Іпаліт Корвін-Мілеўскі
Іпаліт Корвін-Мілеўскі | |
---|---|
| |
Нараджэнне |
26 ліпеня (7 жніўня) 1848[1] |
Смерць |
11 лютага 1932[1] (83 гады) |
Род | Корвін-Мілеўскія[d] |
Бацька | Оскар Іпалітавіч Корвін-Мілеўскі[d] |
Маці | Вераніка Воўк-Ланеўская[d] |
Жонка | Казіміра з Галынскіх[d] |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Партыя | |
Адукацыя | |
Дзейнасць | палітыка[2], civic engagement[d][2] і land ownership[d][3] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іпаліт (Гіпаліт) Оскаравіч Корвін-Мілеўскі (26 ліпеня (6 жніўня) 1848, вёска Друскенікі Гродзенскага павета, Гродзенская губерня, Расійская імперыя — 11 лютага 1932, Познань, Польшча) — польска-беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, доктар права. «Краёвец».
Паходжанне і сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 26 ліпеня (6 жніўня) 1848 г. у каталіцкай дваранскай сям’і графа Оскара Іпалітавіча Корвін-Мілеўскага (1818—1906)[4] герба «Слепаўрон» і яго жонкі Веранікі Ігнатаўны Ланеўскай-Воўк герба «Дзве трубы» (з Бабруйскага павета). Поўнае імя, дадзенае пры хросце ў каталіцтва было «Іпаліт-Ян». Бацька Іпаліта атрымаў тытул графа («граф на Мураваных Геранёнах») ад папы рымскага ў 1876 г.
Іпаліт меў яшчэ сястру Марыю (Марыю-Алівію) Оскараўну Корвін-Мілеўскую (1847—1934), якая выйшла замуж за Шымана Мяйштовіча, і брата графа Ігната Оскаравіча Корвін-Мілеўскага (1846—1926), уласніка (па спадчыне) значнага маёнтка Геранёны (Віленская губерня), калекцыянера мастацтва і вядомага мецэната. Меў таксама малодшага брата Оскара Оскаравіча Корвін-Мілеўскага, які памёр у дзяцінстве[5].
Сам граф Іпаліт Оскаравіч Корвін-Мілеўскі па маёмасным разліку (што, як сам адзначае ў мемуарах, было традыцыйным у тыя часы) ажаніўся ў 1888 г. з Казімірай Аляксандраўнай Галынскай, дваранкай-каталічкай і дачкой Аляксандра Станіслававіча Галынскага, былога клімавіцкага павятовага маршалка і заможнага землеўласніка Магілёўскай губерні, ад яго жонкі графіні Кунегунды Плятэр[6]. Сям’я дзяцей не мела, бо Казіміра Галынская фізіялагічна не магла мець дзяцей. Сваю жонку Іпаліт называў «карэннай беларускай» (тапанімічна), бо яе род быў з ліку карэнных у Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ і Магілёўскай губерні Расійскай імперыі[6].
Аб сваёй уласнай генеалогіі Іпаліт казаў, што дакладна ведаў сваё паходжанне толькі ад Дамініка Корвін-Мілеўскага, шляхціца сярэдзіны XVIII ст. са Случчыны (Наваградскае ваяводства), чые продкі, верагодна, прыехалі на службу да князёў Радзівілаў з Польскага Каралеўства[7]. А пра паходжанне сваёй маці пісаў, што вядзецца яе род ад Самуэля Ланеўскага-Ваўка, шляхціца-кальвініста XVIII ст. з Віцебскага ваяводства[7].
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У дзяцінстве з 1856 г. быў у Парыжы і за бацькоўскія грошы з 1857 г. выхоўваўся ў Парыжы ў прыватным пансіёне, таму цудоўна ведаў французскую мову[8]. Бацькі адправілі яго ў Парыж, каб паправіць здароўе і схаваць ад расійскіх улад, бо на радзіме разгортваўся пераслед многіх нелаяльных каталіцкіх дваран. Пазней у мемуарах адзначыў, што намер бацькоў адправіць яго выхоўвацца ў французскім пасіёне быў шкодным, бо не дазволіў Іпаліту з дзяцінства завоіць мясцовыя звычкі і ўяўленні, а навязаў французскія. Прызнаваў, што французскае выхаванне часта не дазваляла атрымаць паразуменне з мясцовымі каталіцкімі дваранамі Літвы і Беларусі і прыводзіла да краху многіх яго палітычных намераў. Лічыў, што адпраўляць дзяцей вучыцца за мяжу трэба толькі ў студэнцкую пару (у 18-20 гадоў), а першае выхаванне і адукацыю дзеці павінны атрымліваць у сваёй краіне, каб сфармаваць псіхіку асобы дома[9].
Скончыў Дэрпцкі універсітэт (1868) і меў французскую ступень доктара права. Зрабіў падарожжа ў Афрыку (Туніс, Алжыр, Егіпет і інш.), што было модным сярод дваран у тыя часы ў мэтах адукацыі і пашырэння кругагляду[10]. Добра валодаў (акрамя роднай польскай мовы) таксама рускай, беларускай і літоўскай мовамі.
Дзяржаўная і гаспадарчая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Служыў у Касацыйнай палаце Сената Расійскай імерыі.
