Перайсці да зместу

Урбан Баніфацевіч Крупскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Урбан Баніфацевіч Крупскі
герб «Корчак»
герб «Корчак»
Старшыня Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту
1909 — 1915
Папярэднік Севярын Каралевіч Грагаровіч
Пераемнік Эмануэль Людвікавіч Абрампальскі

Нараджэнне 15 ліпеня 1863(1863-07-15)
Смерць 30 мая 1915(1915-05-30) (51 год)
Месца пахавання
Бацька Баніфацый Урбанавіч Крупскі
Маці Стэфанія Свіда[d]
Жонка Гелена Свіда[d]
Дзеці Чэслаў Крупскі і Януш Крупскі
Веравызнанне каталік
Адукацыя

Урбан Баніфацевіч Крупскі (руск.: Урбан Бонифатьевич Крупский, польск.: Urban Krupski; 15 ліпеня 1863, Навасёлкі, Ігуменскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 30 мая 1915, Мінск, Мінская губерня, Расійская імперыя) — беларускі палітычны, культурны і гаспадарчы дзеяч Расійскай імперыі, дваранін-землеўласнік. Удзельнік беларускай народніцкай групы «Гоман» (1884), член (1899—1915) рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшыня (1909—1915) Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту, гласны (1912—1914) Мінскага павятовага земскага сходу, віцэ-старшыня мінскага аддзела Усерасійскага саюза вінакурнікаў, скарбнік і член рады Мінскага таварыства «Ognisko», член нагляднай рады Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску, член мінскага гімнастычнага таварыства «Sokół». Належаў да ліберальна-кансерватыўнай плыні руху «краёўцаў»[1]. Сузаснавальнік Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі (1912) і Мінскага гарадскога музея (1912) — асновы сучаснага Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі[2].

Паходжанне і бацькі

[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак». Нарадзіўся 15 ліпеня (новага стылю) 1863 г. у фамільным маёнтку Навасёлкі[3] (Ігуменскі павет Мінскай губерні) у сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Баніфацыя Урбанавіча Крупскага (1822—1903) і яго жонкі Стэфаніі Фларыянаўны Свіды (1841—1896) і пазней быў хрышчаны ў каталіцтва[4].

Маленства і юнацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Урбан Баніфацевіч Крупскі нарадзіўся ў час, калі яго бацька валодаў значнымі маёнткамі Навасёлкі і Мар’іна Горка ў Ігуменскім павеце і маёнткам Мяцявічы ў Слуцкім павеце Мінскай губерні, быў міравым пасрэднікам Ігуменскага павета і ўдзельнікам Студзеньскага паўстання (1863—1864)[5]. З пачаткам паўстання Баніфацый Крупскі заняў пасаду паўстанчага камісара Ігуменскага павета, пазней быў арыштаваны расійскімі ўладамі і з 2 мая 1863 г. знаходзіўся пад следствам у мінскай турме. Маці Стэфанія Крупская прынесла немаўля Урбана прама ў вязніцу ў Мінску, каб бацька-арыштант змог пабачыць свайго маленькага сына[6].

Баніфацый Крупскі быў прысуджаны расійскай уладай да пазбаўлення правоў дваранскага саслоўя, канфіскацыі маёнткаў Навасёлкі і Мар’іна Горка і высылкі на катаргу на 8 гадоў у Сібір[7]. За Баніфацыем Крупскім адправілася ў Сібір па сваёй волі яго жонка Стэфанія, пакінуўшы дома ў Мінскай губерні сваіх дваіх малых дзяцей (у тым ліку Урбана)[8]. У сібірскім Усолле ў сям’і Крупскіх нарадзіліся яшчэ дзве дачкі[9].

Над дзецьмі Крупскіх у Мінскай губерні апеку ўзяла сястра Баніфацыя — Леакадзія Урбанаўна Арачэўская, у якой у маёнтку Васільчыцы (Слуцкі павет) Урбан Крупскі правёў свае першыя 10 гадоў жыцця[10].

