Мяцеж Доўбар-Мусніцкага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Мяце́ж До́ўбар-Мусні́цкага — антысавецкае ўзброенае выступленне 1-га польскага корпуса на чале з Ю. Р. Доўбар-Мусніцкім у 1918 годзе. Суправаджаўся прыгнётам беларускага насельніцтва на захопленай тэрыторыі і меў мэтай уключэнне беларускіх зямель у склад міжваеннай Польскай рэспублікі.

Мяцеж корпуса Доўбар-Мусніцкага нельга лічыць у поўным сэнсе грамадзянскай вайной. 3 аднаго боку, гэта было ўзброенае выступленне супраць савецкай улады, а з другога — гэта акцыя прадугледжвала далучэнне Беларусі да Польшчы.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Корпус польскіх легіянераў быў сфарміраваны яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Улічваючы класавы склад польскай дывізіі, асабісты настрой камандавання, моцную дысцыпліну, Часовы ўрад вырашыў выкарыстаць яго для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых. Польскія часці былі размешчаны ў раёне ВіцебскаМінскаЖлобіна і разгорнуты ў корпус. Вярхоўны галоўнакамандуючы Л.Карнілаў назначыў генерал-лейтэнанта Ю.Доўбар-Мусніцкага камандуючым польскім корпусам.

У дні Кастрычніцкага паўстання А.Керанскі спрабаваў выкарыстаць польскія часці для барацьбы з рэвалюцыйным Петраградам. Але салдаты Заходняга фронту перагарадзілі шлях Ю.Доўбар-Мусніцкаму. Пасля гэтага Доўбар-Мусніцкі заявіў аб сваім нейтралітэце ў адносінах да савецкай улады.

Ход мяцяжу[правіць | правіць зыходнік]

14 снежня 1917 г. А.Мяснікоў выдаў загад, у якім зноў гаварылася пра падпарадкаванне Ю.Доўбар-Мусніцкага камандаванню Заходнім фронтам і неабходнасць правесці дэмакратызацыю польскага корпуса. Але і гэты загад не быў выкананы.

Разгон ўладамі Мінска Усебеларускага з'езду не вызваў узброенага проціборства. «Ні ў Беларускай Рады, ні ў эсэраў не было ўзброеных сіл. Спроба ўтварыць беларускі полк на Заходнім фронце закончылася няўдачай».

У гэтых абставінах толькі Доўбар-Мусніцкі здолеў выступіць супраць Савецкай улады і 12 студзеня 1918 года афіцыйна аб'явіў вайну Савецкай Расіі.

12 студзеня 1918 г. польскія легіянеры пачалі ваенныя дзеянні супраць савецкай улады. Былі захоплены Рагачоў, Бабруйск і шэраг іншых населеных пунктаў. Часці Ю.Доўбар-Мусніцкага вялі наступленне ў двух напрамках: на Мінск і Магілёў. Перад польскай дывізіяй была пастаўлена задача захапіць Магілёў і ліквідаваць рэвалюцыйную Стаўку, 2-я кавалерыйская дывізія павінна была захапіць Мінск, а 3-я — Жлобін. Тым самым контррэвалюцыя разлічвала нанесці ўдар па стратэгічных цэнтрах на Беларусі. 3 моманту аб'яўлення вайны ўся тэрыторыя, на якой знаходзіліся часці корпуса, фактычна аказалася імі акупаванай. Захоп чыгуначных вузлоў даў магчымасць Доўбар-Мусніцкаму адрэзаць цэнтральныя губерні Савецкай Расіі ад Беларусі і Украіны.

На часова захопленай тэрыторыі Беларусі быў усталяваны жорсткі, па сутнасці акупацыйны рэжым, скіраваны не толькі супраць савецкай улады, але і супраць мясцовага насельніцтва. Усё каштоўнае, галоўным чынам харчаванне і фураж, было вывезена польскімі легіянерамі. Органы савецкай улады былі разагнаны, партыйныя і савецкія работнікі арыштаваны і пакараны смерцю або прыгавораны да доўгатэрміновай катаргі і турмы. Працоўнае насельніцтва жорстка тэрарызавалася, расстрэльваліся жыхары цэлых сёл. Пад страхам біцця, падвойнага аблажэння і вялікага штрафу жыхары кожнай воласці былі абавязаны ўнесці польскім уладам жыта 3000, аўса — 3000, ячменю — 1000, грэчкі — 4000, бульбы — 5000, сена — 1000 пудоў, яек — 4000 штук, а таксама 7 коней, 40 кароў і г. д. Насельніцтва было абкладзена падаткам на вокны, дзверы, курэй, сабак, кошак і іншых хатніх жывёлін. Была ўведзена баршчына: у адноўленых памешчыцкіх маёнтках сяляне абавязваліся два дні ў тыдзень бясплатна працаваць на памешчыка.

