Перайсці да зместу

Ян Баршчэўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Баршчэўскі
польск.: Jan Barszczewski
Літаграфічны партрэт Яна Баршчэўскага па малюнку Караля Жукоўскага
Літаграфічны партрэт Яна Баршчэўскага па малюнку Караля Жукоўскага
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння не раней за 4 (15) лістапада 1792 і не пазней за 15 (26) студзеня 1793
Месца нараджэння
Дата смерці 28 лютага (12 сакавіка) 1851
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт, выдавец, фалькларыст
Гады творчасці 18091851
Кірунак класіцызм, рамантызм, фальклор, фантастыка
Жанр фальклор і фантастыка
Мова твораў беларуская і польская
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Ян Баршчэ́ўскі (лацінкай: Jan Barščeŭski, польск.: Jan Barszczewski; не раней за 4 (15) лістапада 1792 і не пазней за 15 (26) студзеня 1793, Няведра[d], Віцебская губерня28 лютага (12 сакавіка) 1851, Чуднаў, Валынская губерня) — беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[1].

Вядомы сваім найбуйнейшым творам «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (на польскай мове), выдадзеным у 1844—1846 гадах у чатырох кнігах. Таксама напісаў тры вершы беларускай мовай лацінкай. Яго беларускія творы напісаны ў фальклорным стылі, маюць павучальны ці бурлескна-рэалістычны характар.

Баршчэўскія — разгалінаваны святарскі род на поўначы гістарычнай Полаччыны ў канцы XVIII — 1-й палове XIX ст., утваралі роднасную сетку ўніяцкага святарства ў Полацкім, Невельскім і Себежскім паветах[2]. Пачынальнікам роду, магчыма, быў шляхціц, які ў 1-й палове XVIII ст. праз жыццёвыя акалічнасці, магчыма падчас Паўночнай вайны, перайшоў ў святарскі стан[2].

Месцам нараджэння Яна Баршчэўскага першы біёграф Рамуальд Падбярэзскі даваў фальварак[3] Мурагі Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер Расонскі раён Віцебскай вобласці), што было прынята як факт. У 2018 годзе аналізам архіўных крыніц вызначана, што Ян нарадзіўся ў вёсцы Няведра[ru] Себежскага павета Віцебскай губерні (цяпер Пустошкінскі раён Пскоўскай вобласці)[2]. У Мурагі сям’я пераехала, калі сыну было каля сямі гадоў, перад гэтым некаторы час жыла ў Сакалішчы[2].

З часам нараджэння ў крыніцах і літаратуры таксама не было пэўнасці, яго давалі ў межах ад 1780 да 1796 года[4][5]. З найболей верагодных дакументаў, у іх ліку ўласнаручныя рапарты бацькі, час нараджэння Яна вызначаецца паміж 4 лістапада 1792 і 15 студзеня 1793 года (паводле грыгарыянскага календара — паміж 15 лістапада 1792 і 26 студзеня 1793)[2].

Шляхціц Фёдар Баршчэўскі, у 1776 годзе вікарый Няведранскай царквы, магчыма, бацька Івана Фёдаравіча і дзед Яна Іванавіча Баршчэўскіх.[2]

Іван Фёдаравіч (каля 1760—1832) таксама пісаўся са шляхецкага стану. Атрымаў адукацыю ў Полацкім езуіцкім калегіуме, дайшоў да другога класу. У 1787 або 1789 годзе рукапакладзены ў святары архіепіскапам Іракліем Лісоўскім. Служыў адміністратарам у Няведранскай царкве (да 1795), затым у Сакалішчанскай (1796—1798) і Мурагоўскай царкве Святога Ільі (з 1799). Характарызаваўся як святар узорных паводзін, дбайны да службовых абавязкаў, з высокім узроўнем адукацыі.[2] Жанаты быў з Ганнай (каля 1770 — пасля 1822) з уплывовага ў Себежскім павеце святарскага роду Ігнатовічаў, маладзейшай за яго на дзесяць гадоў, згадана ў дакументах 1798, 1809 і 1822 гадоў, і, магчыма, маці ўсіх яго дзяцей, у іх ліку Яна.[2] Вядомыя дзеці Івана і, напэўна, Ганны:

  • Васіль — першынец, нарадзіўся каля 1790 года. Згаданы сямілетнім ў рапарце бацькі 1798 года. У пазнейшых спісах сям’і (1811, 1822) яго няма, магчыма, памёр у дзяцінстве або рана пачаў самастойнае жыццё.[2]
  • Іван (Ян) — другі сын, нарадзіўся на мяжы 1792 і 1793 гадоў.
  • Антон — трэці сын, нарадзіўся каля 1798 года. Таксама стаў уніяцкім святаром. Служыў месцадаглядальнікам у царкве ў Далысе Невельскага павета. Жанаты быў Еўдакіяй і меў трох сыноў — Івана, Паўла і Антона. У 1837 годзе, пасля пераводу яго прыходу ў праваслаўе, перамешчаны на службу ў Копыскі павет.[2]
  • Ганна — нарадзілася каля 1805 года, жыла пры бацьках у Мурагах[2].
  • Мікалай — чацвёрты сын, нарадзіўся каля 1805 года. У 1834 годзе адзначаны як звольнены з духоўнага звання ў штацкую (грамадзянскую) службу.[2]
  • Фёдар — пяты сын, нарадзіўся 8 красавіка 1809 года ў Мурагах. У 1825—1834 гадах навучаўся ў Полацкай уніяцкай семінарыі на поўным фундушавым утрыманні, паказаў добрыя здольнасці ў навуках. У 1835 годзе падаў прашэнне на залічэнне ў дзяржаўную службу.[2]
  • Дзмітрый — шосты сын, нарадзіўся каля 1812 года. Па смерці бацькі ў 1832 годзе пераведзены ў Далысы пад апеку старэйшага брата Антона.[2]

Родзічам Яна быў Францішак Баршчэўскі (нар. каля 1775), дзячок Мурагоўскай царквы, які мог быць прататыпам Сляпога Францішка ў творах пісьменніка. Сваякамі, можа, братамі ці пляменнікамі маці, былі Іосіф (нар. 1786) і Вікенці (нар. 1790) Ігнатовічы, панамары Мурагоўскай царквы.[2]

Ад дзяцінства Ян Баршчэўскі быў уцягнуты ў няпростыя рэлігійныя і сацыяльныя прасцэсы -- дызунію на беларускіх землях, што адбілася на яго светапоглядзе і творчасці[2]. Пісьменнік не губляў сувязі з сям'ёй і калі пераехаў у Пецярбург, дапамагаў малодшым баратам, у 1835 годзе садзейнічаў брату Фёдару ў прашэнні пра залічэнне на дзяржаўную службу[2].

Полацкі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме[3], дзе набыў вядомасць чытальніка і вершапісца, выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, у 1809 годзе напісаў паэму ў класічным стылі «Пояс Венеры» (не захавалася; мова, на якой быў напісаны твор, невядомая, магчыма польская або лаціна). Студэнцкія канікулы часцей за ўсё праводзіў у падарожжах наваколлямі возера Нешчарда. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы[3].

Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (лацінкай: Dzieweńka; прысвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў» або «Рабункі мужыкоў» (лацінкай: Rabunki mużykou). Таксама займаўся жывапісам — маляваў пейзажы і карыкатуры, якія карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў.

Пасля заканчэння Полацкага калегіума (у 1812 годзе ператворанага ў акадэмію) прыблізна ў 1816 годзе, працаваў настаўнікам і гувернёрам у розных месцах на малой радзіме. Падарожнічаў па Беларусі, збіраў фальклор.

Пецярбургскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Ян Баршчэўскі ў часе навучання ў Санкт-Пецярбургу, праца Рудольфа Жукоўскага.

У сярэдзіне 1820-х гадоў (хутчэй за ўсё 1826 або 1827) пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытную літаратуру. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсціслаўшчыне. У Пецярбургу пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, у 1839 годзе — з Тарасам Шаўчэнкам. Уласныя рамантычныя вершы Баршчэўскага чытачы ацэньвалі без асаблівага захаплення, аднак вядома, што Міцкевіч уласнаручна дапамог паправіць некаторыя з іх. Шаўчэнка таксама крытыкаваў вершы Баршчэўскага за недастатковую колькасць у іх народнага элемента, заклікаў беларускіх пісьменнікаў служыць запрыгоненаму народу і развіваць маладую беларускую літаратуру ў дэмакратычным кірунку.

