Ян Канты Любанскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Канты Любанскі
Гжымала[d]
Гжымала[d]
маршалак шляхты Ашмянскага павета
1852 — 1859

Нараджэнне 1820
Смерць 15 жніўня 1884(1884-08-15)
Месца пахавання
Род Любанскія[d]
Бацька Ян Любанскі
Маці Станіслава Тэкля з Прушынскіх[d]
Жонка Аляксандра з Сулістроўскіх[d]
Дзеці Яўстах Любанскі і Аляксандр Янавіч Любанскі
Дзейнасць банкір

Ян Канты Любанскі, Ян Янавіч Любанскі (польск.: Jan Kanty Lubański; 1820, маёнтак Любань, цяпер Вілейскі раён — 15 жніўня 1884, Любань) — буйны землеўласнік у Расійскай імперыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ашмянскі павятовы маршалак (1852—1859), банкір і філантроп.

Паходжанне і сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Любанскіх герба «Грымала». Нарадзіўся ў сям’і Яна Віктаравіча Любанскага і Тэклі Прушынскай. Быў хрышчаны ў каталіцтва пад імем «Ян-Канты».

Ажаніўся з Аляксандрай Юзафаўнай Сулістроўскай, ад якой меў трох сыноў і дзве дачкі[1]:

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў гімназіі ў Мітаве, потым ва ўніверсітэце ў Берліне.

Гаспадарчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Калі яму не споўнілася яшчэ 20 гадоў, памёрлі яго бацькі і ён вымушаны быў вярнуцца ў родны маёнтак Любань. З 1852 па 1859 год паводле выбару дваран павета быў ашмянскім павятовым маршалкам, у 1872 годзе абраны дырэктарам Віленскага зямельнага банка ў Вільні, таксама выконваў функцыі дырэктара Віленскага гандлёвага банка. Быў паважаны за актыўную грамадскую дзейнасць і філантропію, а таксама — як абаронца зямельнай дваранскай уласнасці. Быў членам Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі ў сваіх мемуарах адзначае, што Ян Любанскі быў з дзіцячых гадоў блізкім прыяцелем яго бацькі — Оскара Іпалітавіча Корвін-Мілеўскага, вядомага і ўплывовага ў Віленскай губерні двараніна, маянткоўца і эканамічнага публіцыста[3]. Калі сям’я Любанскіх жыла ў Вільні, то трымала свой дом адкрытым для мясцовага ўплывовага дваранства[3].

Паводле мемуараў графа Іпаліта Корвін-Мілеўскага, у 1861 г. у Вільні ў патрыятычных маніфестацыях мясцовага насельніцтва, якія адбываліся напярэдадні Студеньскага паўстання (1863—1864), прымалі чынны ўдзел і прадстаўніцы мясцовага заможнага каталіцкага дваранства: жонка Яна — Аляксандра Юзафаўна Любанская; графіня Ізабэла Вінцэнтаўна Тышкевіч (1836—1907); пані Валіцкая[4].

Быў блізкім сябрам і супрацоўнікам у гаспадарчых пачынаннях з многімі ўплывовымі асобамі Вільні і Віленскай губерні — Юзафам Монвілам (1850—1911), графам Адама Плятэрам (1836—1909) і інш.[5]

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Ян Канты Любанскі. Малюнак з часопіса «Tygodnik Ilustrowany» паводле фатаграфіі Аляксандра Страуса, 1884 г.

Атрымаў па спадчыне ад свайго бацькі маёнтак Любань у Вілейскім павеце Віленскай губерні.

У 1877 г. пасля смерці свайго бяздзетнага дзядзькі — Яўстаха Станіслававіча Прушынскага (каля 1798—1877) — дарогай спадчыны ад маці Станіславы (з роду Прушынскіх) атрымаў ва ўладанне дзядзькавыя маёнткі Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце і маёнтак Лошыца (пад Мінскам) у Мінскім павеце[2].

Паводле свайго тастаменту сваёй жонцы Аляксандры даваў пажыццёвыя правы на ўсе маёнткі, таму пасля яго смерці дзеці спачатку супольна валодалі значнымі зямельнымі ўгоддзямі — маёнткі Любань і Тураўшчына ў Вілейскім павеце — 12 744 дзесяціны зямлі, маёнткі Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні — 3 893 дзесяціны, маёнтак Дубровы (з Лошыцай) у Мінскім павеце — 1 715 дзесяцін[6]. Паводле афіцыйных губернскіх даведнікаў, галоўным месцам жыхарства Яўстаха ў 1890-я гады была сядзіба ў Любані, а Аляксандра — маёнтак Яхімоўшчына [6].

У 1901 г. браты падзялілі спадчынную зямельную ўласнасць: Яўстах Янавіч Любанскі стаў валодаць Лошыцай (з Дубровамі) у Мінскай губерні, Аляксандр Янавіч Любанскі — Яхімоўшчынай і Любанню ў Віленскай, а Ян Янавіч Любанскі заўчасна памёр[6].

Смерць і пахаванне[правіць | правіць зыходнік]

Памёр 15 жніўня 1884 года ў сваім маёнтку Любань. Пахаваны ў сямейным склепе на старых каталіцкіх могілках (Гарадзішча), каля Вілейкі.

Зноскі

  1. Tygodnik Ilustrowany 1884, S. 290.
  2. а б Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.115.
  3. а б Korwin-Milewski 1930, S. 59.
  4. Korwin-Milewski 1930, S. 40.
  5. Korwin-Milewski 1930, S. 143.
  6. а б в Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.116.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Комзолова, А. А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ / А. А. Комзолова. — Москва : Наука, 2005. — 383 с.
  • Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917: биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. — Минск : Беларусь, 2016. — 396 с.
  • Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко ; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław—Warszawa—Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. — T. 1. — 352 s.
  • Jan Kanty Lubański (Wspomnienie pośmiertne), «Tygodnik Ilustrowany» 1884, nr 97, s. 289—290.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]