У жніўні 1874 г. Баніфацый Крупскі ад расійскай улады атрымаў дазвол вярнуцца дамоў: спачатку з жонкай Стэфаніяй паехаў у Варшаву, а пазней пераехаў у Мінскую губерню, у 1876—1880 гг. жыў у маёнтку Мяцявічы Слуцкага павета, які належаў яго сёстрам[11]. Бацькі добра пазналі свайго сына Урбана Крупскага толькі пасля вяртання з сібірскай катаргі і пераезду ў Мяцявічы (Слуцкі павет)[12]. Баніфацый Крупскі гаспадараваў у Мяцявічах і ў 1883 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[13].

Адукацыя і ўдзел у беларускай народніцкай групе «Гоман»

[правіць | правіць зыходнік]

Урбан Крупскі скончыў гімназію у Слуцку[14].

Часопіс «Гоман» (1884)

У 1878 годзе паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт[15], дзе ўключыўся ў беларускую студэнцкую народніцкую групу, якая спачатку называлася «Беларуская грамада» (1881), а пазней «Сацыяльна-рэвалюцыйная беларуская народная партыя» (1882), «Беларуская арганізацыя» (1883—1884) і «Гоман» (1884), якая выдавала часопіс «Гомон» (1884)[16]. Сходы народніцкай групы «Гоман» у Санкт-Пецярбургу адбываліся ў тым ліку на кватэры Урбана Крупскага і Марціна Стацкевіча[17]. У ліку іншых членаў групы Урбан Крупскі быў затрыманы, дапрошаны расійскімі ўладамі і трапіў пад следства[18] .

У 1886 годзе напісаў студэнцкую дысертацыю «Анатомія сцябла»[19]. Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт скончыў толькі ў 1887 г.[20]

Гаспадарчая, культурная і палітычная дзейнасць у Мінскай губерні

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вяртання дамоў з Санкт-Пецярбургу, у 1889 годзе ажаніўся з дваранкай Мінскай губерні Геленай Свідай[21], якая памерла ў 1901 г., але паспела нарадзіць Урбану чатырох сыноў — Чэслава (1889—1939/1940), Конрада, Януша (1898—1939) і Стэфана[22].

Урбан Баніфацевіч Крупскі. Фота каля 1900 г.

Пасля шлюбу Урбан Крупскі гаспадараваў у сваім маёнтку Засулле Мінскага павета (каля Стоўбцаў) і, як і бацька Баніфацый Крупскі, стаў у 1889 годзе членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[23], дзе пачалі згрупоўвацца мясцовыя ўплывовыя і заможныя ліберальна-кансерватыўныя маянткоўцы. З таго часу, Урбан Крупскі, пазбягаючы ідэй сацыяльнага радыкалізму, якія прапагандаваліся ў беларускіх народніцкіх студэнцкіх групах у Санкт-Пецярбургу (група «Гоман» (1884) і інш.), актыўна ўключыўся ў дзейнасць многіх афіліятыўных арганізацый Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[24]. Напрыклад, з 1889 г. Урбан Крупскі працаваў адным з дырэктараў Мінскага таварыства вінакурнікаў[25].

У Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі Урбан Крупскі сышоўся з яго кіраўніком — Эдвардам Вайніловічам (выпускніком слуцкай гімназіі) і іншымі аўтарытэтнымі дваранамі-землеўласнікамі як Мінскай губерні, так і суседніх[26]. У 1899 г. Урбан Крупскі быў выбраны ў члены Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і пастаянна перавыбіраўся на гэтую пасаду да самай сваёй смерці ў 1915 г.[27], дзе засядаў побач з такімі ўплывовымі асобамі як Эдвард Адамавіч Вайніловіч, граф Караль Эмерыкавіч Чапскі, князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі, граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі, Міхал Генрыкавіч Валовіч, Яўстах Янавіч Любанскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт[28].

