Юрай Якубіска

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Юрай Якубіска
Juraj Jakubisko
Juraj Jakubisko.jpg
Дата нараджэння: 30 красавіка 1938(1938-04-30) (81 год)
Месца нараджэння: Койшава, Кошыцкі край, Чэхаславакія
Грамадзянства: Flag of Slovakia.svg Славакія
Жонка: Deana Horváthová[d]
Адукацыя:
Прафесія: кінарэжысёр, сцэнарыст
Кар’ера: 1960 — цяперашні час
Кірунак: камедыя, драма
Узнагароды:
IMDb: nm0416036
Commons-logo.svg Юрай Якубіска на ВікіСховішчы

Ю́рай Я́кубіска (славацк.: Juraj Jakubisko; нар. 30 красавіка 1938, Койшава, Славакія) — славацкі кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар; адзін з прадстаўнікоў чэхаславацкай «новай хвалі».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў русінскай сям'і на ўсходзе Славакіі. Скончыў мастацка-прамысловую школу па спецыяльнасці «мастацкая фатаграфія» ў Браціславе, у 1966 годзе рэжысёрскае і аператарскае аддзяленні факультэта кіно і тэлебачання Акадэміі музычнага мастацтва ў Празе. Быў асістэнтам у Веры Хіцілавай і Яраміла Іраша.

Першыя фільмы Якубіска зрабілі яго адным з вядучых рэжысёраў «чэхаславацкай новай хвалі»[1].

Карціна «Птушкі, сіроты і блажэнныя»[2] 1969 года была адпраўлена «на паліцу», дзе праляжала да 1991 года. Сам рэжысёр быў практычна пазбаўлены магчымасці здымаць на працягу наступных пятнаццаці гадоў. Выключэннем былі некалькі кароткаметражных дакументальных стужак і фільм «Тры мяшкі цэменту і жывы певень» (1976), але і ён быў паказаны толькі праз два гады пасля таго, як быў скончаны. Канчаткова вярнуўся ў кіно з карцінай «Пабудуй дом, пасадзі дрэва» (1979).

У 2000 годзе па выніках апытання кінакрытыкаў і журналістаў быў прызнаны лепшым славацкім рэжысёрам XX стагоддзя[3].

Выкладае ў Пражскай кінаакадэміі. У 2005 годзе ўзначаліў журы конкурсу «Перспектывы» на XXVII Маскоўскім кінафестывалі. Заснаваў студыю «Якубіска Філм», на якой зняў шэраг сваіх карцін.

Займаецца жывапісю, яго працы былі прадстаўлены на некалькіх выстаўках.

Жанаты з актрысай Дэанай Хорватавай, якую шмат здымаў у сваіх фільмах. Жыве ў Празе.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Першы паўнаметражны фільм — «Узрост Хрыста» (1967, прэмія Міжнароднага кінафестывалю ў Мангейме). У фільмах «Дэзерціры і вандроўнікі» (1968), «Птушкі, сіроты і блажэнныя» (1969, з Францыяй), «Да сустрэчы ў пекле, сябры!» (1970, забаронены цэнзурай, выйшаў на экран праз 20 гадоў) экзістэнцыяльныя праблемы пошуку уласнага «я» ўвасабляў у складаных шматстылявых мастацкіх канструкцыях, імкнуўся да спалучэння мовы заходняга кінаавангарда з разнастайнай культурнай мовай Усходняй Славакіі.

У 1970-я гг. зняў шэраг дакументальных стужак, у т.л. «Будоўля веку» (прэмія Міжнароднага кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у Будапешце), «Барабаншчык Чырвонага Крыжа» (Залаты медаль Міжнароднага кінафестывалю ў Варне) і інш., якім уласцівы асацыятыўнасць апавядання, ужыванне элементаў сюррэалізму.

Лепшая работа — гістарычная сага «Тысячагадовая пчала» (1983, прэмія Міжнароднага кінафестывалю ў Венецыі) — арганічна спалучае трагедыю, паэзію, фальклор, вытанчаную візуальную стыхію і філасофскае асэнсаванне гістарычных падзей.

Сярод іншых фільмаў: «Пабудуй дом, пасадзі дрэва» (1979), «Цётка Франкенштэйна» (1985), «Я сяджу на галіне, і мне добра» (1989), «Лепш быць багатым і здаровым, чым бедным і хворым» (1992), «Няясная вестка пра канец свету» (1997) і інш.

Зноскі

  1. Ханс-Йоахим Шлегель Проблемы культурной аутентичности в постсоциалистическую эпоху. Киноведческие записки, № 71 (24 студзеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2009. Праверана 24 чэрвеня 2009.
  2. Birds, Orphans, and Fools. Праграма па славакістыцы. Універсітэт Пітсбурга. Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2012. Праверана 17 чэрвеня 2010.
  3. Старонка фільма «Батары» на сайце Чэшскага тэлебачання (англ.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]