З 1877 г. жыў у родавым маёнтку Лаздуны (вёскі Лаздуны і Лугомічы) у Ашмянскім павеце (Віленская губерня), які атрымаў ад бацькі і за кароткі час ператварыў ва ўзорную гаспадарку. У маёнтку Лаздуны меўся прыкметны сядзібна-паркавы ансамбль. Быў здольным аграномам і членам Рады Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі. Як прадстаўнік кансерватыўна настроеных каталіцкіх землеўладальнікаў Беларусі і Літвы, падтрымліваў т.зв. лаялісцкі, «згодніцкі» («ugodowy») кірунак у мясцовым грамадскім руху літоўска-беларускіх губерняў.
Заснаваў у Вільні газету «Kurier Litewski» («Літоўскі кур’ер») і быў яе ўласнікам з 1.9.1905 да 1.12.1905 г. Належаў да ліберальна-кансерватыўнага кірунка «краёўцаў». Падтрымліваў ідэю канстытуцыйнага абмежавання расійскага самаўладдзя, выступаў за пашырэнне правоў прадстаўнічых органаў улады, за ўвядзенне земстваў на Беларусі і Літве. Падкрэсліваў адметнасць інтарэсаў мясцовых, «краёвых палякаў», быў адным з кіраўнікоў краёўцаў ліберальна-кансерватыўнага кірунку.
У 1906 г. абраны дэпутатам (1906—1909) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і ў т.зв. «цэнтр», аднак па пытаннях адносін да рэвалюцыйнага руху, радыкальнай аграрнай рэформы, усеагульнага выбарчага права і інш. салідарызаваўся з «правымі».
Удзельнічаў 17-18 чэрвеня (1-2 ліпеня) 1907 у Вільні на з’ездзе землеўладальнікаў шасці «паўночна-заходніх» (беларуска-літоўскіх) губерняў, які прыняў рашэнне пра стварэнне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі» і зацвердзіў праграму новай партыі. Як член гэтай партыі быў адным з трох прадстаўнікоў фракцыі гэтай партыі ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі.
У 1909 г. паўторна абраны дэпутатам (1909—1910) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі на новы тэрмін, уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і ў т.зв. групу «цэнтру». У 1910 г. у знак пратэсту супраць палітычнага курсу Пятра Сталыпіна пакінуў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі.
Разам з братам аказваў фінансавую падтрымку аднаўленню Польскага тэатра ў Вільні (на Пагулянцы). З 1911 г. замест ідэй «краёвасці» пачаў падтрымліваць ідэі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі») і лічыў неабходным пашырэнне польскай мовы і культуры сярод беларусаў для прылучэння да каштоўнасцей «заходняй цывілізацыі». Выказваўся ў прэсе ў 1913 г., што беларускамоўная газета «Наша Ніва» фінансуецца расійскім урадам і таму яе дзейнасць мае на мэце русіфікацыю літоўска-беларускіх губерняў, за што быў крытыкаваны Янкам Купалам[11].
У 1915 г. выехаў у Парыж. На старонках французскага друку выступаў з ідэяй федэрацыі Польшчы і літоўска-беларускага края. У 1918 г. адмовіўся ад ідэй Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі») і стаў прыхільнікам ідэй групоўкі т.зв. «віленскіх кансерватараў», а ў 1919 г. стаў аўтарам афіцыйнага мемарыялу «віленскіх кансерватараў» аб дзяржаўнай уніі (федэрацыі) Польшчы і літоўска-беларускага края. Аб сваім мемарыяле, паданым Юзафу Пілсудскаму, пазней напісаў у мемуарах: «Як аказалася з тэксту Рыжскага дагавора, ніводнага ўплыву на лёсы справы не аказаў»[12].
З 1919 г. знаходзіўся ў родавым маёнтку Лаздуны, які як і тэрыторыя Заходняй Беларусі, паводле рашэння Рыжскага мірнага дагавора (1921) быў у складзе міжваеннай Польшчы. Рэзка крытыкаваў вынікі Рыжскага мірнага дагавора, хоць за Мілеўскім захаваліся ўсе яго маёнткі. Адышоў ад палітыкі ў 1919 г. і ў дзейнасці «віленскіх кансерватараў» ужо не ўдзельнічаў.
Зноскі
- ↑ а б Hipolit Korwin-Milewski // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 20 кастрычніка 2024.
- ↑ PSB. — T. 21. — S. 206.
- ↑ Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 21.
- ↑ а б Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 135.
- ↑ а б Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 8.
- ↑ Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 22, 25.
- ↑ Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 354—355.
- ↑ Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 350.
- ↑ Гл. артыкул Янкі Купалы «Як яны ваююць»
- ↑ Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 372; Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 221.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
- Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
- Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
- Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
- Корвін-Мілеўскі Гіпаліт. Уваскрэсенне "Кур’ера Літоўскага" // НАША СЛОВА № 7 (1522), 17 лютага 2021. // на pawet.net
- Корвін-Мілеўскі Гіпаліт. Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925). Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад Леаніда Лаўрэша)
- Нарадзіліся 7 жніўня
- Нарадзіліся ў 1848 годзе
- Нарадзіліся ў Друскеніках
- Памерлі 11 лютага
- Памерлі ў 1932 годзе
- Памерлі ў Познані
- Корвін-Мілеўскія
- Выпускнікі Імператарскага Дэрпцкага ўніверсітэта
- Асобы
- Нарадзіліся 6 жніўня
- Нарадзіліся ў Гродзенскім павеце (Расійская імперыя)
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Грамадскія дзеячы Польшчы
- Выпускнікі Тартускага ўніверсітэта
- Дактары права
- Публіцысты Беларусі
- Публіцысты Польшчы
- Краёўцы
- Члены Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі
- Члены Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі
- Віленскія кансерватары