10 снежня 1899 года ў Мінску на пасяджэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Урбан Крупскі быў выбраны ў члены распарадчага камітэта па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі у Мінску[29], якая адбылася ў 1901 г., што засведчыла аб хутка атрыманым аўтарытэце Урбана Крупскага сярод карэнных дваран-землеўласнікаў Мінскай губерні[30]. 4(16) чэрвеня 1900 г. Урбан Крупскі разам з Аляксандрам Янавічам Любанскім, Эмануэлем Людвікавічам Абрампальскім, Марыянам Геркуланавічам Хелхоўскім і Эдмундам Янавічам Барткевічам стаў членам рэвізійнай камісіі новастворанага Мінскага таварыства ўзамнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню)[31][32].

У 1902—1903 гадах выбраныя дэлегаты ад Мінскай губерні (сярод якіх былі члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, у тым ліку яго лідар Эдвард Вайніловіч) удзельнічалі ў працы Мінскага губернскага камітэта ўсерасійскай Асобнай нарады аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці, дзе разгорнута абяркоўвалі як гаспадарчае, так і палітычнае і культурнае становішча беларуска-літоўскіх губерняў у Расійскай імперыі і выпрацоўвалі свае прапановы для расійскага ўраду[33]. У мінскі павятовы камітэт (у складзе Мінскага губернскага камітэта Асобнай нарады аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці) былі выбраны такія члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі як браты граф Караль Эмерыкавіч Чапскі і граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі, князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі, Урбан Баніфацевіч Крупскі, Вільгельм Уладзіміравіч Ельскі, Міхал Ленскі, Рамуальд Геркуланавіч Хелхоўскі, Альгерд Юліянавіч Свіда, Францішак Пятровіч Лянтоўскі[34]. 20 ліпеня 1902 г. Урбан Крупскі на пасяджэнні мінскага павятовага камітэта зрабіў прапанову запрасіць сялян або ўпаўнаважаных ад сельскіх таварыстваў на пасяджэнні камітэта, бо большасць пытанняў праграмы Асобнай нарады датычацца сялянскіх гаспадарак[35]. На думку Крупскага, сяляне персанальна маглі лепей патлумачыць камітэту аб сваіх патрэбах. Крупскі таксама выказаўся, што селянін знаходзіцца адасобленым ад астатняга насельніцтва і з той прычыны пазбаўлены магчымасці ў пастаянных зносінах з больш адукаванымі і развітымі людзьмі атрымаць палепшанае выхаванне і пашырыць свой разумовы кругагляд, таму запрашэнне сялян да ўдзелу ў камітэце было б першым пачынаннем да ліквідацыі гэтай адасобленасці[36]. Такімі прапановамі Урбан Крупскі арыентаваў дваран-землеўласнікаў на кансалідацыю з простым беларускім сялянствам[37].

Урбан Крупскі далучыўся да палітычнага руху «краёўцаў»-кансерватараў і актыўна ўдзельнічаў з 1906 года ў выбарчым камітэце Мінскага павета да выбараў у Дзяржаўную Думу, Дзяржаўны Савет Расійскай Імперыі і мінскае земства, хоць католікам з 1907 г. заўсёды ставіліся вялікія перашкоды з боку расійскіх улад[38]. Менавіта Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі у пачатку ХХ ст. з’яўлялася галоўным цэнтрам распрацоўкі ліберальна-кансерватыўнага кірунку т.зв. «краёвай ідэі» («краёвай канцэпцыі», «краёвасці»), якая сумяшчала ў сваёй праграме аўтанамісцкія («краёвыя»), ліберальныя і інтэрнацыянальныя лозунгі (у тым ліку заяўленне пра беларусаў як пра асобны славянскі народ), а яе цэнтральнай ідэяй было ўвядзенне ў Расійскай Імперыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай аўтаноміі кіравання сваім беларуска-літоўскім «Краем» (з мясцовым парламентам у Вільні)[39].

