Арабскае заваяванне Паўночнай Афрыкі
Заваяванне Амеядамі Паўночнай Афрыкі працягнула стогадовую арабскую экспансію, якая пачалася пасля смерці Мухамеда ў 632 годзе. У 640 годзе арабы кіравалі Месапатаміяй, уварваліся ў Арменію, і завяршылі заваяванне Візантыйскай Сірыі. Дамаск стаў сталіцай Арабскага халіфата. Да канца 641 года ўвесь Егіпет быў пад уладай арабаў. Тады, са знішчэннем персідскай арміі ў бітве пры Нехавендзе ў 642 годзе, заваяванне Сасанідскай імперыі было па сутнасці скончана.
Падчас дванаццацігадовага кіравання ў Дамаску халіфа Усмана да Ісламскай імперыі былі далучаны Арменія, Кіпр, увесь Іран. Падвергліся ўварванню Афганістан і Паўночная Афрыка. Быў створаны вялікі флот, які патруляваў берагі ад вострава Родаса да паўднёвых узбярэжжаў Пірэнейскага паўвострава.
Першае ўварванне
[правіць | правіць зыходнік]Першае афіцыйна арганізаванае Халіфатам уварванне ў Паўночную Афрыку было распачата ў 647 годзе. 20 000 арабаў, якія выйшлі з Медзіны, злучыліся ў Мемфісе (Егіпет) з яшчэ 20 000 воінаў. Камандаваў арабамі шэйх Абдулах ібн Саад. Карфагенскі экзарх Грыгорый, абвясціў незалежнасць свайго экзархата ад Візантыйскай імперыі. Ён сабраў войскі і ўступіў у бой з мусульманамі. Але ён быў разбіты ў бітве пры Суфетуле (горад за 220 км на поўдзень ад Карфагена). З гібеллю Грыгорыя ўвесь Егіпет падпарадкаваўся Халіфату і плаціў даніну арабам. Мусульмане неўзабаве зрабілі гэту тэрыторыю сваім васалам. Кампанія доўжылася яшчэ пятнаццаць месяцаў, але ў 648 годзе войска Абдулаха вярнулася ў Егіпет.
Ва ўсіх мусульманскіх уладаннях хутка пачалася грамадзянская вайна, выкліканая кланавай міжусобіцай у арабскай эліце. Вайна прывяла да забойства халіфа Усмана ў 656 годзе. На змену яму прыйшоў Алі ібн Абу Таліб, які таксама быў забіты ў 661 годзе.
Другое ўварванне
[правіць | правіць зыходнік]Пасля грамадзянскай вайны арабы працягнулі заваяванні ў Паўночнай Афрыцы. У 665 годзе пачалося новае ваеннае ўварванне ў Афрыканскі экзархат. У 689 годзе новая паўночнаафрыканская ваенная кампанія была скончана. Армія візантыйскіх грэкаў (30 000 салдат) была пераможана падчас гэтай кампаніі. Да 40 000 мусульман, якія распачалі гэту вайну, неўзабаве прыбылі яшчэ 10 000 арабаў на чале з арабскім военачальнікам Укбой ібн Нафі. Армія, якая выйшла з Дамаска, прайшла амаль усю Паўночную Афрыку. У 670 годзе заснаваны арабамі горад Кайруан (сучасны Туніс) быў перабудаваны, стаў моцнай крэпасцю і асновай для далейшых ваенных дзеянняў. Гэты горад стаў сталіцай Ісламскай вобласці Іфрыкіі (арабская назва Туніса). Горад-крэпасць абараняў прыбярэжныя раёны таго, што з'яўляецца сёння Заходняй Лівіяй, Тунісам, і Усходнім Алжырам. Пасля заснавання Кайруана арабы зноў працягнулі заваяванне Магрыба (так называлі арабы паўночна-заходнюю Афрыку). Падчас заваявання Магрыба Укба ібн Нафі захапіў прыбярэжны горад Буджыя і дайшоў да Танжэра. Абодва гарады калісьці ўваходзілі ў склад рымскай Маўрэтаніі.