У 1840—1844 гадах Баршчэўскі разам з іншымі членамі літаратурнага гуртка, які складаўся галоўным чынам з выхадцаў з Беларусі[3] займаўся выданнем штогадовага альманаха «Niezabudka» («Незабудка») (1840—1844)[3] на польскай мове. Падтрымліваў творчыя сувязі з членамі гуртка і яго карэспандэнтамі — пісьменнікамі Вінцэнтам Давідам[pl], Станіславам-Аўгустам Ляховічам, журналістам і крытыкам Рамуальдам Падбярэзскім, літаратуразнаўцам і гісторыкам Юліянам Барташэвічам[pl], мастакамі Каралем і Рудольфам Жукоўскімі, фалькларыстам Ігнатам Храпавіцкім, пісьменнікамі Людвікам Штырмерам, Вінцэнтам Рэутам, Тадувушам Лада-Заблоцкім, Аляксандрам Грозам, Аляксандрам Грот-Спасоўскім?!. Сярод самых блізкіх сяброў Баршчэўскага сучаснікі называлі Гаўдэнцыя Шапялевіча, знаёмага з паэтам яшчэ з часоў вучобы ў Полацкай калегіі. Рэдкалегія часопіса мела кантакты з віленскім «Дэмакратычным таварыствам» (1836—1838), прапагандавала (праз Ф. Лаўцэвіча) забароненыя вершы.

Ян Баршчэўскі, партрэт аўтарства Караля Рыпінскага.

На старонках «Незабудкі» Баршчэўскі друкаваў галоўным чынам апавяданні ў вершах. Ад класіцызму паступова перайшоў да рамантызму. У 1843 годзе ў часопісе «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік») упершыню былі надрукаваныя яго беларускія вершы — «Дзеванька», «Гарэліца» (лацінкай: Harelica), магчыма ім апрацаваная (аўтарства цалкам не даказана) народная песня «Зязюля».

У 1844—1846 гадах выдаў свой галоўны твор — кнігу «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (тамы 1—4, на польскай мове, гравюры Рудольфа Жукоўскага), асобныя часткі якога раней друкаваліся ў часопісах «Rocznik Literacki» і «Athenæum». Матэрыяльную дапамогу ў выданні кніг Баршчэўскага аказаў віленскі пісьменнік Аляксандр Здановіч. У часопісе «Rubon» у 1847 годзе выйшла другая частка аповесці «Драўляны дзядок і мадам Інсекта».

Апошнія гады жыцця

[правіць | правіць зыходнік]

У 1846 годзе (або ў 1847 ці, магчыма, у 1848) па запрашэнні польскага пісьменніка Генрыха Жавускага пераехаў у горад Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Юліі Жавускай, дзе таксама жыў вядомы мастак-графік Напалеон Орда.

Баршчэўскі падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны з польскім паэтам і перакладчыкам Канстанціем Пятроўскім і доктарам Г. Кёлерам, збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў. У 1849 годзе ў Кіеве выдаў першую частку зборніка «Проза і вершы» (на польскай мове), куды ўвайшлі балады, паэма «Жыццё сіраты», аповесць «Душа не ў сваім целе». У канцы 1840-х гадоў захварэў на сухоты і пасля працяглай хваробы памёр[6]. Пахаваны ў Чуднаве.

У красавіку 2019 года ў Чудніве была ідэнтыфікаваная магільная пліта Яна Баршчэўскага, яна месцілася на адным з прыватных падворкаў, куды была калісьці перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак[7]. На надмагіллі надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў». Неўзабаве магільная пліта была перанесеная на тэрыторыю мясцовага касцёла Адшукання Крыжа Гасподняга. Месца пахавання Баршчэўскага застаецца невядомым, бо ў Чудніве было некалькі каталіцкіх могілак[8].

Метрычны запіс, знойдзены пазней у Дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласці, пацвярджае, што Ян Баршчэўскі быў пахаваны на парафіяльных могілках касцёла ў Чуднаве, які быў зруйнаваны савецкай уладай у 1935—1936 гадах і стаяў паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту. У метрычным запісе адзначаецца, што «дваранін Іаан Баршчэўскі» памёр ад сухотаў 28 лютага 1851 года ва ўзросце 54 гадоў[9].

Тытульны ліст першага выдання кнігі «Шляхціц Завальня». Санкт-Пецярбург, 1844 г.

Першыя творы, верш «Дзеванька» (1809), напісаў за часам навучання ў Полацкай езуіцкай калегіі.

Баршчэўскі як паэт склаўся пад уплывам польскага класіцызму. Захапленне паэзіяй Адама Міцкевіча адбілася на яго польскіх творах (паэма «Жыццё сіраты», санеты «Мелодыі пілігрыма»).