У 1906 годзе быў кандыдатам (намеснікам) земскага гласнага ад Мінскага павета ў Мінскім губернскім камітэце па справах земскай гаспадаркі, а ў 1912—1914 гадах — гласным у мінскім павятовым земскім сходзе[40]. З 1908 г. быў членам, а ў 1913—1914 гг. ужо быў сярод старшынь Мінскага грамадскага сходу (разам з Ігнатам Віткевічам, скарбнікам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі; Эмануэлем Абрампальскім; Міхалам Валовічам і інш.)[41]. У 1908 г. па ініцыятыве слуцкага аддзела Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, дзе з 1905 г. віцэ-старшынёй быў брат Урбана Крупскага — Станіслаў Баніфацевіч Крупскі, у Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі была створана камісія (Урбан Крупскі, граф Уладзіслаў Стэфанавіч Замойскі (1873—1944), Францішак Лянтоўскі, Зыгмунт Станіслававіч Трускаляскі, К. Загорскі, Уладзіслаў Лопат, Канстанцін Міхалавіч Дземідэцкі-Дземідовіч) для заснавання ў Слуцкім павеце дапаможна-пазыковай касы для афіцыялістаў і сельскіх работнікаў[42]. У 1910 г. Урбан Баніфацевіч Крупскі і Міхал Уладзіміравіч Ястржэмбскі ўпаміналіся як віцэ-старшыні (пры старшыні Яўстаху Любанскім) мінскага аддзела Усерасійскага саюза вінакурнікаў[43]. У 1907 г. у Мінску было створана таварыства «Ognisko» (на чале з Яўстахам Любанскім), дзе скарбнікам стаў Урбан Крупскі, а ў 1909 г. апошні ўпамінаўся як член рады «Ognisko», у 1910 г. — як член нагляднай рады Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску, а ў 1912 г. як член гімнастычнага таварыства «Sokół»[44].

Даволі значная падзея адбылася з Урбанам Крупскім у 1907 г. З 1888 па 1907 г. віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі быў католік Эдвард Вайніловіч, аднак фактычна ён з’яўляўся кіраўніком Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў тыя часы, бо пасада старшыні была да 1907 г. па сутнасці ганаровай — яе займаў прадстаўнік з рускага, праслаўнага начальства губерні: губернскі прадвадзіцель дваранства ці губернатар. Пасля падпісання расійскім царом у 1905 г. указа аб верацярпімасці ў Расійскай губерні, на чарговых выбарах старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў 1907 г. віцэ-старшыня Эдвард Вайніловіч вырашыў абірацца на пасаду старшыні, што яму і ўдалося. У выніку вакантнай стала пасада віцэ-старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. У тыя часы Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі з’яўлялася самай уплывовай грамадскай арганізацыяй Мінскай губерні (і нават шырэй), якая аб’ядноўвала сярэднезаможных і заможных дваран-землеўласнікаў. У маі 1907 г. у Мінску адбыліся выбары віцэ-старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, каб быць намеснікам пры старшыні — Эдварду Вайніловічу. За кандыдатуру Урбана Крупскага аддалі свае галасы 33 чалавекі (з 70 галасуючых асоб), а за Рамана Скірмунта — 32[45]. Эдвард Вайніловіч прапанаваў Урбану Крупскаму прыступаць да абавязкаў віцэ-старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, аднак пазней усё ж палічылі, што выраз «простая большасць» у статуце Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі трэба разумець як «абсалютная большасць»[46]. Таму ў кастрычніку 1907 г. адбыліся паўторныя выбары, калі віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі стаў Раман Скірмунт. Адносіны паміж Урбанам Крупскім і Раманам Скірмунтам былі добрыя[47].

Урбан Крупскі ў 1905—1909 гг. займаў пасаду аднаго з дырэктараў праўлення Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту, дзе Крупскі выдатна сябе паказваў і за што шанаваўся членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Мінскае таварыства ўзаемнага крэдыту было афіліятыўнай арганізацыяй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. У 1909 г. Урбан Крупскі ўжо быў абраны на пасаду старшыні Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту, якую займаў да сваёй смерці ў 1915 г.[48] У тыя часы сябры характарызавалі Урбана Крупскага як сур’ёзнага, заўсёды спакойнага, жорсткага на першы погляд, маламоўнага, шчырага, спагадлівага, адважнага і справядлівага чалавека[49].

Урбан Баніфацевіч Крупскі (сядзіць паўбокам на пярэдняй лаўцы другі злева, з цыгарэтай) з сябрамі ў дзень палявання[50]. Фота каля 1910 г.

