Яўстах Любанскі
Яўстах Любанскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
польск.: Eustacjusz Lubański | |||||||
![]() | |||||||
![]() Гжымала[d] | |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 19 чэрвеня 1859 | ||||||
Смерць | 1917 | ||||||
Бацька | Ян Канты Любанскі | ||||||
Маці | Аляксандра з Сулістроўскіх[d] | ||||||
Жонка | Ядвіга з Кеневічаў[d] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | палітык | ||||||
![]() |
Яўстах Янавіч Любанскі (руск.: Евстафий Иванович Любанский, польск.: Eustachy Lubański; 19 чэрвеня 1859, маёнтак Любань, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — пасля 1912, Каўказ, Расійская імперыя) — буйны землеўласнік, прадпрымальнік, палітычны дзеяч Расійскай імперыі, дэпутат I Дзяржаўнай думы (1906) Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, член палітычнага руху краёўцаў-кансерватараў, член камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску. Мецэнат, філантроп.
Паходжанне і сям’я[правіць | правіць зыходнік]
Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Любанскіх герба «Гжымала». Нарадзіўся 19 чэрвеня 1859 года ў родавым маёнтку Любань (Вілейскі павет, Віленская губерня) у сям’і заможнага, буйнога землеўласніка і банкіра Яна Канты Любанскага і яго жонкі Аляксандры Юзафаўны Сулістроўскай. Быў хрышчаны ў каталіцтва. Хросным бацькам быў Яўстах Прушынскі (1798—1877)[1], які пазней стаў мінскім губернскім маршалкам (1863—1877).

У 1890 годзе ажаніўся з дваранкай-каталічкай з Мазырскага павета Ядвігай Геранімаўнай Кеневіч (каля 1870—1905)[2][3], дачкой заможнага землеўласніка Гераніма Кеневіча (1830—1911), мазырскага павятовага маршалка, і яго жонкі Ядвігі Аляксандраўны Горват.
Яго жонка Ядвіга Геранімаўна Любанская (Кеневіч) скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў Лошыцы ў рацэ Свіслач[4]. Паводле чутак, прычынай самагубства быў адзюльтэр Ядвігі Любанскай з мінскім губернатарам (1902—1905) графам Аляксандрам Аляксандравічам Мусіным-Пушкіным (1856—1907), пра што стала вядома ў мінскім грамадстве.
У шлюбе Любанскія дзяцей не мелі.
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, затым Сельскагаспадарчую акадэмію ў Прушкове ў Сілезіі (Германская імперыя).
Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці ў 1884 г. свайго бацькі Яна Канты Любанскага спачатку валодаў супольна з братам Аляксандрам Любанскім значнымі зямельнымі валоданнямі — маёнткі Любань, Тураўшчына ў Вілейскім павеце, Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні, маёнтак Лошыца ў Мінскім павеце. З 1891 г. звычайна пражываў стала ў Любані, а з 1897 г. у Мінску і Лошыцы. Пры падзеле бацькавай спадчыны атрымаў маёнтак Лошыца (пад Мінскам), дзе арганізаваў узорную гаспадарку.
Гаспадарчая, культурная і палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]
Стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), старшынёй аддзяла па вінакурэнні МТСГ. У 1890—1915 гг. быў членам Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ).
Старшыня біржавога камітэта лясной біржы. Цікавіўся лесаводствам, выпісваў і высаджваў саджанцы рэдкіх відаў дрэў са шматлікіх краін, праводзіў эксперыменты па скрыжоўванні раслін[5].
У 1890—1891 гг. быў членам (ад памешчыкаў) у вілейскай павятовай прыёмачнай камісіі па ваенна-конскай павіннасці[6].
У 1891 г. стаў членам праўлення Віленскага прыватнага камерцыйнага банка (Вільня, дом Вагнера)[7]. У 1895 г. быў кандыдатам у члены праўлення Віленскага зямельнага банка[8]. 10 снежня 1899 г. у Мінску на пасяджэнні МТСГ быў выбраны членам у распарадчы камітэт па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі МТСГ у Мінску ў 1901 годзе.
