Перайсці да зместу

The Elder Scrolls IV: Oblivion

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
The Elder Scrolls IV: Oblivion
Распрацоўшчык
Выдаўцы
Лакалізатар Сцяг Расіі Акелла
Частка серыі The Elder Scrolls
Дата выпуску
Windows, Xbox 360
Сцяг ЗША 20 сакавіка 2006
Аўстралія 23 сакавіка 2006
Еўрапейскі Саюз 24 сакавіка 2006
Расія 23 чэрвеня 2006
PlayStation 3
Сцяг ЗША 20 сакавіка 2007
Аўстралія 26 красавіка 2007
Еўрапейскі Саюз 27 красавіка 2007
Зямля 17 лістапада 2007
Версія 1.2.0416
Апошняя версія
  • 1.2.0416 (30 красавіка 2007)
Жанр Action RPG
Стваральнікі
Кіраўнік Тод Говард
Прадзюсары
Геймдызайнер Кен Ролстан  (руск.)[1]
Праграмісты
Мастак
Кампазітар Джэрэмі Соўл  (руск.)
Тэхнічныя даныя
Платформы PC
PlayStation 3
Xbox 360
Гульнявы рухавік Gamebryo
Рэжым гульні Аднакарыстальніцкі
Мовы інтэрфейсу англійская[2], французская[2], італьянская мова[2], нямецкая[2], іспанская[2] і руская
Носьбіты DVD, DVD-DL, BD, лічбавая дыстрыбуцыя
Сістэмныя
патрабаванні
Гл. ніжэй
Кіраванне Клавіятура і мыш, геймпад
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

The Elder Scrolls IV: Oblivionкамп’ютарная ролевая гульня ў жанры Action RPG з адкрытым светам, распрацаваная амерыканскай кампаніяй Bethesda Game Studios і выдадзеная кампаніямі Bethesda Softworks і 2K Games для Microsoft Windows і Xbox 360 у 2006 годзе і для PlayStation 3 у 2007 годзе. У 2006 годзе таксама была выпушчана гульня для мабільных тэлефонаў, распрацаваная кампаніяй Vir2L Studios.

Гульня з’яўляецца часткай серыі The Elder Scrolls. Яе дзеянне адбываецца ў выдуманай правінцыі Сірадзіл, у сталіцы Тамрыэльскай імперыі — Імперскім горадзе — і яго наваколлях. У адпаведнасці з сюжэтам гульні галоўны герой супрацьстаіць арганізацыі «Міфічны Світанак», якая пакланяецца прынцу даэдра Мерунесу Дагону і якая спрабуе адкрыць у варожы свет дэманаў — Аблівіан (з англ. — «Забыццё»). Як і ў папярэдніх гульнях серыі, свет «Oblivion» цалкам адкрыты для даследавання — гулец можа свабодна падарожнічаць па ім, самастойна знаходзячы цікавыя месцы і заданні.

Распрацоўка Oblivion пачалася ў 2002 году адразу пасля выхаду папярэдняй часткі серыі — Morrowind. Oblivion выкарыстала палепшаны фізічны рухавік Havok і распрацаваную самой студыяй Bethesda сістэму штучнага інтэлекту Radiant AI, якая дазволіла зрабіць паводзіны негульнявых персанажаў нашмат больш складаным і праўдападобным. Ужыванне метадаў працэдурнай генерацыі дазволіла распрацоўнікам паскорыць стварэнне рэалістычных ландшафтаў. У адрозненні ад папярэдніх гульняў серыі, у Oblivion усе дыялогі з негульнявымі персанажамі агучаныя.