21 мая 1912 г. Урбан Крупскі стаў сузаснавальнікам Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі, якое ставіла за мэту вывучэнне прыроды, культуры і гісторыі Мінскай губерні і геаграфічна шырэй[51]. Таварыства заснавала ў 1912 г. Мінскі гарадскі музей, фонды якога пазней сталі асновай сучаснага Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі[52]. 20 кастрычніка 1912 г. Раман Аляксандравіч Скірмунт адзінагалосна быў выбраны пажыццёвым членам Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі[53].

Паміж іншага Урбан Крупскі любіў паляванне, таму ездзіў з вялікай кампаніяй пастраляць звяроў у прыватныя лясы сваіх сяброў — нясвіжскіх князёў Радзівілаў і графаў Чапскіх[54]. Як напісала ў сваіх мемуарах графіня Марыя Чапская, у маёнтак Прылукі да графа Ежы Эмерыкавіча Чапскага заязджалі такія блізкія сябры як маянткоўцы-суседзі Міхал Антонавіч Ленскі (з маёнтка Хатава), Ядвіга Любанская (з роду Кеневічаў) з маёнтка Лошыца, Пётр Зыгмунтавіч Ваньковіч з жонкай Габрыэлай (з роду Горватаў) з маёнтка Вялікая Сляпянка, Зянон Аляксандравіч Ленскі з жонкай Анетай; а ў маёнтак Станькава да графа Караля Эмерыкавіча Чапскага (бо было больш лясоў для палявання) з’язджаліся маянткоўцы Урбан Крупскі, Альгерд Юліянавіч Свіда, Зянон Аляксандравіч Ленскі, а з Варшавы — пан Пульяноўскі і пралат Зыгмунт Хелміцкі (заўзяты паляўнічы)[55].

Маёнткі і месцы жыхарства ў Мінску

[правіць | правіць зыходнік]
Дом Ленскага ў Мінску на завулку Захараўскім (дом № 8) — цяпер вуліца Карла Маркса, дом № 17. Фота 2012 г.

Станам на 1914 год Урбан Крупскі меў ва ўласнасці даволі значны маёнтак Засулле (Засулле, Геленаў, Коласава, Алешкава) у Мінскім павеце (3091 дзесяціна зямлі)[56] і маёнтак Суха-Міля[57] ў Пагосцкай воласці Слуцкага павета (903 дзесяціны)[58]. Пасля смерці Урбана Крупскага яго зямельныя валоданні былі падзелены паміж дзецьмі.

Пасля смерці жонкі, Урбан Крупскі з 1901 года звычайна жыў у Мінску, дзе ў 1910—1911 гг. жыхарстваваў у доме Ленскага (завулак Захараўскі, дом № 8 — цяпер вуліца Карла Маркса, дом № 17)[59], а ў 1913 г. у доме Поляка (на вуглу Петрапаўлаўскай і Захар’еўскай вуліц)[60].

Памёр ад працяглай хваробы 17(30) мая 1915 года ў Мінску[61]. 22 мая (4 чэрвеня) 1915 года быў пахаваны сваякамі ў маёнтку Засулле ў прысутнасці сяброў і калег, а галоўным прамоўцам над труной нябошчыка быў князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі[62].

Урбан Крупскі ад сваёй жонкі Гелены Свіды (?—1901) меў чатырох дзяцей[63]:

  1. Чэслаў Урбанавіч Крупскі (1889—1939/1940), атрымаў у спадчыну маёнтак Геленаў, паплечнік Эдварда Вайніловіча[64], рэдактар (1917—1918) газеты «Dziennik Miński», член (1917—1918) Польскай рады Мінскай зямлі, член (1918) Рады БНР, член Камітэта абароны Крэсаў (1918), выконваў абавязкі навагрудскага ваяводы (1921) Польшчы, «віленскі кансерватар», польскі соймавы пасол V кадэнцыі (1938—1939). Жонка: Аляксандра Браніславаўна-Юзафатаўна Шалевіч (1892—1978).
  2. Конрад Урбанавіч Крупскі (?-1901—1919-?), атрымаў у спадчыну маёнтак Коласава ў Мінскім павеце.
  3. Януш Урбанавіч Крупскі (1898—1939), атрымаў у спадчыну маёнтак Засулле ў Мінскім павеце. Жонка: Гражына-Марыя Мечыславаўна-Аўгустаўна Шыстоўская (28.01.1901—1978).
  4. Стэфан Урбанавіч Крупскі (?-1901—1939-?), атрымаў у спадчыну маёнтак Алешкава ў Мінскім павеце.

