Stadler M110/M111

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Stadler M110/M111
M110/M111
Вытворчасць
Перыяд выпуску 2018 — 2020
Вытворца Беларусь Stadler Мінск (Фаніпаль)
Усяго выраблена 44 вагоны
Цягнікоў выраблена 10
Тэхнічныя даныя
Пасажыраёмістасць 588 (4 ваг)
737 (5 ваг)
Даўжыня 78,360 мм (4 ваг)
97,650 мм (5 ваг)
Шырыня 2650 мм
Вышыня 3690 мм
Маса тары 36,5 т
Хуткасць 90 км/г
Эксплуатацыя
Выкарыстоўваецца

Мінскі метрапалітэн

Час эксплуатацыі з 2019
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Stadler M110/M111 (бел.: Штадлер М110/М111) — тып электравагонаў метрапалітэна, які распрацаваны і выпускаўся з 2018 па 2020 год заводам Stadler Мінск для метрапалітэна Мінска. Вагоны мадэлі M110 — маторныя галаўныя, M111 — маторныя прамежкавыя.

Гісторыя стварэння і выпуску[правіць | правіць зыходнік]

У 2016 годзе КТУП «Мінскі метрапалітэн» арганізавала тэндар на пастаўку вагонаў метро для абслугоўвання будаванай трэцяй лініі метро. Тэндар выйграла даччынае падраздзяленне швейцарскай кампаніі Stadler Rail ЗАТ «Штадлер Мінск». У адпаведнасці з умовамі тэндара, кампанія павінна была паставіць 44 вагоны, з якіх будуць сфармаваны шэсць чатырохвагонных (для Зеленалужскай лініі) і чатыры пяцівагонных (для Аўтазаводскай лініі) саставаў. Сума кантракта, як вынікае з тэндарных дакументаў, склала 122.250.000 рублёў з ПДВ[1].

Планавалася, што Stadler M110/M111 у будучыні стануць заменай для састарэлых саставаў мадэлі «Нумарны» на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, асабліва Аўтазаводскай, так як многія цягнікі на гэтай лініі набліжаюцца да тэрмінаў вычарпання свайго рэсурсу.

Уся інжынірынгавая праца гэтага праекта была выканана супрацоўнікамі менавіта «Штадлер Мінск». Група Stadler будуе метрацягнікі з 2012 года, аднак цягнік для Мінскага метро, не быў узяты з каталога — ён распрацаваны пад канкрэтныя тэхнічныя патрабаванні заказчыка. Stadler M110/M111 цалкам вырабляюцца на заводзе ў Фаніпалі.

У 2017 годзе паміж КТУП «Мінскі метрапалітэн» і ЗАТ «Штадлер Мінск» быў падпісаны дагавор пра пастаўку 10 саставаў з асінхронным цягавым прывадам у 2019—2020 гадах (6 саставаў у 2019 і 4 у 2020)[1].

20 сакавіка 2019 года на заводзе «Штадлер Мінск» у Фаніпалі адбылася прэзентацыя першага цягніка новай мадэлі.

4 лютага 2020 года пачата эксплуатацыя першага цягніка з пасажырамі на Аўтазаводскай лініі ў чаторыхвагонным выкананні[1].

Прэзентацыя першага Stadler M110/M111

У 2020 годзе Новасібірскі метрапалітэн планаваў купіць 1 цягнік, але пасля ад закупкі адмовіліся з прычыны змены эканамічнай сітуацыі, звязанай з пандэміяй і, як следства, крытычным падзеннем аб'ёмаў перавозкі і прыбыткаў прадпрыемства[2][3].

21 сакавіка 2022 года з’явіліся навіны пра планы Мінскага метрапалітэна па закупцы 19 новых электрацягнікоў для Зеленалужскай і Аўтазаводскай ліній[4]. Аднак 22 сакавіка 2023 года завод «Метровагонмаш» і ДП «Мінскі метрапалітэн» падпісалі кантракт на пастаўку 7 чатырохвагонных электрацягнікоў «Москва», якія будуць перавозіць пасажыраў пасля ўводу ў эксплуатацыю другога ўчастка трэцяй лініі Мінскага метро[5][6].

Пазней стала вядома, што пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну кампанія Stadler Rail адмовілася ад далейшых паставак цягнікоў Stadler M110/M111 у Мінскі метрапалітэн у сувязі з санкцыйным ціскам.