Oblivion атрымала захопленыя адзнакі прэсы і шэраг узнагарод ад розных выданняў і арганізацый, у тым ліку ўзнагароду «Гульня года»; асаблівых пахвал ганараваліся графіка, шырокі свет гульні і штучны інтэлект негульнявых персанажаў. Гульня набыла і вялікі камерцыйны поспех — да 2007 года было прададзена звыш 3 мільёнаў копій гульні. Для Oblivion былі выпушчаныя два буйныя афіцыйныя дадаткі: Knights of the Nine («Рыцары Дзевяці») і Shivering Isles («Дрыготкія Астравы»), а таксама восем дробных афіцыйных плагінаў, якія дадаюць новыя лакацыі, квэсты і магчымасці. Выданне The Elder Scrolls IV: Oblivion Game of the Year Edition, якое ўключае абодва дапаўненні, было выдадзена восенню 2007 года.

Дзеянне Oblivion адбываецца пасля падзей The Elder Scrolls III: Morrowind, хоць гульня не з’яўляецца прамым сіквелам да яго або да іншых гульняў серыі[3].

Месцам дзеяння з’яўляецца Сірадзіл, цэнтральная правінцыя Тамрыэля, кантынента, на якім разгортваюцца падзеі ўсіх гульняў серыі.

Гісторыя пачынаецца з таго, што імператар Урыэль Септым VII, які суправаджаецца Клінкамі — сваімі целаахоўнікамі — прыбывае ў турму Імперскага горада, дзе пратаганіст адбывае тэрмін за неназванае злачынства. Імператар і Клінкі бягуць ад забойцаў Міфічнага Світанку, даэдрычнага культу, якія забілі траіх сыноў імператара. Урыэль Септым і Клінкі сыходзяць праз катакомбы, выкарыстоўваючы сакрэтны ўваход у камеры пратаганіста. Там, на іх і на персанажа гульца, нападаюць асасіны Міфічнага Світанка. Імператар давярае герою Амулет Каралёў, які носіцца імператарамі Тамрыэля, і даручае перадаць яго Джофры, грандмайстру Клінкоў. Пасля гэтага адзін з асасінаў забівае імператара. Затым галоўны герой трапляе ў адкрыты свет Сірадзіла.[4]

З-за адсутнасці ва Урыэля Септыма спадчыннікаў руйнуецца бар’ер паміж светам людзей і паралельным светам Аблівіанам. Па ўсім свеце адкрываюцца шматлікія брамы ў Аблівіан, праз якія ў Тамрыэль урываюцца магічныя істоты, званыя Даэдра. Джофры кажа пратаганісту, што адзіны спосаб зачыніць браму назаўжды — гэта знайсці чалавека каралеўскай крыві, які зойме пасаду і запаліць пры дапамозе Амулета Каралёў Драконаў Агонь у Імперскім горадзе. Як высвятляецца, такі чалавек ёсць — Марцін, святар у горадзе Кватч, які з’яўляецца незаконнанароджаным сынам імператара. Прыбыўшы ў Кватч, герой выяўляе, што горад разбураны даэдра, а ўваход у горад заступае брама Аблівіана. Зачыніўшы яе, ён знаходзіць Марціна і пераконвае яго пайсці разам з ім да Джофры ў манастыр Вейнан[4].

Па вяртанні высвятляецца, што манастыр падвергся нападу Міфічнага Світанка і што Амулет Каралёў скрадзены. Пратаганіст суправаджае Джофры і Марціна ў Храм Уладара Аблокаў, крэпасць Клінкоў. Там Марціна прызнаюць імператарам і перадаюць яму камандаванне, а герой адпраўляецца на пошукі амулета. Сабраўшы інфармацыю, ён спрабуе трапіць у таемнае месца збору Міфічнага Світанка. Там ён становіцца сведкам таго, як лідар культу Манкар Камаран збягае з амулетам праз партал. Герой прыносіць адкрыўшую партал кнігу Марціну і высвятляе спосаб зноў яго адкрыць. Для гэтага пратаганісту трэба знайсці даэдрычны артэфакт, даспех першага імператара з дынастыі Сэптымаў і Вялікі Велкіндскі Камень. Атрымаўшы іх, Марцін раскрывае, што апошні неабходны інгрэдыент — гэта Вялікі Сігільскі Камень з Вялікіх Брам, падобных тым, што разбурылі Кватч. Марцін і Джофры вырашаюць дазволіць даэдра атакаваць горад Брума, каб адчыніць браму. Атрымаўшы камень, герой іх зачыняе[4].

