Перайсці да зместу

Януш Урбанавіч Крупскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Януш Урбанавіч Крупскі
Нараджэнне 8 жніўня 1898(1898-08-08)
Смерць мерк. 1939
Бацька Урбан Баніфацевіч Крупскі
Маці Гелена Свіда[d]

Януш Урбанавіч Крупскі (руск.: Януш Урбанович Крупский, польск.: Janusz Krupski; 8 жніўня 1898, Засулле, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1939, (?) Мінск, Мінская вобласць, БССР, СССР) — беларускі і польскі дваранін-каталік, удзельнік Грамадзянскай вайны ў Расіі, інжынер-аграрый, апошні прыватны ўласнік маёнтка Засулле ў Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы.

Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак». Нарадзіўся 8 жніўня 1898 г. у фамільным маёнтку Засулле (Мінскі павет Мінскай губерні) у сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) і яго жонкі Гелены Свіды (?—1901).

Мінскія гімназісты: у верхнім радзе — Ежы Свіда (першы злева), Стэфан Урбанавіч Крупскі (другі злева), Конрад Урбанавіч Крупскі (трэці злева); у сярэднім радзе Стэфанія Яноўская (першая злева); у ніжнім радзе — Віктар Свянціцкі (першы злева), Януш Урбанавіч Крупскі (другі злева). Фота 1912 г.

Скончыў мінскую гімназію. Па адукацыі інжынер-аграрый. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну фамільны маёнтак Засулле ў Мінскім павеце Мінскай губерні. Паводле Міхала Паўлікоўскага, Януш Крупскі ў 1918 г. па ўласнай волі далучыўся да I Польскага корпусу Доўбар-Мусніцкага, каб ваяваць супраць бальшавікоў[1]. Трапіў у палон да бальшавікоў, дзе яго білі і здзекваліся, аднак у канечным выніку бальшавікі яго адпусцілі, бо палічылі Януша Крупскага за простага шарагоўца, які не па ўласнай волі ваяваў у «панскім войску»[2]. У абарванай сялянскай вопратцы і зарослы валоссем вярнуўся ў Мінск[3].

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) маёнтак Засулле апынуўся на польскім баку мяжы. Януш Крупскі стаў грамадзянінам Польшчы і кіраваў гаспадаркай у сваім маёнтку Засулле. Быў намеснікам члена ў Нагляднай Радзе Крэсавага саюзу землеўласнікаў і членам нясвіжска-сталбцоўскага аддзела Крэсавага саюзу землеўласнікаў[4].

Пасля заняцця савецкімі войскамі тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 г., маёнткі Засулле, Геленаў, Коласава і Алешкава ў сыноў Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) былі забраны і нацыяналізаваны савецкай уладай. Чэслаў Урбанавіч Крупскі (1889—1939/1940) і Януш Урбанавіч Крупскі (1898—1939) былі арыштаваны савецкай уладай, вязнены ў Стоўбцах і пераведзены ў Мінск, дзе, верагодна, і загінулі[5].

Жонкай Януша Крупскага была Гражына-Марыя Мечыславаўна-Аўгустаўна Шыстоўская (28.01.1901-1978), якая нарадзілася ў Віндаве (цяперашні Вентспілс) і была дачкой Мечыслава-Аўгуста Аркадзевіча Шыстоўскага (17.07.1852, маёнтак Міхалаў Мінскага павета-1915) і Уладзіславы Кнапскай (10.11.1869, Гродна—1949).

Дзеці:

  • Ірэна Янушаўна Крупская (1927—1998). Муж: Вымысло / Wymysło (?).
  • Андрэй Янушавіч Крупскі.

Зноскі

  • Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Pawlikowski, M.K. Wojna i sezon / M.K. Pawlikowski. — Paryż : Instytut Literacki, 1965.
  • Pawlikowski, M.K. Wojna i sezon : powieść / Michał K. Pawlikowski. — Warszawa : Pomost, 1989. — 306 s.