Год выпуску Вагонаў у саставе Колькасць саставаў Колькасць вагонаў
Маторныя Прамежкавыя Агулам
2019 4 6 12 12 24
2020 5 4 8 12 20
Усяго 4 6 20 24 44
5 4

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Stadler M110/M111 на станцыі Кавальская слабада

Вагоны Stadler M110/M111 прызначаны для перавозкі пасажыраў на лініях метрапалітэна з шырынёй каляі 1520 мм, электрыфікаваных кантактнай рэйкай напружаннем 750 В пастаяннага току. Цягнікі могуць эксплуатавацца як на падземных, так і на наземных участках ліній.

Канцэпцыя вагонаў метро Stadler заснавана на прынцыпе модульнасці. На ўзроўні рухомага саставу модульны прынцып азначае магчымасць складання электрацягнікоў агульнай састаўнасцю ад чатырох да васьмі вагонаў.

Пры распрацоўцы новага рухомага саставу інжынеры «Штадлер Мінск» удзялілі асаблівую ўвагу колераграфічнаму рашэнню і знешняму дызайну вагонаў, каб стварыць арыгінальны і запамінальны вобраз, які асацыюецца з горадам Мінскам і Мінскім метрапалітэнам, а таксама падкрэсліць высокі тэхнічны ўзровень новых цягнікоў. У аснову каляровага рашэння ляглі колеры герба Мінска: сіні, белы і чырвоны. Для ўнутранага дызайну вагонаў метро характэрна ўжыванне светлых адценняў колераў, лаканічныя формы і цэласнасць прасторы.

Для забеспячэння кантролю і бяспекі руху, зніжэння расходу электраэнергіі і скарачэння інтэрвалаў руху электрацягнікі Stadler M110/M111 аснашчаны сістэмай аўтаматызаванага кіравання (аўтакіравання), якая забяспечвае энергааптымальны рух з выкананнем прызначанага графіка і гарантаваны прыпынак рухомага саставу на платформе з дакладнасцю ± 25 см ад устаноўленага месца.

Даўжыня 4-вагоннага метрацягніка складае 78,4 м, а 5-вагоннага — 97,65 м, максімальная шырыня вагона — 2650 мм, Вышыня — 3690 мм. Колькасць месцаў для сядзення — 168 і 212 адпаведна (з іх 8 адкідных); колькасць стаячых месцаў — 588 і 737 (пры норме 5 пас./ м²).

Дынамічныя паказчыкі цягніка такія: максімальная хуткасць на гарызантальным участку шляху пры намінальнай нагрузцы 8 чалавек на 1 м² — не менш за 80 км/г; канструкцыйная хуткасць — не менш за 90 км/г; максімальнае паскарэнне і максімальнае запаволенне — не менш за 1,3 м/с².[1]

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Stadler M110/M111 на станцыі Купалаўская

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Метрацягнікі Stadler маюць скразны праход уздоўж усяго саставу. Шырокія міжвагонныя праходы добра асветлены і абсталяваны зручнымі поручнямі. Сучлененая канструкцыя падае пасажырам неабходны ўзровень камфорту пры неабходнасці перахода паміж вагонамі і дадатковыя месцы для пасажыраў.

Кузаў вагона новых цягнікоў уяўляе сабой суцэльнаметалічную апорную канструкцыю з алюмініевых сплаваў з тэрмінам службы 50 гадоў. У канструкцыі кузава вагона закладзена прымяненне гукапаглынальных матэрыялаў, якія дазваляюць знізіць узровень шуму як у пасажырскім салоне, так і на працоўным месцы машыніста ў кабіне цягніка.

Прасторныя ўваходныя пляцоўкі забяспечваюць выдатныя ўмовы для хуткай пасадкі і высадкі пасажыраў, а для павышэння бяспекі зона каля дзвярэй выдзелена жоўтым колерам. Сядзенні ў салоне размешчаны падоўжна, з мацаваннем да бакавых сцен вагона.

У галаўных вагонах, у непасрэднай блізкасці ад уваходных дзвярэй, абсталявана зона для перавозкі асоб з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама прадугледжаны дадатковыя адкідныя сядзенні.

Бяспека[правіць | правіць зыходнік]

Stadler M110/M111 на станцыі Вакзальная

Прыхільна-ссоўныя дзверы (па восем у кожным вагоне, па чатыры з аднаго боку) забяспечваюць эксплуатацыю цягніка на трэцяй лініі Мінскага метро, станцыі якой абсталяваны платформеннымі бар’ернымі агароджамі ДАС-САТ-М (гэтая абрэвіятура расшыфроўваецца як «дзверы аўтаматычныя станцыйныя для станцый адкрытага тыпу»). Прывад дзвярэй — пнеўматычны ці электрамеханічны, з забеспячэннем дэмпфавання пры адкрыцці/зачыненні. Канструкцыя прывада дзвярэй выключае іх самаадвольнае адкрыццё. Над кожным дзвярным праёмам усталявана светлавая і гукавая сігналізацыя.

