Соня-палчок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Glis glis)
Соня-палчок
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Glis glis Linnaeus, 1766

Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  1
NCBI  41261
EOL  327942
FW  131651

Соня-палчок, вялікая соня (Glis glis) — млекакормячая жывёла, грызун сямейства соневых.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Самы буйны прадстаўнік сучасных сонь. Даўжыня цела 130—185 мм, хваста — 100—160 мм. Маса дарослых асобін вагаецца ў межах 70—180 г, дасягаючы найбольшых паказчыкаў у восеньскія месяцы. Мех густы, з аднатоннай папяліста-шерай афарбоўкай спіны і па баках. Ніз цела белы або светла-шэры. Вушы невялікія, круглявай формы, вышынёй 15—25 мм, пакрытыя кароткімі валасамі. Хвост пухнаты, з густым доўгім валасяным покрывам. Уздоўж хваставога стрыжня прыкметная баразёнка, па якой валасы як бы расчэсаны на два бакі. Заднія канечнасці трохі даўжэйшыя за пярэднія, ступні кароткія і шырокія. Іх даўжыня складае 23—30 мм. Першы і пяты палец рухомыя, што дапамагае соні лазіць па дрэвах.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Соня-палчок распаўсюджаная ў зоне еўрапейскіх шырокалістных лясоў паўднёвай і цэнтральнай часткі Еўропы, на поўначы свайго арэала даходзіць да Латвіі, Літвы і Пскоўскай вобласці Расіі. Усходняя мяжа праходзіць па басейне Волгі, а паўднёвая — па цэнтральных абласцях Малдовы, украінскіх Карпатах, лесастэпавай Украіне, поўдню Краснадарскага края і Каўказскім рэгіёне да паўночна-заходняга Ірана. У паўночна-ўсходняй яго частцы, куды ўваходзіць і тэрыторыя Беларусі, размеркаваная нераўнамерна, утвараючы лакальныя групоўкі, адлегласць паміж якімі можа быць значная.

З усіх сонь палчок найбольш прывязаны да шырокалістых і змешана-шырокалістых лясоў. На поўдні Беларусі палчок пераважна селіцца ў ліпава-дубовых, альбо дубова-грабавых лясах з дамешкам іншых лісцевых парод і з ляшчынай, малінай, альбо ажынай у ніжнім ярусе. Істотным з'яўляецца наяўнасць у такім біятопе дуплаватых дрэў. На поўначы Беларусі перавагу аддае дубровам і мяшаным участкам лесу, размешчаным паблізу рачных поймаў, пры наяўнасці ў іх дамешку пладова-ягадных парод. Часам сустракаецца ў антрапагенных месцах пасялення — у садах і парках.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Соня-палчок на паштовай марцы РБ

Палчок добра прыстасаваны да дравеснага спосабу жыцця. Актыўны ўначы. У светлы час сутак застаецца ў сховішчах, якія пераважна ўладкоўвае ў дуплаватых дрэвах. Пры адсутнасці апошніх, будуе адкрытыя гнёзды з галінак, высланыя знутры травой, мохам і поўсцю, размяшчаючы іх у скрыжаванні драўняных крон метрах у 3—4 над зямлёй. Часам палчок абсталюе сховішчы ў старых птушыных гнёздах і вавёрчыных гайнах. Часта пасяляецца ў дуплянках і штучных гнездзішчах. Соня-палчок з’яўляецца аселым відам і ўсё жыццё праводзіць на параўнальна невялікай тэрыторыі, размешчанай вакол сталага сховішча. Тут знаходзіцца і некалькі часавых хованак жывёлы. Соня-палчок вядзе адзіночны спосаб жыцця. Пераважна расліннаядны від, аднак у рацыёне стала прысутнічаюць жывёльныя кармы. У ежу выкарыстоўвае насенне шырокалістых парод, плады фруктовых дрэў, насякомых і іх лічынак, смаўжоў, яйкі і птушанят дробных вераб’іных птушак і нават насякомаедных і грызуноў. Шлюбны перыяд доўжыцца з сярэдзіны мая па чэрвень. На працягу года бывае толькі адзін памёт. Працягласць цяжарнасці — 30—40 дзён. Маладняк з’яўляецца ў канцы чэрвеня-ліпені. У памёце бывае ад 1 да 10 дзіцянят. Да самастойнага жыцця жывёлы прыступаюць ва ўзросце 1,5—2 месяцаў пасля нараджэння. У прыродзе жывуць да 3—3,5 гадоў, зрэдку — да 4,5 гадоў. На зіму ўпадаюць у спячку, якая ва ўмовах Беларусі доўжыцца з канца верасня да сярэдзіны мая. На зімоўку ўладкоўваюцца як адзінкава, так і групамі па 3—5 асобін. Зімовымі сховішчамі служаць дуплы дрэў, норы і поласці пад каранямі дрэў і пнёў, абароненыя ад тэмпературных перападаў і пранікнення вільгаці.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU) 

Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, Чырвоныя кнігі Польшчы, Літвы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]