Перайсці да зместу

Авакада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Persea americana)
Авакада

Агульны выгляд дарослага дрэва. Востраў Мауі, Гаваі, ЗША
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Persea americana Mill., 1768

Сінонімы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  18154
NCBI  3435
EOL  596916
GRIN  t:27393
IPNI  467921
TPL  kew-2529835

Авакада, або Персея амерыканская (Persea americana) — від вечназялёных пладовых раслін з роду Персея сямейства Лаўровыя, тыпавы від гэтага роду; важная пладовая культура. Плады расліны таксама маюць назву авакада; іх мякаць багатая вітамінамі і важнымі мінеральнымі рэчывамі.

Англійская агульнаўжывальная назва расліны і пладоў — alligator pear («алігатаравая груша»).

Біялагічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]

Авакада — хуткарослае дрэва, дасягае ў вышыню 18 м;. Ствол звычайна прамы, моцна галінуецца.

Лісце эліптычнае, даўжынёй да 20 см. Ападае круглы год.

Кветкі несамавітыя, дробныя, зеленаватыя, двухполыя, знаходзяцца ў пазухах лісця.

Плод авакада цалкам і ў разрэзе

Плод грушападобны, авальны або шарападобны, даўжынёй 5-10 см, важыць 0,05-1,8 кг. Скурка плоду жорсткая, у няспелых пладоў — цёмна-зялёная, праз некаторы час пасля паспявання чарнее. Мякаць спелага плоду зялёнага ці жоўта-зялёнага колеру, алеістая, утрымлівае шмат тлушчу. У цэнтры плоду знаходзіцца буйное насенне.

Культываванне

[правіць | правіць зыходнік]
Малады праростак авакада

Гісторыя культывавання

[правіць | правіць зыходнік]

Культываванне авакада пачалося на тэрыторыі Мексікі ў 3 тысячагоддзі да н. э. Ацтэкі называлі яго ауакатль («лясны алей»). Доўгі час лічылася, што адтуль авакада ўжо ў якасці акультуранай расліны трапіла ў Паўднёвую Амерыку. Аднак раскопкі кургана Уака-Прыета на поўначы Перу выявілі плод авакада, датаваны 15 тысячагоддзем да н. э. Верагодна, што на захадзе Паўднёвай Амерыкі культываванне пачалося незалежна ад Мексікі.

У 1553 годзе авакада (у форме «агуакатэ») упершыню згадваецца ў літаратуры — у кнізе «Хроніка Перу» Педра Сьеса дэ Леона.

Прамысловае культываванне

[правіць | правіць зыходнік]

Авакада вырошчваюць у многіх трапічных і субтрапічных раёнах (ЗША, Бразілія, Афрыка, Ізраіль). Ураджай: 150—200 кг пладоў з дрэва. Існуе звыш 400 сартоў авакада. У Еўропе авакада можна купіць на працягу ўсяго года, галоўным пастаўшчыком у Еўропу з’яўляецца Ізраіль.

Топ-10 краін па зборы авакада — 2007
Краіна Тысяч тон авакада
Плод авакада на галінцы
Сцяг Мексікі Мексіка 1143
Сцяг Чылі Чылі 250
Сцяг Інданезіі Інданезія 201
Сцяг ЗША ЗША 188
Сцяг Дамініканскай Рэспублікі Дамініканская Рэспубліка 183
Сцяг Калумбіі Калумбія 157
Сцяг Бразіліі Бразілія 154
Сцяг Перу Перу 122
Сцяг Іспаніі Іспанія 120
Сцяг Гватэмалы Гватэмала 114
крыніца:
Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO)

Авакада як пакаёвая расліна

[правіць | правіць зыходнік]
Прарошчванне насення авакада «адкрытым» спосабам
Праростак авакада
Двухтыднёвы праростак авакада

Для прарастання насенне авакада ўтыкаюць у зямлю шырокім ніжнім бокам на глыбіню не больш 2-3 см (папярэдне перад пасадкай у зямлю з насення рэкамендуецца выдаліць абалонку).