Усе вокны дзвярэй і вокны знутры салона абсталёўваюцца антывандальнай абаронай ад нанясення драпін і надпісаў. Таксама ў антывандальным выкананні зроблены сядзенні ў салоне.

Сістэмы інфармавання, відэаназірання і сувязі[правіць | правіць зыходнік]

У кожным вагоне маюцца месцы для падзарадкі электронных дэвайсаў. Пасажырскі салон абсталяваны сістэмай кандыцыянавання паветра для забеспячэння камфорту. У столі замацаваны электронныя інфармацыйныя дысплэі, таксама прадугледжана электронная сістэма навігацыі над дзвярыма. Для сувязі з машыністам у зонах для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і ў пераходах на зручнай вышыні размешчаны прылады сувязі «пасажыр-машыніст».

На кузаве галаўнога вагона ўсталяваныя лічбавыя відэакамеры вонкавага відэаназірання ўздоўж саставу, якія забяспечваюць неабходную кругагляднасць машыністу. У салоне кожнага вагона таксама ўстаноўлены па чатыры лічбавыя відэакамеры сістэмы відэаназірання.

Кабіна машыніста[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд кабіны ззаду

Метрацягнік Stadler мае сучасную кабіну машыніста з эрганамічным пультам кіравання. Прадугледжана сістэма ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянавання паветра. Канструкцыя лабавой часткі кузава забяспечвае машыністу неабходную агляднасць платформаў і тунэляў праз станцыйныя люстэркі і бачнасць з працоўнага месца ў становішчы седзячы і стоячы.

Яшчэ адна цікавая асаблівасць Stadler М110/М111 — галаўныя вагоны абсталяваны адкіднымі тэлескапічнымі трапамі з інтэграванымі ў іх прыступкамі для хуткай і бяспечнай эвакуацыі пасажыраў у надзвычайных сітуацыях. Трапы размешчаны ў лабавой частцы кузава справа ад машыніста. Канструкцыя трапа дазваляе прыводзіць яго ў працоўнае становішча адной асобай на працягу не больш за адну хвіліну[1].

Эксплуатацыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая паездка з пасажырамі

Першы чатырохвагонны цягнік паступіў у электрадэпо Магілёўскае Мінскага метрапалітэна ў красавіку 2019 года.

У сярэдзіне 2019 года на Аўтазаводскай лініі пачалася абкатка новых цягнікоў.

З 4 лютага 2020 года пачалася эксплуатацыя першага цягніка з пасажырамі на Аўтазаводскай лініі ў чатырохвагонным выкананні[7].

З 6 лістапада 2020 года цягнікі сталі эксплуатавацца на новай Зеленалужскай лініі[8].

Станам на 2023 год усе 10 цягнікоў серыі прыпісаны да электрадэпо Магілёўскае (ЦЧ-2) і знаходзяцца ў рэгулярнай эксплуатацыі. На Зеленалужскай лініі выкарыстоўваюць чатырохвагонныя саставы. На Аўтазаводскай — пяцівагонныя.

Зноскі

  1. а б в г д Фаніпаль рулюе! Усе "сакрэты" першага метрацягніка Stadler M110 у аглядзе ABW.BY (руск.). ABW.BY. Праверана 15 красавіка 2020.
  2. https://www.kommersant.ru/doc/4243007
  3. В мэрии отказались от покупки нового состава для метро в 2021 году (руск.). РБК. Праверана 28 верасня 2020.
  4. https://www.tvr.by/news/obshchestvo/metropoliten_minska_planiruet_zakupit_19_novykh_elektropoezdov/
  5. https://metrowagonmash.ru/press_slyjba/news/2023-god/metrovagonmash-postavit-28-vagonov-metro-v-minskiy-metropoliten/
  6. Власти Минска определились с новыми поездами для метро (руск.). tochka.by (30 студзеня 2024). Праверана 24 лютага 2024.
  7. Новый поезд «Штадлер» в метро вышел на линию с пассажирами (руск.). TUT.BY (4 лютага 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 чэрвеня 2020. Праверана 28 чэрвеня 2020.
  8. Лукашенко про открытие 3-й линии метро: это показатель нашей социальной и политической устойчивости (руск.). БелТА (6 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2020. Праверана 6 лістапада 2020.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]