Асноўным творам аўтара ёсць зборнік фантастычных твораў з жыцця беларускай глыбінкі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у 4-х тамах (1844—1846). Творы напісаныя пад відавочным уплывам беларускага фальклору. Баршчэўскі выкарыстаў сюжэты казак і легенд «дзікага паўночнага краю Беларусі», апаэтызаваў родныя мясціны, у тым ліку і возера Нешчарда, каля якога стаіць вёска Мурагі, дзе прайшло яго дзяцінства.

Ілюстрацыя з першага выдання кнігі «Шляхціц Завальня» (мастак Рудольф Казіміравіч Жукоўскі)

Апавяданні Баршчэўскага нагадваюць паводле свайго містычнага настрою творы Мікалая Гогаля. Паэма Яна Баршчэўскага «Пояс Венеры» не захавалася.

Большая частка твораў напісана на польскай мове, аднак у іх пісьменнік звяртаўся да беларускіх паданняў, фальклорных сюжэтаў і вобразаў («Дзве бярозы», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Захавалася толькі тры яго творы напісаныя аўтарам непасрэдна па-беларуску: «Дзеванька», «Гарэліца», «Бунт хлопаў» («Рабункі мужыкоў», прысвечаны сялянскім хваляванням на Полаччыне ў 1812[3]).

Аўтар «Нарыса паўночнай Беларусі» (1843)[3].

У музыцы і кіно

[правіць | правіць зыходнік]

Песні «Дзеванька», «Гарэліца» пакладзены на музыку Антонам Абрамовічам[10].

Паводле кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» на Беларусьфільме 1994 годзе быў зняты аднайменны фільм (рэжысёр Віктар Тураў).

Праца Рамуальда Зямкевіча «Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік XIX сталецця» (лац. «Jan Barščeŭski — pieršy biełaruski piśmieńnik XIX stalećcia»), выдадзеная беларускай лацінкай у Вільні, 1911 г.

Ян Баршчэўскі займае надзвычай важнае месца ў гісторыі мастацкай культуры беларусаў. На працягу ўсёй творчасці ён кіраваўся рамантычна-ўзнёслым пачуццём любові да роднага краю. Як рамантык аддаваў перавагу выключным, святочным і трагічным аспектам вясковага жыцця, чым тлумачацца асобныя праявы старашляхецкага кансерватызму, ідэалізацыі мінулай вольнасці і дабрачыннасці.

Творы Баршчэўскага распаўсюджваліся ў рукапісах або вусным шляхам як народныя. Верш «Бунт хлопаў» трапіў у фальклорныя запісы Аляксандра Семянтоўскага і Паўла Шэйна, зробленыя ў канцы XIX стагоддзя. У чытанні і перапісванні гэтага твора абвінавачваўся Паўлюк Багрым.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
  • Помнік Яну Баршчэўскаму пастаўлены на беразе возера Нешчарда.
  • 12 верасня 2020 года бюст Яну Баршчэўскаму пастаўлены ў цэнтры горада Чудніва — на вуліцы Герояў Майдана, 102 паблізу рыма-каталіцкага касцёла Адшукання Крыжа Гасподняга. З ініцыятывай паставіць помнік выступіў фонд імя Марыі Магдалены Радзівіл пры падтрымцы мясцовай улады[11]. Гарадская рада Чудніва таксама заснавала медаль Яна Баршчэўскага[12][13].
  • У 2021 годзе надмагільная пліта адрэстаўраваная ў Мінску на сродкі фонду Марыі Магдалены Радзівіл, і ў красавіку 2021 года экспанавалася ў Расонах, Полацку, Віцебску[14].

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

У 1916 годзе у віленскай газеце «Гоман» надрукавана некалькі казак з «Шляхціца Завальні», перакладзеных на беларускую мову Янам Станкевічам[3]. У 1917 годзе дзве казкі былі надрукаваны асобнымі брашурамі — «Начэпнасьць» і «Чорнакніжнік і зьмея, што вылупілася с пятушынаго яйца», — якія, аднак, не атрымалі шырокай вядомасці: згодна з загадам Галоўліта БССР № 33 ад 3 чэрвеня 1937 годзе гэтыя дзве брашуры, у ліку іншых кніг шкоднага зместу, падлягалі адабранню з бібліятэк і навучальных устаноў рэспублікі; прычынай, магчыма, была асоба перакладчыка.