Марцін стварае ў храме партал, праз які праходзіць пратаганіст. Мінуўшы монстраў і перашкоды, герой сутыкаецца з Камаранам, забівае яго і вяртае Амулет Марціну. Клінкі адпраўляюцца ў Імперскі горад, каб запаліць Драконаў Агонь і пакласці канец уварванню Даэдра. Яны выяўляюць, што горад атакаваны даэдра і Прынцам Разбурэння, Мерунесам Дагонам. Пратаганіст і Марцін прабіваюцца да Агню. Марцін разбівае амулет, каб злучыцца з духам Акатоша, Дракона-Бога Часу, і стаць яго ўвасабленнем. Пасля бітвы Марцін адпраўляе Дагона назад у Аблівіан і ператвараецца ў статую вялізнага дракона.

Марцін знік, брама Аблівіана зачынена назаўжды, Амулет Каралёў разбураны, а імперскі трон апусцеў. У фінальным маналогу Марцін апісвае падзеі ў аптымістычным тоне і кажа, што будучыня Тамрыэля цяпер у руках галоўнага героя[4].

Сістэмныя патрабаванні
Мінімальныя Рэкамендаваныя
Microsoft Windows
Аперацыйная сістэма Windows XP, Windows Vista, Windows 7[5]
Цэнтральны працэсар Intel Pentium 4 2.0 ГГц або любы іншы эквівалентны працэсар[5]
Intel Pentium 4 3.0 ГГц або любы іншы эквівалентны працэсар[5]
Аб'ём аператыўнай памяці 512 МБ[5]
1 ГБ[5]
Аб'ём свабоднага месца на цвёрдым дыску 4,6 ГБ вольнага месца на цвёрдым дыску (5,8 ГБ с афіцыйнымі дадаткамі)[5]
Графічны працэсар 128 МБ Direct3D сумяшчальная відэакарта і DirectX 9.0 сумяшчальны драйвер[5]
ATI Radeon X800, NVIDIA GeForce 6800 або лепш[5]
Гукавая плата DirectX 8.1 сумяшчальная гукавая плата[5]
100 % DirectX 9.0c сумяшчальная гукавая плата[5]

Праца над The Elder Scrolls IV: Oblivion пачалася ў 2002 годзе адразу пасля выхаду папярэдняй гульні серыі — The Elder Scrolls III: Morrowind[6], а ў сярэдзіне верасня 2004 гульня была афіцыйна анансаваная[6]. Гульня распрацоўвалася амерыканскай кампаніяй Bethesda Softworks. Кен Ролстан — галоўны дызайнер папярэдняй гульні серыі — узначаліў каманду распрацоўшчыкаў[1]. 3 лютага 2005 года Bethesda заключыла пагадненне з Take-Two Interactive аб публікацыі і выхадзе Oblivion. Згодна з умовамі пагаднення, Bethesda захоўвае поўны кантроль над распрацоўкай гульні і правы на выхад магчымых сіквелаў, а Take-Two будзе выдаваць гульню сваёй даччынай кампаніяй, [2K Games]. У выніку, версіі для PC і Xbox 360 былі сумесна апублікаваны 2K Games і Bethesda[7].

Афіцыйная дата выхаду версій для PC і Xbox першапачаткова была прызначаная на 22 лістапада 2005 года, але распрацоўшчыкі адклалі выхад да 21 сакавіка 2006 года[8].

Версія для PlayStation 3 (партаваная 2K Studios) выйшла 20 сакавіка 2007 у Паўночнай Амерыцы[9] і 27 красавіка 2007 у Еўропе[10].