Можна прарошчваць насенне авакада іншым — «адкрытым» — спосабам. Для гэтага ў вынятага з плоду насення (пры гэтым спосабе прарастання абалонка не выдаляецца) па акружнасці на ўзроўні сярэдзіны акуратна прасвідроўваюць тры маленькія дзірачкі (пад вуглом 120 градусаў), у якія ўстаўляюцца тры запалкі. Гэтыя запалкі служаць апорамі, за якія плод падвешваецца ў шклянку з вадой; узровень вады трэба пастаянна падтрымліваць пад насеннем. Неўзабаве з’явяцца карані, і калі іх будзе дастаткова, насенне можна пасадзіць у гаршчок. Можна таксама пакласці насенне ў вільготную вату і ўвесь час змочваць яе. Калі насенне падзеліцца на дзве часткі — можна саджаць у гаршчок. Праз адзін-два тыдні з’явіцца праростак.

Насенне няспелых пладоў авакада не прарасце.

Расліны патрабуюць сонечнага месцазнаходжання, абароны ад моцных вятроў. Глеба для вырошчвання авакада павінна быць урадлівай, вельмі добра дрэнажаванай. Падчас плоданашэння патрабуецца багацце вільгаці. Авакада не пераносіць ні маразоў, ні засухі.

Хоць расліны здольныя да самаапылення, добры ўраджай магчымы толькі пры крыжаваным апыленні.

У пакаёвых умовах авакада круглы год утрымліваюць у светлым месцы (улетку — у цёплым, зімой — у прахалодным), паліваюць умерана.

З дэкаратыўнай пункту гледжання дрэвы авакада нярэдка выглядаюць неахайна з-за таго, што ўвесь час губляюць лісце.

Размнажэнне — насеннем, тронкамі або прышчэпкай.

Выкарыстанне ў кулінарыі

[правіць | правіць зыходнік]

Плады авакада нярэдка паступаюць у продаж шчыльнымі і цвёрдымі. Мякаць недаспелых пладоў даволі шчыльная, па кансістэнцыі і густу падобная на недаспелую грушу або гарбуз.

Мякаць спелых пладоў мае далікатную кансістэнцыю, па гусце аддалена нагадвае сумесь сметанковага масла з пюрэ з зеляніны; часам адчуваецца арэхавы прысмак або прысмак, які нагадвае жывіцу іглічных.

Мякаць спелага авакада выкарыстоўваецца ў кулінарыі ў халодных стравах: салатах, халодных закусках, бутэрбродах. Звычайна дадаецца сок лімона ці лайма — у пазбяганне акіслення, якія псуюць знешні выгляд і смак авакада.

Адна з самых папулярных страў з авакада — мексіканская закуска гуакамоле, якая складаецца, галоўным чынам, з пюрыраванай мякаці авакада з дадаваннем солі, лаймавага соку, часам прыправаў, гародніны.

Авакада выкарыстоўваецца ў вегетарыянскай кухні ў якасці начынкі для вегетарыянскіх сушы, а таксама як замена мяса і яек у некаторых халодных стравах.

Харчовая каштоўнасць пладоў (на 100 г мякаці)

  • Каларыйнасць — 118 ккал
  • Тлушчы — да 30 %
  • Бялок — 1,6 % −2,1 %
  • Вітамін К — 14/06 мг
  • Калій — 437,27 мг
  • Солі фалійнай кіслаты — 45,19 мг
  • Вітамін В6 — 0,2 мг
  • Вітамін С — 5,77 мг
  • Медзь — 0,19 мг

Лісце і костачка авакада ўтрымліваюць таксічныя рэчывы, небяспечныя як для жывёл, так і для чалавека; гэтыя таксічныя рэчывы могуць выклікаць праблемы з стрававальнай сістэмай і алергічную рэакцыю.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».