Быў папулярызатарам веласіпеднага спорту. Узначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў[2], быў старшынёй Мінскага таварыства аматараў спорту. Быў ганаровым членам Віленскага губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1905 г. стаў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску.
У 1902—1915 гг. быў галосным Мінскай гарадской думы. Удзельнічаў у земскіх з’ездах Расійскай імперыі ў 1904—1905 гг. Прыхільнік раўнапраўя ўсіх нацыянальнасцей, паляпшэння сістэмы народнай адукацыі, ліберал-кансерватар. Падзяляючы праграму кадэтаў па аграрным пытанні, не згаджаўся з некаторымі прадстаўнікамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што дадзенае пытанне можа быць вырашана без парушэння прыватнай уласнасці[9]. Паводле чутак, спансіраваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова[2].
14 красавіка 1906 г. быў выбраны ў I Дзяржаўную думу Расійскай імперыі ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Увайшоў у думскую дэпутацкую групу Краёвае кола Літвы і Русі, быў краёўцам-кансерватарам. Уваходзіў у склад бюджэтнай камісіі I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі.
Знікненне без следу[правіць | правіць зыходнік]
У 1912 г. перадаў справы па кіраванні маёмасцю, пакінуў свой маёнтак Лошыца, паехаў на Каўказ (Расійская імперыя), дзе знік бясследна, таму ўся яго рухомая і нерухомая маёмасць (маёнтак Лошыца) дзесьці ў 1915 г. перайшла па спадчыне да брата — Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932).
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Раюк, А. Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі… С. 82.
- ↑ а б в Легенды Лошицкого парка. . Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2015.
- ↑ Alena Bass. Усадьба тайн и вдохновенья.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2004. Праверана 17 мая 2015.
- ↑ Корнилович Э. I. Перводумцы Минщины.(недаступная спасылка)
- ↑ Картофель называли «лошицким» Архівавана 13 мая 2012. // Панкратьева Юлия. Газета «Минский курьер» № 203 (2042), 4 августа 2010
- ↑ Памятная книжка Виленской губернии на 1890, 1891 гг.
- ↑ Памятная книжка Виленской губернии на 1891 г.
- ↑ Памятная книжка Виленской губернии на 1895 г.
- ↑ Первая Государственная Дума. Алфавитный список и подробные биографии и характеристики членов Государственной Думы. Архівавана 20 снежня 2012. — М.: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1906. С. 108.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Боиович М. М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Первый созыв. М, 1906 С. 173.
- Первая Государственная Дума. Алфавитный список и подробные биографии и характеристики членов Государственной Думы. — М.: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1906. — 175 с.
- Государственная Дума первого призыва. Портреты, краткие биографии и характеристики депутатов. — Москва: «Возрождение», 1906. C. 40.
- Государственная дума Российской империи: 1906—1917. Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. Москва. РОССПЭН. 2008. C. 340. Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Отчет Юбилейной сельскохозяйственной и кустарно-промышленной выставки, устроенной в 1901 году Минским Обществом Сельского Хозяйства. — Минск, 1902. — 179 с.
- Памятная книжка Виленской губернии (на 1891—1913 гг.)
- Памятная книжка Минской губернии (на 1893—1913 гг.)
- Раюк, А. Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А. Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
- Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму / З. В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.
- Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
- Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
- Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
- Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі
- Нарадзіліся 19 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1859 годзе
- Памерлі ў 1917 годзе
- Выпускнікі Віленскага рэальнага вучылішча
- Асобы
- Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
- Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі I склікання
- Краёўцы
- Члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі
- Любанскія
- Постаці Вілейкі
- Любань (Вілейскі раён)
- Прадпрымальнікі Беларусі
- Прадпрымальнікі Расійскай імперыі