Пасля заняцця савецкімі войскамі тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 г., маёнткі ў сыноў Урбана Баніфацевіча Крупскага былі забраны і нацыяналізаваны савецкай уладай. Чэслаў Урбанавіч Крупскі (1889—1939/1940) і Януш Урбанавіч Крупскі (1898—1939) былі арыштаваны савецкай уладай, вязнены ў Стоўбцах і пераведзены ў Мінск, дзе, верагодна, і загінулі.

Паводле даследаванняў беларускага гісторыка Андрэя Раюка, «дзейнасць і сетка кантактаў Урбана Крупскага сведчаць не проста аб „эстафетнай“ пераемнасці, а непасрэдным уплыве многіх ідэй „гоманаўцаў“ (у першую чаргу, аб асобнасці і самабытнасці беларускага народа, палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расіі, абуджэнні беларускай самасвядомасці і прагрэсіўнага развіцця грамадства) на погляды ліберальна-кансерватыўнага каталіцкага маянтковага дваранства Беларусі (галоўным чынам, членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі), якія распрацавалі кансерватыўны варыянт „краёвай канцэпцыі“ ў пачатку ХХ ст. і не саромеліся адкрыта называць сябе беларусамі»[65]. Нашчадкі разгромленых паўстанцаў 1863—1864 гг., калі ішла гаворка пра поўную дзяржаўную незалежнасць беларуска-літоўскага «Края» ад Расійскай Імперыі, разумелі, што ў пачатку ХХ ст. аўтаномія свайго «Края» ў складзе Расійскай імперыі — гэта максімум, чаго можна патрабаваць ад расійскага імператара[66]. Прааналізаваўшы беларускія палітычныя рухі канца XIX — пачатку XX ст., Андрэй Раюк прыйшоў да высноў, што «ідэю палітычнай суб’ектнасці Беларусі і асобнасці беларускага этнасу выказвалі не толькі беларускія сацыялістычныя групы, але і, у першую чаргу, беларускія ліберал-кансерватары з ліку маянтковых дваран»[67].

Зноскі

  1. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  2. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  3. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  4. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  5. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  6. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  7. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  8. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  9. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  10. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  11. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  12. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  13. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  14. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  15. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  16. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  17. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  18. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  19. Урбан Крупский. Диссертация «Анатомия стебля»
  20. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  21. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  22. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  23. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  24. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  25. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  26. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  27. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  28. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  29. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  30. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  31. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  32. Раюк, А. Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С. 119.
  33. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  34. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342—343.
  35. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 343.
  36. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 343.
  37. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 343.
  38. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  39. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  40. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 343.
  41. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 343.
  42. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 343.
  43. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 343—344.
  44. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  45. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  46. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  47. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  48. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  49. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  50. Першы злева на фотаздымку — Браніслаў Гласка.
  51. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  52. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  53. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  54. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  55. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344.
  56. Nad Świsłoczą — kalendarz miński informacyjny na 1914 rok, стр.77.
  57. Былая вёска Сухая Міля ў Новацярушскаўскім раёне, Старобінскім раёне Беларусі.
  58. Nad Świsłoczą — kalendarz miński informacyjny na 1914 rok, стр.90.
  59. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  60. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  61. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  62. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  63. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  64. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  65. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  66. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344—345.
  67. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  • Раюк, А. Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
  • Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • «Nad Świsłoczą»: kalendarz miński informacyjny na rok 1914 / pod redakcją W. Dworzaczka. — Wilno : Znicz, 1914. — 130 s.