Анаталійская гіпотэза
Анаталі́йская гіпотэза прарадзімы індаеўрапейцаў ў Малой Азіі склалася к канцу 1980-х гг. і з’яўляецца асноўным канкурэнтам курганнай гіпотэзы ў навуковай супольнасці.
Фарміраванне гіпотэзы
[правіць | правіць зыходнік]Паняцце анаталійская гіпотэза з’явілася пасля публікацыі кнігі «Археалогія і мова. Загадка індаеўрапейскага паходжання» брытанскага археолага Коліна Рэнфру ў 1987 г. Аднак яна пачала складвацца значна раней. Упершыню на Малую Азію як першаснае месца нараджэння індаеўрапейцаў паказаў нямецкі натураліст Іаган Генрых Фрыдрых Лінк у 1822 г. На аснове параўнання санскрыта з іншымі індаеўрапейскімі мовамі ён вырашыў, што прарадзіма індаеўрапейцаў павінна была знаходзіцца ў вобласці прыручэння раслін і жывёл. У другой палове XX ст. цікавасць да рэгіёна Малой Азіі адрадзілася ў шэрагах лінгвістаў пад уплывам метада глотахраналогіі і крытыкі папярэдніх поглядаў, якія адносілі з’яўленне індаеўрапейскіх моў да 4—3 тысячагоддзяў да н. э. Ускосны ўнёсак быў зроблены тымі даследчыкамі, хто атаесамляў рэгіён узнікнення індаеўрапейскіх моў з першымі еўрапейскімі неалітычнымі культурамі Балканскага паўвострава.
У 1984 г. савецкімі лінгвістамі Тамазам Гамкрэлідзэ і Вячаславам Івановым была высунута так званая армянская гіпотэза, якая лакалізавала прарадзіму індаеўрапейцаў на поўначы Месапатаміі і Закаўказзі. Найбольш ранні рух індаеўрапейцаў яны звязвалі з носьбітамі анаталійскай дыялектнай групы, што паступова распаўсюдзіліся ў заходнім кірунку[2]. Армянская гіпотэза будавалася на параўнанні старажытных моў, але амаль не падмацоўвалася з боку археалагічных дадзеных.
Анаталійская гіпотэза Коліна Рэнфру актуалізавала глотахраналагічныя даследаванні і ў некаторай ступені прымірала балканскую і армянскую гіпотэзы. Ён сцвярджаў:
- Продкі індаеўрапейцаў насялялі Малую Азію і мелі дачыненне да ўзнікнення там ранніх сельскагаспадарчых культур
- Каля 6500 г. да н. э. даіндаеўрапейская мова распалася на протаіндаеўрапейскую і анаталійскую
- Носьбіты протаіндаеўрапейскай мовы ў неаліце мігрыравалі ў вобласць Дуная, дзе стварылі Старчава-Крышскую культуру і культуру лінейна-стужкавай керамікі
- Каля 5000 г. да н. э. у Еўропе адбыўся падзел протаіндаеўрапейскай мовы на заходнюю і ўсходнюю галіны. Першая з’яўляецца продкам большасці моў сучаснай Заходняй Еўропы. Другая дала пачатак тахарскім мовам.
Дыскусіі
[правіць | правіць зыходнік]Генетычныя даследаванні, якія праводзіліся з канца XX ст. у большасці падтрымалі курганную гіпотэзу паходжання індаеўрапейцаў[3]. Аднак у 2003 г. лінгвісты Расэл Грэй і Квенцін Аткінсан заявілі, што генетыка дае непераканаўчыя вынікі. Замест гэтага яны ўжылі тэарэму Баеса для разліку часу фарміравання індаеўрапейскіх моў і прыйшлі да высновы, што тыя ўзніклі ў 9 тысячагоддзі да н. э.[4] Хаця іх разлікі не паказвалі пэўную геаграфічную прастору ўзнікнення, даследчыкі падтрымалі анаталійскую гіпотэзу. У адказ на крытыку з боку прыхільнікаў курганнай гіпотэзы, Расэл Грэй, Квенцін Аткінсан, а таксама іх паслядоўнікі ўжылі іншыя статыстычныя мадэлі разлікаў і прыйшлі да папярэдніх высноў. Такім чынам, сучасная дыскусія будуецца на супрацьпастаўленні генетычных і лінгвістычных прыёмаў даследавання.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Gray RD, Atkinson QD. Language-tree divergence times support the Anatolian theory of Indo-European origin. Nature. 2003 Nov 27;426(6965):435-9
- ↑ Загорульский 2012, с. 67—71.
- ↑ Гл.: Anthony, D. Archaeology, Genetics, and Language in the Steppes: A Comment on Bomhard; Mathieson, I., Lazaridis, I., Rohland, N. et al. Genome-wide patterns of selection in 230 ancient Eurasians. Nature 528, 499—503 (2015); Malmström, H., Günther, T., Svensson, E. M., Juras, A., Fraser, M., Munters, A. R., Pospieszny, Ł., Tõrv, M., Lindström, J., Götherström, A., Storå, J., & Jakobsson, M. (2019). The genomic ancestry of the Scandinavian Battle Axe Culture people and their relation to the broader Corded Ware horizon. Proceedings. Biological sciences, 286; Genetic study revives debate on origin and expansion of Indo-European languages in Europe
- ↑ Russell D. Gray & Quentin D. Atkinson, Language tree divergence times support the Anatolian theory of Indo-European origin
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Загорульский, Э.М. Славяне: происхождение и расселение на территории Беларуси Архівавана 22 лютага 2022. — Минск: БГУ, 2012 ISBN 978-985-518-772-2
- Pereltsvaig, A. The Indo-European Controversy / Asya Pereltsvaig, Martin W. Lewis — Cambridge University Press, 2015 ISBN 9781107294332