Бачэйкава
Аграгарадок
Бачэйкава
| ||||||||||||||||||||||||
Бачэ́йкава[1] (трансліт.: Bačejkava, руск.: Бочейково) — аграгарадок, цэнтр Бачэйкаўскага сельсавета ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Размешчаны на Уле, прытоку Дзвіны. За 21 км на паўночны захад ад Бешанковічаў, 75 км ад Віцебска, 21 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі, на скрыжаванні аўтадарог Віцебск — Лепель і Чашнікі — Ула. Праз Бачэйкава праходзіць аўтамабільная дарога М3 (Мінск — Віцебск).
За 1 км на паўночны ўсход ад вёскі знаходзіцца Бачэйкаўскае радовішча глін. Пластовы паклад стужачных глін звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі. Гліны прыдатныя на вытворчасць цэглы і чарапіцы.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Бачэйкава, магчыма, паходзіць ад балцкага (літоўскага) антрапоніма Bakas або Bačeika (корань звязаны з літ. bakinti «тыкаць, тузаць» і памяншальны суфікс -eik-), як і назвы многіх паселішчаў паблізу, напрыклад, Бешанковічаў ад імя Bešys або Bešėnas, Люлюкоў ад Leliušas, Тарантова ад Taranta (корань звязаны з літ. tarti «мовіць» і суфікс -nt-), колішніх Толміншчыны, Барэйчына і Рапшына ад Tolminas (двухасноўнае, toli «далёка» і mintis «думка»), Bareika і Rapšys. Магчыма, да гэтай групы паселішчаў належаць Баяры (раней некалькі хутароў) і Ліцвякі.[2] З’яўленне такіх назваў можа быць звязана з наданнем зямель у гэтай мясцовасці баярам літоўскага паходжання. Паводле ж Вадзіма Жучкевіча, напрыклад, назва Бешанковічы паходзіць проста ад прозвішча Бешанковіч.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Згадваецца ў 1460 годзе як сяло, уласнасць князя Юшкі Ямантавіча, пазней належала яго пляменніку князю Сямёну Ямантавічу-Падбярэзскаму (гл. Ямантавічы). Пасля смерці князя Сямёна, Бачэйкава разам з іншымі маёнткамі было прадметам судовых спрэчак паміж яго ўдавой Федкай і сястрой Юліяніяй. У 1542 годзе Юліянія адсудзіла Сямёнавы маёнткі, у т.л. Бачэйкава на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. У тыя часы маёнтак складаўся з «двара» ў Бачэйкаве, паселішча побач і воласці, куды ўваходзілі вёскі Плескунова, Стрыжава і іншыя. Пры падзеле ўладанняў паміж братамі, Бачэйкава дасталася Рыгору (пачынальніку шляхецкага роду Падбярэзскіх), а Стрыжава з навакольнымі вёскамі — Івану (пачынальніку шляхецкага роду Стрыжаўскіх). Частка Бачэйкава належала і А. Н. Цеханавецкаму, роднасныя адносіны якога з іншымі ўладальнікамі не высветленыя. Пасля смерці Рыгора Падбярэзскага (пасля 1585) Бачэйкава цалкам перайшло ва ўладанне А. Н. Цеханавецкага з сынам Станіславам і да пачатку XX ст. заставалася ва ўласнасці Цеханавецкіх.

У час Лівонскай вайны (1563—1580) Бачэйкава спустошана. У 1626 годзе маёнтак складаўся з Бачэйкаўскага двара, умацаванага частаколам і ровам, і мястэчка пры ім з 79 жыхарами мужчынскага полу, а таксама воласці з вёскамі Астраўляны, Высакагора (цяпер Высокая Гара), Жарнасекі (цяпер Жарнасекава), Забелле, Клешчыно. У 1626 годзе Станіслаў Цеханавецкі даў маёнтак у заставу (арэнду) князю Э. Кантакузену. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у 1654 годзе Бачэйкава спалена. У 1692 годзе — 45 мяшчанскіх сем’яў і 13 прымакоў, да воласці належалі вёскі Адамашкава, Дзятлы, Жарнасекі, Забелле-Баярскае, Клешчыно, Сенькаўшчына, Старынкі, Філіпенкі. У 1769 годзе пабудаваны новы панскі дом і закладзены парк, у мястэчку жыло каля 50 мяшчанскіх сем’яў. У канцы XVIII ст. дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, даховачны, ганчарны, вінакурны, піваварны заводы.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бачэйкава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці Лепельскага павета Полацкай, з 1802 года Віцебскай губерні.
У 1852 годзе да маёнтка Бачэйкава, які знаходзіўся ў валоданні Цеханавецкіх[3], належалі 136 душ мужчынскага полу і 14 вёсак: Багданава, Валькоўшчына, Грыцькаўка, Дзятлы, Дубровы, Жарнасекі, Забелле, Клешчыно, Навасёлкі, Промыслы, Прыгожае, Сенькаўшчына, Тарантова, Шыпулі і 4 засценкі: Займішча, Касмыры, Сушытна, Талвіншчына. На 1886 год у мястэчку было 250 жыхароў, 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны заводы, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год. Паводле перапісу 1897—722 жыхары.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]
15 сакавіка 1918 года нямецкія войскі знаходзіліся за 6 вёрст ад Бачэйкава і неўзабаве акупіравалі населены пункт. 25 сакавіка 1918 года паводле Трэцяй Устаўной граматай Бачэйкава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года паводле пастановы I з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР. У 1923—1924 гадах — цэнтр Бачэйкаўскага павета Віцебскай губерні. У 1924 годзе Бачэйкава вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета. Неўзабаве статус паселішча панізілі да вёскі. З 1930-х — цэнтр калгаса «Бачэйкава».
