх губерняў, старэйшыя за 10 гадоў)[3][5]. Месты хутка эстанізаваліся, і да 1897 эстонцы складалі дзве траціны гарадскага насельніцтва[3].

У адказ на перыяд русіфікацыі, якую расійскі ўрад распачаў у 1880-х, эстонскі нацыяналізм набраў большае палітычнае гучанне, інтэлектуалы сталі заклікаць да пашырэння аўтаноміі. Расійская рэвалюцыя 1905—1907 гадоў азнаменавалася ў Эстоніі заклікамі да свабоды прэсы, сходаў, голасу і за нацыянальную аўтаномію[6]. Эстонцы мала чаго дабіліся, аднак хісткая стабільнасць у перыяд між 1907 і 1917 годамі спрыяла змацненню спадзеваў эстонцаў на нацыянальную дзяржаву. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года эстонскія землі ўпершыню былі аб'яднаныя ў адну адміністрацыйную адзінку — Аўтаномную губерню Эстляндыя. Пасля таго, як у кастрычніку 1917 года ўладу захапілі бальшавікі, а нямецкія войскі здабылі перамогу над расійскімі, 24 лютага 1918 Эстонія абвясціла сябе незалежнай рэспублікай.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Kutsar, D. 4 // «Social change and stress in Estonia». — International Journal of Social Welfare, 1995. — Т. 2. — С. 94-107.
  2. Gellner, Ernest. 2 // «Do nations have navels?». — Nations and Nationalism, 1996. — Т. 2. — С. 365-370.
  3. а б в г Raun, Toivo U. «Nineteenth- and early twentieth-century Estonian nationalism revisited». — 2003.
  4. Ariste, Paul. 5 // «Maakeel ja eesti keel». — Eesti NSV Teaduste Akadeemia Toimetised, 1956. — С. 117-124.
  5. Kappeler, Andreas. Rußland als Vielvölkerreich: Entstehung, Geschichte, Zerfall. — Munich: C.H. Beck, 1992. — ISBN 3-406-47573-6.
  6. Raun, Toivo U. 43 // The Revolution of 1905 in the Baltic Provinces and Finland. — Slavic Review, 1984. — Т. 3. — С. 453-467.