Rocznik Literacki
| «Літаратурны штогоднік» | |
|---|---|
| | |
| Арыгінальная назва |
«польск.: Rocznik Literacki» |
| Выдавец | Рамуальд Падбярэскі |
| Краіна |
|
| Галоўны рэдактар | Рамуальд Падбярэскі |
| Заснавана | 1843 |
| Спыненне публікацый | 1849 |
| Тэматыка | літаратурна-мастацкі альманах |
| Мова | польская |
| Перыядычнасць | Штогоднік |
| Галоўны офіс |
Санкт-Пецярбург (т. 1—3) Вільня (т. 4) |
| Тыраж | каля 600 |
«Rocznik Literacki» (Літаратурны штогоднік) — літаратурна-мастацкі альманах XIX стагоддзя, які адыграў значную ролю ў культурным жыцці беларуска-літоўскіх зямель. Выдаваўся літаратуразнаўцам і публіцыстам Рамуальдам Падбярэскім на польскай мове. Першыя тры тамы выйшлі ў Санкт-Пецярбургу ў 1843—1846 гадах, чацвёрты том — у Вільні ў 1849 годзе[1].
Гісторыя выдання
[правіць | правіць зыходнік]Ідэя стварэння ўласнага выдання з'явілася ў Рамуальда Падбярэскага яшчэ ў пачатку 1840-х гадоў. Першапачаткова ён планаваў выдаваць у Маскве альманах пад назвай «Noworocznik Moskiewski», аднак расійская цэнзура ў асобе графа Строганава не дазволіла друкавацца студэнцкай моладзі. Пасля пераезду ў Санкт-Пецярбург у 1841 годзе Падбярэскі пачаў актыўна збіраць матэрыялы і наладжваць сувязі з вядомымі літаратарамі, у тым ліку з Юзафам Ігнацы Крашэўскім, спадзеючыся аб'яднаць выхадцаў з Беларусі і Літвы вакол новага выдання[2].

Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці і складанасці з атрыманнем дазволу, першы том «Rocznika Literackiego» пабачыў свет у красавіку 1843 года. Выдавец выдаткаваў на яго каля трох тысяч рублёў асігнацыямі са сваіх сродкаў. Дзякуючы актыўнай працы па зборы падпіскі, альманах меў каля пяцісот падпісчыкаў. Выданне вызначалася надзвычай высокім узроўнем мастацкага афармлення: яно друкавалася на добрай паперы з выкарыстаннем адмысловых шрыфтоў, а ілюстрацыі і віньеткі для яго заказваліся ў парыжскіх майстэрнях. Кніга каштавала 3 рублі срэбрам (асобнікі на лепшай паперы — 5 рублёў), што дазволіла выдаўцу нават атрымаць прыбытак. Сучаснікі, сярод якіх былі Ю. І. Крашэўскі і М. Грабоўскі, высока ацанілі як знешні выгляд, так і змест першага тома[2].


Другі том альманаха выйшаў у 1844 годзе. Дазвол на выданне трэцяга тома быў атрыманы летам 1845 года, аднак з-за недахопу сродкаў ён выйшаў толькі ў 1846 годзе. Напрыканцы 1847 года Падбярэскі пераехаў у Вільню, дзе задумаў рэфармаваць выданне, ператварыўшы яго з чыста белетрыстычнага ў навукова-папулярнае («Pamiętnik Naukowy»). Чацвёрты том рыхтаваўся доўгі час і быў надрукаваны ў студзені—лютым 1849 года. У прадмове да гэтага выпуску рэдактар абвясціў аб разрыве з кансерватыўнымі літаратурнымі аўтарытэтамі і выклаў новую праграму выдання, арыентаваную на дэмакратычныя пласты грамадства. Далейшае развіццё гэтых ідэй Падбярэскі працягнуў у сваім новым часопісе «Pamiętnik naukowo-literacki»[2].
Тэматыка і змест
[правіць | правіць зыходнік]Альманах першапачаткова задумваўся як навукова-літаратурны, але з-за цэнзурных абмежаванняў у ім друкаваліся пераважна літаратурныя і фальклорна-этнаграфічныя творы. Выданне стала важнай пляцоўкай для папулярызацыі беларускай тэматыкі і культуры.
У першым томе былі змешчаны праграмны «Нарыс паўночнай Беларусі» Яна Баршчэўскага, вершы Т. Лады-Заблоцкага і Т. Зана, артыкул М. Грабоўскага, аповесць Л. Штырмера («Фрэнафагіюш і Фрэналесты»), а таксама ноты з мелодыямі беларускіх народных песень «Дзеванька» і «Гарэліца», запісанымі кампазітарам А. Абрамовічам[2].
Другі том (1844) таксама змяшчаў багаты беларускі матэрыял: раздзелы з гістарычнай працы М. Борха «Гісторыя ў легендзе», прысвечаныя Ефрасінні Полацкай, вершаваная «беларуская» аповесць «Жонка» В. Газдава-Рэвута, «Успаміны пра наведванне роднага краю» Я. Баршчэўскага[2].
У трэцім томе (1846) цэнтральнае месца заняў артыкул Падбярэскага «П. Антон Абрамовіч. Музыкант» і музычная паэма для фартэпіяна «Беларускае вяселле». Прычым гэтыя матэрыялы ўклейваліся ў кнігу ў самы апошні момант пасля 112 старонкі (імаверна, каб абысці цэнзуру, якая магла забараніць твор па палітычных матывах). У гэтым жа томе былі змешчаны партрэт гісторыка І. Анацэвіча, яго артыкул «Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы» і факсіміле ліста, а таксама творы Г. Равускага, М. Грабоўскага, верш Т. Лады-Заблоцкага і фрагменты твораў Ю. Каранёўскага[2].
Акрамя таго, на старонках «Літаратурнага штогодніка» ў розныя гады публікаваліся вершы А. Э. Адынца, І. Кулакоўскага, сатырыка Ф. Рысінскага, фрагменты з твораў Ю. І. Крашэўскага і артыкулы А. Грыфа. Музычная частка альманаха дапаўнялася творамі кампазітараў А. Абрамовіча, В. Кажынскага і С. Манюшкі[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Хаўстовіч 2001.
- ↑ а б в г д е Хаўстовіч_2 2001.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Хаўстовіч М. Рочнік літэрацкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 122. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Хаўстовіч М. Рамуальд Падбярэскі ў беларускім літаратурным руху 40-х гг. XIX стагоддзя // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта : Навук. зб / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. — Мінск: БДУ, 2001. — В. першы. — С. 68—90.