Але Укба не здолеў доўга ўтрымліваць заваяваныя землі. У тыле яго арміі ўспыхнула паўстанне. Неўзабаве яго адклікалі назад разам з яго войскам на прыгнечанне гэтага паўстання. У адной з бітваў супраць грэка-афрыканскіх мяцежнікаў Укба ібн Нафі загінуў. На яго месца прыйшоў новы палкаводзец Зухайр ібн Кайс. Ён дасягнуў шэрагу істотных поспехаў, але таксама загінуў у барацьбе з мяцежнікамі. Канстанцінопаль да таго часу ўжо паспеў паслаць у Афрыку вялікае войска.
Супраціўленне бербераў арабскім заваёўнікам узначальваў кіраўнік племя аўрэба Касейла, а пасля яго гібелі — легендарная царыца Кахіна. Яна ваявала з арабамі да 703 года і загінула ў бітве.
Тым часам новая грамадзянская вайна ўспыхнула ў Аравіі і Сірыі. Заваявальныя паходы арабаў ізноў былі спынены.
Трэцяе ўварванне
[правіць | правіць зыходнік]Новае заваяванне Паўночнай Афрыкі пачалося з паўторнага ўзяцця арабамі пад камандаваннем Хасана ібн аль-Нуманы гарадоў Іфрыкіі. Але Візантыйская імперыя хутка перакінула войскі з Канстанцінопаля. Да візантыйцаў далучыліся салдаты з Сіцыліі і моцны кантынгент вестготаў з рымскай Іспаніі. Гэта вымусіла арабскую армію адступіць да Кайруана. Наступнай вясной арабы распачалі новыя наступы. Неўзабаве яны разбілі візантыйцаў і іх саюзнікаў у бітве пры Карфагене. У 698 годзе арабы ўвайшлі ў Карфаген. Яго камяні паслужылі матэрыялам для будаўніцтва горада Туніса. Іншы бой вёўся каля Утыкі, і арабы зноў перамаглі, вымусіўшы візантыйцаў пакінуць Паўночную Афрыку. У пачатку VIII стагоддзя арабы захапілі амаль усю Паўночную Афрыку і ў далейшым гэтыя землі былі падзелены на тры вобласці: Егіпет з цэнтрам у Фустаце, Магрыб (сучасныя Марока і Алжыр) з намеснікам у Фесе і Іфрыкія з цэнтрам у Кайруане.
Муса ібн Нусайр, які змяніў Хасана ібн аль Нуманы, быў таленавітым адміністратарам і военачальнікам. Ён заняўся заваяваннем зямель Далёкага Магрыба і распаўсюджваннем ісламу сярод бербераў у заваяваных землях. Падчас паходаў на бербераў Муса і два ягоныя сыны захапілі 300 000 палонных. Амаль усе палонныя былі прададзены ў рабства і даходы ад іх продажу паступілі ў цывільнае казначэйства. Яшчэ 30 000 палонных былі прымушаны несці вайсковую службу. Муса таксама вымушаны быў адбіваць частыя набегі візантыйскага флоту. Для барацьбы з ім Муса пабудаваў уласны флот. Прасоўваючыся ўглыб Магрыба, яго войскі ўзялі Танжэр у 709 годзе.
Завяршэнне заваявання
[правіць | правіць зыходнік]Да 709 года ўся Паўночная Афрыка знаходзілася пад кантролем Арабскага халіфата. Адзіным выключэннем быў горад Сеўта. Заваяванне Паўночнай Афрыкі дазволіла арабам падрыхтаваць плацдарм для нападу на Іспанію. Некалькі гадоў Муса ваеннымі і дыпламатычнымі спосабамі падрыхтоўваў гэта ўварванне. У 711 годзе берберскі палкаводзец Тарык ібн Зіяд быў адпраўлены Мусой для заваявання Іспаніі.
У адрозненне ад шматлікіх іншых заваяваных тэрыторый арабы змаглі абгрунтавацца ў Паўночнай Афрыцы, дзе яны дагэтуль складаюць большасць насельніцтва.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Арабскае заваяванне Паўночнай Афрыкі