Xbox 360 была абраная асноўнай гульнявой платформай для Oblivion, як «самая лёгкая для распрацоўкі», паводле слоў Піта Хайнса[11]. Падчас распрацоўкі The Elder Scrolls IV: Oblivion Bethesda надавала большую ўвагу такім элементам, як больш рэалістычная сюжэтная лінія, рэалістычныя персанажы і больш значныя квэсты. Распрацоўшчыкі вырашылі стварыць з нуля зусім новы гульнявы рухавік, які дазваляе выкарыстоўваць усе сучасныя графічныя тэхналогіі. Гульня ўключае палепшаны штучны інтэлект Radiant AI, закліканы разнастаіць паводзіны герояў[12], і, ідучы па шляху Half-Life 2, фізічны рухавік Havok[13]. Графіка гульні была ўражальнай для свайго часу, выкарыстоўваючы высокатэхналагічныя асвятленне і шэйдары, якія дазваляюць выкарыстоўваць эфекты HDR і адлюстравання[14]. Для праектавання гульнявога ландшафту Bethesda стварыла спецыяльныя праграмы-генератары, здольныя навучацца, якія паскорылі працэс стварэння гульнявых тэрыторый, больш разнастайных і рэалістычных, у адрозненні ад папярэдніх гульняў серыі.

  1. а б в г д The Elder Scrolls IV: Oblivion (2006) Windows credits. MobyGames. Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 3 ліпеня 2011.
  2. а б в г д Steam — 2003. Праверана 1 красавіка 2022.
  3. The Elder Scrolls IV: Oblivion Q&A – Overview, Character Development, Fallout. GameSpot (28 кастрычніка 2004). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2014. Праверана 26 мая 2007.
  4. а б в г Bethesda Softworks. Elder Scrolls IV: Oblivion Official Game Guide (англ.). — Prima Games, 2006. — С. 77—133. — ISBN 0761552766.
  5. а б в г д е ё ж з і Adams, David. IGN: Oblivion Specs Revealed. IGN (1 лютага 2006). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 6 кастрычніка 2007.
  6. а б Thorsen, Tor. Elder Scrolls IV coming to PC, next-gen (англ.). GameSpot (10 верасня 2004). Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2018. Праверана 26 мая 2007.
  7. Thorsen, Tor. Take-Two to copublish Elder Scrolls IV, Cthulhu (англ.). GameSpot (3 лютага 2005). Архівавана з першакрыніцы 21 лістапада 2018. Праверана 26 мая 2007.
  8. Thorsen, Tor. Elder Scrolls IV missing Xbox 360 launch. GameSpot (31 кастрычніка 2005). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2007. Праверана 26 мая 2007.
    Valerias. Oblivion: Release Date Dramas (англ.). GameSpy (10 снежня 2005). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 27 мая 2007.
  9. Bethesda Confirms Oblivion PS3 Shipping (англ.). Gamasutra (19 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 26 чэрвеня 2007.
  10. Bishop, Stuart. Oblivion misses Euro PS3 launch (англ.). Computer and Video Games (19 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 3 жніўня 2007.
    Boyes, Emma. Top titles to miss Euro PS3 launch (англ.). GameSpot (20 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2007. Праверана 3 жніўня 2007.
  11. Gibson, Ellie. Scrolling Up (англ.). GamesIndustry.biz (20 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2008. Праверана 16 ліпеня 2011.
  12. Houghton, Mat. Developers Corner: The Elder Scrolls IV: Oblivion (англ.). Game Chronicles. Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 11 жніўня 2007.
  13. Shuman, Sid. Living in Oblivion (англ.). games.net (23 мая 2006). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 2 чэрвеня 2007.
  14. dela Fuente, Derek. Elder Scrolls IV: Oblivion – Q&A (англ.). TVG (20 ліпеня 2005). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 2 чэрвеня 2007.