У 1971 годзе казкі «Пра чарнакніжніка і змяю, што вывелася з яйка, знесенага пеўнем» у перакладзе Максіма Гарэцкага і «Белая сарока» ў перакладзе Вячаслава Рагойшы былі ўключаны ў хрэстаматыю «Беларуская літаратура XIX стагоддзя», а ў 1977 годзе ў дакументальным зборніку «Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст.» былі прадстаўлены тры ўводныя раздзелы («Колькі слоў ад аўтара», «Нарыс Паўночнай Беларусі», «Шляхціц Завальня») у перакладзе Генадзя Кісялёва. У 1981 годзе за пераклад кнігі ўзяўся Уладзімір Мархель, які сваю працу так і не закончыў. Поўны ж пераклад «Шляхціца Завальні», выкананы Міколам Хаўстовічам, быў апублікаваны толькі ў 1990 годзе. У гэта выданне таксама ўвайшлі пераклады аповесцей Баршчэўскага «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» і «Душа не ў сваім целе». У 1998 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том «Ян Баршчэўскі. Выбраныя творы», куды, апрача згаданых твораў, увайшлі таксама пераклады п’есы «Жыццё сіраты», вершаў і лістоў пісьменніка, выкананыя Рыгорам Барадуліным, Кастусём Цвіркам, Уладзімірам Мархелем, Уладзімірам Дубоўкам і Міколам Хаўстовічам. У 2003 годзе быў надрукаваны зборнік вершаў Баршчэўскага «Лісты да Юліі» ў перакладзе Анатоля Канапелькі, а ў 2004 годзе — зборнік лістоў у перакладзе В. Таранеўскага.

  1. А. Мальдзіс. Баршчэўскі Ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 314
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Виноходов, Лисейчиков 2018.
  3. а б в г д е ё ж Барщевский Ян // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 43. — 737 с.
  4. Jan Barszczewski / Kronika spółczesna // Czas : dziennik poświęcony polityce krajowej i zagranicznej oraz wiadomościom literackim, rolniczym i przemysłowym 1851, nr 101 (2 maja). — S. 1.
  5. Ва Ўкраіне знайшлі надмагільную пліту беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага. ФОТА . Радыё Свабода (17 красавіка 2019). Праверана 29 снежня 2025.
  6. Ян Баршчэўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995., Т. 1. С. 252
  7. Ва Ўкраіне знайшлі надмагільную пліту беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага. ФОТА (бел. (тар.)). svaboda.org (17 красавіка 2019). Праверана 17-4-2019.
  8. Надмагільную пліту Яна Баршчэўскага ва Ўкраіне перадалі на захаваньне касьцёлу (бел. (тар.)). svaboda.org (18 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 20-4-2019. Праверана 20-4-2019.
  9. Ва Ўкраіне знайшлі ня толькі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага, але і дакумэнты аб сьмерці (бел. (тар.)). svaboda.org (20 лістапада 2019).
  10. Абрамович Антон Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 8. — 737 с.
  11. Бюст Яну Баршчэўскаму г. Чуднаве (фота)
  12. Медаль Яна Баршчэўскага, заснаваная гарадскай радй г. Чуднава (фота)
  13. Беларускія дыпляматы не прыехалі на адкрыцьцё помніка Яну Баршчэўскаму ва Ўкраіне Архівавана 15 мая 2021. (бел. (тар.)) // «сайт Радыё Свабода» 12 верасня 2020
  14. У Віцебск прывезлі знойдзеную ва Украіне надмагільную пліту Яна Баршчэўскага // nn.by 16 красавіка 2021
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — 727 с. — 10 000 экз.
  • Дмитрий Виноходов, Денис Лисейчиков Штрихи к биографии Яна Барщевского: «От то мае вы браціхны...» // Асоба і час : беларускі біяграфічны альманах. — Мн.: Лімарыус, 2018. — В. 8. — С. 17-62.
  • Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мн., 1989.
  • Белорусская ССР: краткая энцикл. Т. 5. — Мн., 1982. — С.43.
  • Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пач. XX ст.: Падруч. для філ. фак. пед ВНУ / Т. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубеваі інш; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн.: Выш. шк., 1998.
  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. давед. — Мн., 1995.
  • Хаўстовіч М. Паэт і казачнік азёрнага краю // Ян Баршчэўскі. Выбр. тв. — Мн., 1998.
  • Бахарэвіч А. Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі) // Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012.