Савецкая ўлада, для якой корпус нёс смяротную пагрозу, прыняла меры па арганізацыі супраціўлення. Выканкам Магілёўскага губернскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў выдаў дэкрэт аб арышце прадстаўнікоў польскай буржуазіі, памешчыкаў і тых лідэраў кадэтаў і Саюза зямельных уладальнікаў, якія дапамагалі корпусу Доўбар-Мусніцкага весці вайну супраць савецкай улады. За прамую сувязь са штабам польскага корпуса Саюз зямельных уладальнікаў быў аб'яўлены па-за законам.

На падставе гэтага дэкрэта былі арыштаваны буйныя магнаты, а самі арганізацыі распушчаны. Дэкрэтам СНК Заходняй вобласці і фронту ад 30 студзеня 1918 г. была распушчана Беларуская вайсковая рада, якая адкрыта падтрымала выступленне корпуса, разлічваючы на яго як узброеную сілу ў справе стварэння беларускай незалежнай дзяржавы. Разлік не быў апраўданы, і сам генерал-лейтэнант рускай арміі (пазней генерал броні польскай арміі) Доўбар-Мусніцкі, і большасць з яго акружэння арыентаваліся на тыя палітычныя колы, якія імкнуліся адрадзіць польскую дзяржаву і ўключыць у яе склад Беларусь.

Поруч з карнымі мерамі савецкія органы ўлады разгарнулі прапаганду, скіраваную на салдат корпуса. Магілёўскі губернскі Савет 19 студзеня 1918 г. заклікаў польскіх салдат арыштоўваць генералаў і афіцэраў і пераходзіць на бок рэвалюцыі.

Галоўнакамандуючы Заходнім фронтам А. Ф. Мяснікоў 21 студзеня 1918 г. аддаў загад расфарміраваць 1-ы польскі корпус. Генерал Доўбар-Мусніцкі быў аб'яўлены ворагам рэвалюцыі і па-за законам.

На тэрыторыі, занятай корпусам, разгортваўся партызанскі рух. У Быхаўскім, Рагачоўскім і іншых паветах ён набыў масавы характар. Партызанскія атрады былі сфарміраваны ў Чачэрску, Раўкавічах і Рагіне Буда-Кашалёўскай воласці.

Рашаючы ўдар па часцях польскага корпуса савецкія войскі і партызаны нанеслі пад Рагачовам і Жлобінам. Каля станцыі Жлобін упарты бой, аж да рукапашных стычак, працягваўся 6, а гарматны агонь — 30 гадзін. Атрымаўшы перамогу ў гэтым баі, чырвонаармейскія атрады ўвайшлі ў Жлобін, а ў ноч на 31 студзеня 1918 г. — у Рагачоў. У гэтых баях была поўнасцю разгромлена 1-ая польская дывізія. Польскія салдаты кідалі зброю, здаваліся ў палон.

Пачаліся павальныя ўцёкі легіянераў з часцей польскага корпуса. Многія яго салдаты ўступалі ў рады рэвалюцыйных войск.

Распад войск Доўбар-Мусніцкага стаў неабарачальным. Чырвонагвардзейскія атрады і партызаны паўсюдна раззбройвалі легіянераў. Некалькі эскадронаў кавалерыі і пяхотных часцей былі акружаны і здаліся ў палон пад Бабруйскам. Такім чынам, першы пасля кастрычніка 1917 г. пажар вайны ў Беларусі быў патушаны. На ўсёй тэрыторыі, часова акупаванай корпусам, была адноўлена савецкая ўлада.

Контррэвалюцыйнае выступленне польскага корпуса стварыла сур'ёзную небяспеку для савецкай улады. Мяцеж пачаўся ў той момант, калі асноўныя сілы Савецкай дзяржавы вялі баі на Доне з войскамі А.Каледзіна і Цэнтральнай радай на Украіне. СНК РСФСР даў указанне камандаванню Заходнім фронтам падавіць мяцеж. Генерал Ю.Доўбар-Мусніцкі быў аб'яўлены ворагам рэвалюцыі. У ноч на 31 студзеня 1918 г. была разбіта 1-я польская дывізія і вызвалены Рагачоў. У пачатку лютага савецкія войскі перайшлі ў настушіенне ў раёне Жлобіна. Не вытрымаўшы націску, польская дывізія пачала адступаць на Бабруйск да цэнтра контррэвалюцыйнага мяцяжу, дзе была акружана і разбіта.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2 / М.П. Касцюк, І.М. Ігнаценка, У.І. Вышынскі і інш.. — Мн.: Беларусь, 1995. — С. 34—38. — 560 с.
  • Доўбар-Мусніцкага мяцеж // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 269—271.