Melody of Oshawa

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Melody of Oshawa
Жанры Полька, вальс і танга
Краіны
Адкуль Ошава
Кіраўнік Баляслаў Лішчонак[d]
Склад Баляслаў Лішчонак  (бел. (тар.))

«Melody of Oshawa» (бел.: Мелодыі з Ошавы) ― канадскі музычны ансамбль, створаны беларускім эмігрантам Баляславам Лішчонкам[be-tarask] на мяжы 1950-х—1960-х гадоў. Капэла выконвала беларускія полькі, вальсы і танга з выкарыстаннем электрамандаліны, сёрфавай гітары і саксафонаў.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гурт утварыўся ў канадскім горадзе Ошава на мяжы 1950-х—1960-х гадоў. Пасля Другой сусветнай вайны сюды злілося шмат беларусаў, адным з актыўных беларускіх дзеячоў у Ошаве стаў Баляслаў Лішчонак. У вольны ад працы на «General Motors» час ён выкладаў музыку, а са сваіх вучняў сабраў ансамбль.

Склад у капэлы Баляслава Лішчонка адрозніваўся цякучасцю і быў шматнацыянальным: беларусы, украінцы, палякі. На мандаліне грала жонка Лішчонка, родам з Польшчы, меўся саксафаніст-славак. У ансамблі адначасова былі задзейнічаныя баян і акардэон альбо два тэнар-саксафоны, труба з сурдынай і без. Засталося некалькі запісаў з оперным спеваком Сяргеем Шульгам. Сам Лішчонак граў на электрыфікаванай мандаліне і скрыпцы, рабіў аранжыроўкі пад розныя камбінацыі музыкаў. Рэпертуар быў беларускі: народныя танцы, фольк-апрацоўкі кампазітара-эмігранта Міколы Куліковіча, творы Любана і Русака, песні на вершы Наталлі Арсенневай.

Баляслаў Лішчонк арганізоўваў танцы на тэрыторыі Беларускага рэлігійна-грамадскага цэнтру ў Таронта, дзе граў калектыў. Аркестр суправаджаў усе святы беларускага кам’юніці Ошавы і Таронта: ад хрэсбінаў і вяселляў да Дня волі і Дня Слуцкага збройнага чыну. Дзякуючы Барысу Кірку, які вёў у Таронта танцавальную студыю «Лявоніха», капэла Лішчонка патрапіла ў эфір канадскага тэлебачання.

У 1980-х гадах шэсць сезонаў запар капэла Лішчонка прыяжджала з Ошавы ў Таронта і выступала на ўсеканадскім этнічным фестывалі «Караван». Там дэманстраваліся народныя рамёствы, строі, стравы і музыка. Прадстаўнікі кожнай нацыі мелі ўласны павільён каля ратушы, павільён беларусаў называўся «Менск».

З падачы беларуска-канадскага выдавецтва і арт-клуба «Пагоня» «Melody of Oshawa» запісала тры ўласныя кружэлкі. Некаторыя запісы «Melody of Oshawa» напачатку 1990-х гадоў перавыдаваліся ў Беларусі на касетах. У нумары газеты «Чырвоная змена» за 1993 год змешчана рэцэнзія Вітаўта Мартыненкі на «зялёны» альбом «Melody of Oshawa», дзе крытык палічыў некаторыя інтэрпрэтацыі фальклору занадта смелымі і назваў гэта «ўзорам інтуітыўна-наіўнага фальклёру, прыкладам сямейна-бытавога музычнага наіву».

Баляслаў Лішчонак граў да апошніх дзён свайго жыцця. У 1990 годзе ён захварэў і памёр, пахаваны ў Ошаве.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • 1960-я ― «Byelorussian dances by the Byelorussian orchestra» (тры не датаваныя кружэлкі маюць аднолькавую назву, паводле аздаблення іх умоўна можна назваць «сіняй», «зялёнай» і «чырвонай»).

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]