Перад 2-й сусветнай вайной у вёсцы жыло 432 чалавек у 92 дварах[4].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў кастрычніку 1943 года акупанты спалілі 87 дамоў[4].
У 1970 годзе — 918 жыхароў, 238 двароў. У 1992 годзе — 1164 жыхароў. У 2005 годзе — 1817 жыхароў, 853 двары; камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, магазіны.
У 1988 годзе Бачэйкава наведаў Анджэй Цеханавецкі, нашчадак колішніх уладальнікаў.
- Мястэчка на старых здымках
-
Палац да разбудовы, парадны фасад.
-
Палац па разбудове, паркавы фасад, 1908
-
Палац, інтэр’ер
-
Дамок лоўчага
-
Парк, 1928
-
Палац, паркавы фасад, 1928
-
Палац, парадны фасад, 1928
-
Палац, парадны фасад, 1934
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1626 год — 79 муж.
- 1838 год — 323 чал. (157 муж. і 166 жан.), з іх духоўнага саслоўя каталіцкага 1 муж., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 2 жан., мяшчан-іўдзеяў 52 муж. і 53 жан., сялян зямянскіх 95 муж. і 110 жан., аднадворцаў 3 муж., адстаўных салдат 4 муж. і 1 жан.[5];
- 1852 год — 156 муж.;
- 1886 год — 250 чал.;
- 1897 год — 722 чал.
- 1970 год — 918 чал.;
- 1992 год — 1164 чал.[6];
- 1995 год — 1160 чал.[7];
- 1999 год — 1049 чал.
- 2005 год — 1817 чал.;
- 2010 год — 865 чал.;
- 2019 год — 731 чал.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У Бачэйкаве працуюць сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзібна-паркавы комплекс Цеханавецкіх (XVIII ст.)
- Бачэйкаўскі парк (1769) — помнік садова-паркавага мастацтва, адзіны у Беларусі парк французскага тыпу з сіметрычна-асявой планіроўкай. —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000146
- Бачэйкаўскі парк (1769) — помнік садова-паркавага мастацтва, адзіны у Беларусі парк французскага тыпу з сіметрычна-асявой планіроўкай. —
- Яўрэйскія могілкі
- Курганны могільнік-1 (2 насыпы), на агародзе зямельнага ўчастка па вул. Краўчэнкі, д.3 —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000908
- Курганны могільнік-2 (2 насыпы), на паўднёвы захад ад курганнага могільніка-1, на правым беразе р. Ула, за 0,5 км на поўдзень ад моста, на вясковых могілках, якія размешчаны справа ад дарогі ў в. Клешчына —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000909
-
Дамок лоўчага
-
Стайня
-
Дом для працоўных
-
Сажалка
-
Флігель
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Палац Цеханавецкіх (XVIII ст.)
- Царква Праабражэння Гасподняга (1675)
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Станіслаў Аляксандр Цеханавецкі (1853—1918) — дыпламат.
- Гектар Янавіч Лапіцкі (1829/1830—1904), паўстанцкі начальнік Мінскага ваяводства ў часы Студзеньскага паўстання (1863—1864)
- Юліян Янавіч Лапіцкі (1829—1894) — крытык, публіцыст і эканаміст, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Адкуль Бешанковічы Архівавана 25 ліпеня 2021. // Svajksta.by, 25.07.2021
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 271.
- ↑ а б Бочейково (руск.)
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 415.
- ↑ Насевіч В. Бачэйкава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 336.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. С. 364.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Адамаў У. Бачэйкаўскі сад і палац // Віцебшчына. Т. 1. — Мн.: 1925;
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Бочейково // Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 481.
- Гарбадзей, А. Паданне пра Бачэйкава / А. Гарбадзей // «Зара». — 1998. — 23 чэрв.
- Кавалеўскі, С. Таямніцы бачэйкаўскіх скарбаў: (з гісторыі населеных пунктаў Бешанковіцкага раёна) / С. Кавалеўскі // «Народнае слова». — 2010. — 26 кастр.
- Крачкоўскі, А. З мінулага Бачэйкава / А. Крачкоўскі // «Зара». — 1989. — 5 кастр.
- Талстая, В. Мая вёсачка / В. Талстая // «Зара». − 1998. — 18 жн.
- Усава, М. Над Улаю палац… / М. Усава // «Краязнаўчая газета». — 2004.- № 18 (май).
- Шпакоўская, Г. Бачэйкава: (пра вёску Бешанковіцкага раёна) / Г. Шпакоўская // «Народнае слова». — 2009. — 12 сак. — С. 10.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бачэйкава
- Бачэйкава на сайце Глобус Беларусі (руск.)