Перайсці да зместу

Сюррэалізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сюррэалізм (ад фр.: surréalisme — надрэалізм, звышрэалізм) — мадэрнісцкі еўрапейскі мастацкі кірунак, які склаўся ў 1920-я гады.

Мадэрнісцкая плынь у выяўленчым мастацтве і літаратуры склалася 1920-я г. пераважна ў Францыі, а потым распаўсюдзілася ў іншых еўрапейскіх краінах. Тэарэтыкам гэтага кірунку быў філосаф і паэт Андрэ Брэтон. У яго аснове — бунт супраць класіцызму, рацыяналізму, рэалізму і утылітарызму ў мастацтве.

Тэрмін «сюррэалізм» упершыню выкарыстаў Гіём Апалінэр. Напачатку сюррэалісты абапіраліся на дадаізм, з якога пачынала будучае творчае «ядро» сюррэалізма — Андрэ Брэтон, Поль Элюар, Луі Арагон і іншыя. Дадаізм быў кірункам у мастацтве, які адмаўляў рацыянальнасць, парадак, канструктыўнасць і фігураваў у першую чаргу як пратэст грамадска-дзяржаўнаму ладу, пры якім людзі дзяліліся на багатых і бедных, які ўцягнуў Еўропу ў Першую Сусветную вайну. Але дадаізм хутка вычэрпаў сябе. Жадаючы стварыць нешта, што будзе вышэй і актуальней мастацтва як з'явы, яны зразумелі, што стварылі толькі яшчэ адзін мастацкі кірунак — у дадатак да ўжо існуючых. У 1922 г. адзін з вынаходнікаў дадаізма — Трыстан Тцара — афіцыйна выступіў з пахавальнай прамовай гэтай плыні[1]. Узнікла патрэба ў новым авангардным кірунку.

Гісторыя сюррэалізма

[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйна сюррэалізм пачынае сваё існаванне ў 1924 г., калі Андрэ Брэтон абвяшчае свой маніфест. На самой справе ён абагульняе тэндэнцыі, які на той час ужо даўно пачалі выяўляцца ў авангардным мастацтве, а таксама сплочвае блізкіх па духу творчых людзей у адну групу. Акрамя дадаізму на светапогляд сюррэалістаў паўплавала творчасць Жана Както, Марселя Дзюшана, Антоніа Гаўдзі, Арцюра Рэмбо і Джорджа дэ Кірыко. Сярод "старадаўніх" папярэднікаў сюррэалізма можна назваць Іераніма Босха[2] і Джузэпэ Арчымбольда.

Першымі сюррэалістамі, акрамя Брэтона, былі Поль Элюар, Луі Арагон, Піліп Супо, Іў Тангі. Маладыя людзі вялі эпатажны лад жыцця, спавядалі рэвалюцыйныя погляды. Аўтарытарны Брэтон выключаў з гуртка сюррэалістаў усіх іншадумцаў, але заўсёды заклікаў моладзь: свежая кроў забяспечвала актыўнасць і жыццяздольнасць суполкі, яе невычэрпны творчы патэнцыял.

З сярэдзіны 1920-х гг. у межах сюррэалізма некаторы час працуе Пабла Пікаса.

Пазней да сюррэалістаў далучаецца тады яшчэ амаль невядомы мастак Сальвадор Далі. Але ў 1934 яго выключаюць з супольнасці за манархічныя ідэі і камерцыйны ўхіл творчасці.

У 1927 г. Брэтон уступае ў камуністычную партыю Францыі. З гэтага часу рэвалюцыйныя погляды сюррэалістаў набываюць ідэялагічную кантрэтыку. Але пазней яны расчароўваюцца ў прасавецкім камунізме - часткова з-за замоўчвання кіраўніцтвам камуністычнай партыі Францыі маштабаў рэпрэсій у СССР. Брэтон збліжаецца з Львом Троцкім, які ў той час знаходзіўся ў палітычнай эміграцыі ў Мексіцы. Наведваючы Мексіку, ён адначасова запісаў у шэраг сюррэалістаў мастакоў Фрыду Кало і Дыега Рыверу.

Пасля пачатку Другой Сусветнай вайны і акупацыі Францыі войскамі вермахта, большасць сюррэалістаў (у прыватнасці сам Андрэ Брэтон, мастак Макс Эрнст) эмігравала ў ЗША. З бачных сюррэалістаў у Францыі застаўся Поль Элюар, які ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе з нацысцкай акупацыяй і рэжымам Вішы.

Пасля вайны сюррэалісты вяртаюцца ў Еўропу і спрабуць аднавіць рух гуртка. Афіцыйна супольнасць сюррэалістаў скончвае сваё існаванне ў 1969 г. Але асобныя мастакі працягваюць працаваць у гэтым кірунку і сёння. Сюррэалізм паралельна развіваўся ў іншых краінах. Сярод чэшскіх сюррэалістаў добра вядомы рэжысёр Ян Шванкмаер у Празе, які працуе ў цяперашні час. Значны ўнёсак ў развіцце амерыканскага сюррэалістычнага кінематографа зрабілі Дэвід Лінч і Тэры Гіліам.

Сюррэалізм абапіраўся на ірацыяналізм, алагізм, канцэпцыю неўсвядомленага З. Фрэйда. Ставіў мэтай адлюстраванне звышрэальных, алагічных сувязей аб'ектаў рэальнага свету, якія існуюць толькі ў падсвядомасці чалавека і праяўляюцца ў стане сну, гіпнозу, трансу ці хваробы. Абвясціў крыніцай мастацкай творчасці і натхнення сферу падсвядомага (інстынкты, галюцынацыі, сны); творчым метадам — разрыў лагічных сувязей, замененых свабоднымі асацыяцыямі, а галоўнай мэтай — сацыяльнае і маральна-інтэлектуальнае вызваленне чалавека. Выступаў супраць камерцыяналізацыі мастацтва.

Карысталіся метадам аўтаматычнага пісьма, які прадугледжваў скасаванне разумнага, інтэлектуальнага кантролю над творчым працэсам.

  • Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. — ISBN 985-11-0277-6
  • Лявонава Е. А. (літаратура), Пешын С. У. Сюррэалі́зм // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 331—332. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Сюрреали́зм / Э. Галин (С. в литературе), В. А. Марков // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 152—153. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
  • Сюррэалі́зм // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 5 кн. 1: С — Улагодзіць / [рэдактар М. Р. Суднік]. — С. 441. — 663 с.
  • Сюрреали́зм // Популярная художественная энциклопедия. Архитектура. Живопись. Скульптура. Графика. Декоративное искусство. В 2 т. / Под ред. Полевого В. М. Ред. кол.: В. Ф. Маркузон, Д. В. Сарабьянов, В. Д. Синюков (зам. гл. ред.) — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1986. — Книга II. М—Я, 1986. — С. 273. — 432 с, ил., 32 л. ил. — 200 000 экз. (руск.)
  • Сюрреали́зм // Атанасова Иванка. Словарь терминов изобразительного искусства — Велико Тырново: Великотырновский университет им. Кирилла и Мефодия, Филологический факультет, Кафедра русистики, 2006. — 142 с. — ISBN 954-775-578-1, ISBN 978-954-775-578-9. (руск.)
  • Сюрреали́зм // Краткий словарь терминов изобразительного искусства / Под. общ. редакцией Г. Г. Обухова — М.: Советский художник, 1961. — С. 161—162. — 192 с. — 15 000 экз. (руск.)